Лельчыцы. Бяроза. астравец. Шаркаўшчына

Лельчыцы. Як лячылі апазіцыянера

Сябра АГП Мікалай Гаўрыленка напісаў заяву на імя начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя, у якім прыводзіць факты яго пераследу мясцовымі ўладамі за грамадскую дзейнасць нават у лякарні і просіць правядзення афіцыйнай праверкі.

2 красавіка Мікалай Гаўрыленка быў змешчаны ў тэрапеўтычнае аддзяленне Лельчыцкай лякарні са скаргамі на сардэчны боль.

Лельчыцы. Як лячылі апазіцыянера
Сябра АГП Мікалай Гаўрыленка напісаў заяву на імя начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя, у якім прыводзіць факты яго пераследу мясцовымі ўладамі за грамадскую дзейнасць нават у лякарні і просіць правядзення афіцыйнай праверкі.
2 красавіка Мікалай Гаўрыленка быў змешчаны ў тэрапеўтычнае аддзяленне Лельчыцкай лякарні са скаргамі на сардэчны боль.
Ужо ранкам 5 красавіка адзін з хворых яму распавядаў, што напярэдадні 4 красавіка ў 20 гадзін у лякарні адбыўся сход медыкаў і пацыентаў, які зладзілі прадстаўнікі райвыканкама. Апошнія распавядалі пра амаральныя і нават злачынныя дзеянні Гаўрыленкі. Казалі, што ён збівае жонку, састарэлую маці, за якой даглядае.
На наступны дзень большасць хворых і персаналу сталі адмоўна ставіцца да Гаўрыленкі. Некаторыя называлі яго «фашыстам». Таму 7 красавіка Мікалай Гаўрыленка быў вымушаны датэрмінова спыніць лячэнне.
Бяроза. Найперш творчасць сваіх
У год Роднай Зямлі мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей актыўна прапагандуе творчасць мастакоў — ураджэнцаў Бярозаўшчыны, якія ў сваіх творах паказваюць гісторыю, сучаснасць і прыроду краю.
«Вобразы роднага краю» — так называецца персанальная выстава работ сябра Саюза мастакоў Беларусі С. І. Казака, якая адкрыта ў «Галерэі мастацтваў». Ураджэнец вёскі Рэвяцічы стаў першым прафесійным мастаком Бярозаўшчыны, за якім пацягнуліся іншыя прафесійныя людзі. Землякі на яго палотнах пазнаюць царкву ў Рэвяцічах, катрузманскі манастыр у Бярозе, касцёл Пуслоўскіх у Песках, раку Ясельду і многія іншыя месцы гэтага краю.
Астравец. Дыскусія не атрымалася
Астравецкі райвыканкам адмовіў прадстаўнікам грамадскай ініцыятывы «Астравецкая атамная — гэта злачынства» ў прадстаўленні кінатэатра «Астравец», дзе 24 красавіка планавалася правесці дыскусію наконт пабудовы АЭС.
Да ўдзелу ў дыскусіі запрашаліся навукоўцы, чыноўнікі, журналісты. Па дазвол актывісты звярталіся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея і старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Адказалі толькі мясцовыя ўлады: у памяшканні кінатэатра ў гэты час адбудуцца святочныя мерапрыемствы.
Шаркаўшчына. БРСМ доіць кароў
Мясцовае аддзяленне БРСМ праявіла ініцыятыву — стварыла клуб маладых аператараў машыннага даення.
Пра гэта можна даведацца на сайце АА БРСМ, дзе паведамляецца, што ў клуба ёсць статут, дзе вызначаны мэты і задачы. Адна з іх — «папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і сельскагаспадарчых прафесій». «Моладзь пакалення next даказвае справамі, што будучае нашай дзяржавы ў надзейных руках», — падкрэсліваецца ў паведамленні аб стварэнні клуба.
Памежжа. Выезд будзе спрошчаны
У хуткім часе жыхары дзевяці беларускіх гарадоў: Гродна, Ліды, Астраўца, Ашмян, Смаргоні, Шчучына, Мядзела, Паставаў і Браслава, што ўваходзяць у памежную зону з Літвой, змогуць перасякаць мяжу па спрошчанай схеме.
Пра гэта заявіў прэс-аташэ амбасады РБ у Вільні. Акрамя буйных гарадоў у памежную зону ўключаны асобныя зоны па сельсаветах.
Зону спрошчанага пераходу плануецца ўвесці для жыхароў Беларусі і Літвы. Яна распаўсюджваецца на 50 кіламетраў па абодва бакі мяжы. Згодна слоў прэс-аташэ, неўзабаве чакаецца чарговы раунд беларуска-літоўскіх перамоў па гэтаму пытанню.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка