Мінгарвыканкам дазволіў шэсце ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Лошыцы
КХП-БНФ атрымала афіцыйны дазвол Мінгарвыканкаму на акцыю ў Лошыцкім яры 4 лістапада ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, паведаміла Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Выконваючы абавязкі старшыні КХП-БНФ у Беларусі Юрась Беленькі распавёў, што мінскія ўлады задаволілі заяўку цалкам. Дазволеная колькасць удзельнікаў акцыі — да 500 чалавек.
Удзельнікі збірацьмуцца з 12.00 да 12.30 на пляцоўцы каля будынку Мінскага гарадскога палацу культуры (вул. Маякоўскага, 129). З 12.30 да 13.00 адбудзецца дэманстрацыя ходнікамі вуліцы Маякоўскага да памятнага крыжа ў Лошыцкім яры. Час правядзення мітынгу — да 15.00.
Паводле гісторыкаў, у 1930-х гадах на так званай Белай дачы ў Лошыцкім яры размяшчалася спецкаманда НКВД, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Тут жа іх расстрэльвалі.
Хаду і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзяць праз тыдзень пасля акцыі ў Курапатах. Сёлета яна адбылася 28 кастрычніка.