Ліцэісты пазнаёміліся з гістарычнай тапаграфіяй Курапатаў (фотарэпартаж)

23 кастрычніка з гістарычнай тапаграфіяй Курапатаў пазнаёміліся навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які з 2003 года працуе ў Беларусі неафіцыйна.

kurapaty_ekskursija_23.10.16_10_logo.jpg


У экскурсіі, арганізаванай ліцэем разам з грамадзянскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў”, узялі ўдзел каля 20 чалавек, у тым ліку сябры аргкамітэту адкрытага грамадскага творчага конкурсу “Курапаты — народны мемарыял” географ і бард Аляксей Галіч, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў




Удзельнікі вандроўкі пазнаёміліся з новаадкрытымі фактамі з мінулага лесу Брод (гістарычная назва бору на поўдзень ад дарогі Заслаўе—Калодзішчы. — М.Г.) як месца масавых палітычных рэпрэсіяў 1930–1940-х гадоў, у тым ліку з трасай той часткі былой “Дарогі смерці” праз урочышча, па якой бязвінных людзей у “чорных варанках” і бартавых грузавіках вазілі з Мінска на расстрэл, з месцам, дзе ў маі 1988 года з дапамогай вучняў Мінскай СШ №171 была адкрытая таямніца старога лесу, з магільнай западзінай, дзе былі ідэнтыфікаваныя парэшткі трох ахвяраў сталінізму — Моўшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама — вязняў Гродзенскага астрогу, забітых НКВД у Бродзе летам-восенню 1940 года, а таксама з самай вялікай у лясным масіве магільнай западзінай памерам 7,5 на 5,3 метра, дзе ў 1998 годзе былі паднятыя парэшткі не менш за 373 чалавек са звязанымі рукамі, у тым ліку 19 жанчын — жыхароў БССР, забітых позняй восенню 1938 — зімой 1939 гадоў. 



kurapaty_ekskursija_23.10.16_2_logo.jpg



Ліцэісты даведаліся пра гісторыю тапоніму “Курапаты”. Як распавялі сведкі — старажылы вёскі Цна-Ёдкава, у тым ліку Мікола Няхайчык 1930 г.н. і  Аркадзь Пацяршук 1935 г.н., традыцыйна Курапатамі мясцовыя жыхары называлі падковападобнае ўзвышша, што напрыканцы 1930-х — на пачатку 1940-х гадоў было ў большасці ўзаранае, часткова зарослае хмызняком, і месцілася ля самага лесу Брод — на паўночны ўсход ад яго. Пасля Другой сусветнай вайны гэтае раней “лысае” ўзвышша пад назвай Курапаты было засаджана лесам і стала часткай урочышча Брод. Пасля ж адкрыцця ў 1988 годзе ў гэтым глухім бары месца масавых забойстваў ахвяраў сталінізму Курапатамі сталі называць менавіта тую частку Броду, дзе адбывалася жудасная трагедыя.        

 

29 кастрычніка адзначаецца Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі ў гонар тых больш за 100 прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі — пісьменнікаў, навукоўцаў і дзяржаўных дзеячаў, хто быў забіты 29 кастрычніка 1937 году ў сутарэннях унутранай турмы НКВД "Амерыканкі". Не выключана, што парэшткі гэтых бязвінных людзей ляжаць у Курапатах.

 

kurapaty_ekskursija_23.10.16_9_logo.jpg

Паколькі ў радаводзе амаль кожнага беларуса ёсць ахвяры сталінізму, у звязку з экскурсіяй у народны мемарыял ліцэістам было прапанавана напісаць эсэ на тэму "Ахвяры сталінізму сярод маіх продкаў".

Гэтыя творы маладых людзей мяркуецца ўключыць у II дакументальна-мастацкую выставу "Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні", адкрыццё якой запланаванае ў Мінску напрыканцы года. Прычым эсэ ліцэістаў будуць прадстаўленыя на выставе у межах вынікаў першага этапу конкурсу "Курапаты — народны мемарыял".

 

kurapaty_ekskursija_23.10.16_5_logo.jpg

Экскурсія з’яўляецца трэцяй па гэтай тэматыцы, што адбыліся з 15 верасня ва ўрочышчы для ўдзельнікаў конкурсу, каб дапамагчы ім глыбей асэнсаваць гісторыю ўрочышча і натхніць на стварэнне новых мастацкіх вобразаў, што вельмі важна ў справе ўшанавання памяці ахвяраў таталітарызму.

 

У першых дзвюх вандроўках узялі ўдзел каля 45 чалавек, у тым ліку сябры суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”, эксперты з Польшчы і Чэхіі, а таксама вядомыя творцы і грамадскія дзеячы — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолагі Валянціна Вяргей і Мікола Крывальцэвіч, паэт Сяргей Законнікаў, мастакі Аляксей Марачкін, Эдуард Агуновіч і Генадзь Драздоў, культуролаг Вацлаў Арэшка, філолаг Вінцук Вячорка, педагог і кінарэжысёр, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас, сябра Хрысціянскай злучнасці “Курапаты” Уладзімер Юхо, журналісты Галіна Абакунчык, Святлана Кліменценка, Максім Клімковіч  і Генадзь Барбарыч


kurapaty_ekskursija_23.10.16_3_logo.jpg

 

Нагадаем, што на конкурс “Курапаты — народны мемарыял” на мэйл kurapaty@bielarus.by прымаюцца працы ў наступных намінацыях: архітэктурны праект, архітэктурна-ландшафтны праект, скульптура, жывапіс, графіка, арт-аб'ект, фатаграфіка, відэаінсталяцыя, літаратура, музыка, тэатр і кіно.

 

Больш падрабязна з умовамі творчага спаборніцтва можна пазнаёміцца на сайце www.vytoki.net