Латвія папросіць ЕС абмежаваць увоз катоў і сабак з Беларусі і Расіі
Генеральны дырэктар Харчова-ветэрынарнай службы Латвіі (PVD) Марыс Балодзіс будзе прасіць Еўракамісію ўвесці абмежаванні на камерцыйны ўвоз катоў і сабак з Расіі і Беларусі. Прычына не ў санкцыях супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а ў падробленых санітарных сертыфікатах.
У апошні час праз Латвію ў ЕС з трэціх краін увозіцца мноства катоў і сабак, нярэдка з парушэннямі ў суправаджальных дакументах, што выклікае асцярогі за сапраўдны стан здароўя жывёл і стварае рызыку распаўсюджвання шаленства, піша АФН са спасылкай на BNS.
PVD ужо зрабіла больш жорсткім кантроль камерцыйных паставак сабак і катоў на знешняй мяжы ЕС. У жывёл бяруць кроў, каб пераканацца, што яны сапраўды прышчэплены ад шаленства. У шасці з чатырнаццаці даследаваных узораў узровень антыцел у крыві жывёл быў недастатковы для абароны ад шаленства.
Ва ўсіх выпадках гэта былі сабакі з Беларусі і Расіі з ветэрынарнымі сертыфікатамі, выдадзенымі ў Беларусі, і пашпартамі, выдадзенымі ў Расіі. Заказчыкамі гэтых сабак пазначаны людзі з розных краін ЕС, а таксама нямецкія прытулкі для жывёл.
Для Латвіі шаленства можа сапраўды стаць праблемай, паколькі краіна цалкам зжыла гэтае захворванне. Дзякуючы сістэматычнай вакцынацыі дзікіх жывёл, якая праводзілася з 2005 года, шаленства ў Латвіі ўдалося выкараніць. Апошні выпадак шаленства сярод лясных жывёл быў канстатаваны ў 2010 годзе, а ў хатніх жывёл — у 2012 годзе.
У той жа час у сістэме Еўракамісіі па барацьбе з харчовым махлярствам ужо ёсць даныя аб некалькіх выпадках, калі адрасы заказчыкаў у Італіі, Бельгіі, Францыі, названыя ў суправаджальных дакументах на жывёл, аказваліся фальшывымі ці ўвогуле неіснуючымі. Гэта выклікае падазрэнні, што насамрэч жывёл адпраўляюць зусім у іншыя краіны. З пачатку года Латвія падрыхтавала 15 справаздач аб парушэннях.
З Расіі і Беларусі праз латвійскую мяжу ў розныя краіны Еўропы штомесяц увозяць больш за 1000 катоў і сабак, пры гэтым Латвія за дзевяць месяцаў гэтага года была пунктам прызначэння толькі для 38 жывёл.
Лабараторыя навуковага інстытута BIOR (адзіная ў Латвіі лабараторыя, якая робіць тэсты на антыцелы супраць шаленства) рэгулярна атрымлівае з краін ЕС запыты аб сапраўднасці сертыфікатаў, нібыта выдадзеных BIOR. Усе гэтыя сертыфікаты звязаны з увозам сабак і катоў з трэціх краін, і большасць з іх аказаліся падробленымі.