Лобатамія Хашчавацкага

Дакументальны фільм «Лобатамія», зняты Юрыем Хашчавацкім, двойчы ўганаравалі на XXI Міжнародным кінафестывалі «Arsenals» у Рызе.

Імпрэза праходзіла 10–18 верасня. У катэгорыі дакументальных фільмаў змагаліся 26 стужак. Фільм паводле сцэнара і ў рэжысуры выбітнага беларускага дакументаліста Юрыя Хашчавацкага ўзнагародзілі двума прызамі: «за найлепшы балтыйскі фільм» і спецыяльнай узнагародаю фірмы «Nikon».

«Лобатамія» паказвае жахлівую палітыку «братняй краіны» ў дачыненні сваіх суседзяў. На прыкладзе гучных канфліктаў апошніх гадоў, між іншага, расійска-грузінскай вайны, аўтар паказвае, што ў сучасным свеце скальпель у руках хірурга замянілі сродкі масавай інфармацыі, а ў ролі псіхіятраў выступаюць палітыкі.
«Лобатамія» — гэта ўнікальныя кадры расійска-грузінскага канфлікту 2008 года, якія аўтар атрымаў з МЗС Грузіі. Такою жнівеньская вайна засталася ў памяці грузінскага народу. Аўтар супастаўляе гэтыя здымкі з тым, што бачылі на экранах сваіх тэлевізараў гледачы ў Расіі. У стужцы Хашчавацкі спрабуе зразумець, чаму жыхары постсавецкіх краінаў гэтак лёгка паддаюцца маніпуляцыям з боку медыяў.
Найменне фільму паходзіць ад назвы нейрахірургічнай аперацыі, падчас якой разразаюць нервовыя валокны, што лучаць лобныя долі мозгу са структурамі прамежкавага мозгу. Яе мэта — зменшыць эмацыйныя працэсы, якімі звычайна суправаджаюцца думанне і ўзгадванне. Адзін з асноўных пабочных эфектаў лобатаміі — пацыент губляе пачуццё, што ён той самы чалавек, якім быў учора і будзе заўтра.
Дакументальная стужка «Лобатамія» паўстала ў 2010 годзе ў супрацы чатырох партнёраў: «Baltic Film Production» (Эстонія), «Free Pro Video Institute» (Германія), «Bramafilm» (Беларусь) і тэлеканалу «Белсат» пры падтрыманні «Jan Vrijman Foundation» і «Open Estonia Foundation».
Раней гэты дакументальны фільм ўганаравалі на кінафестывалі «Cronograf» у Кішынёве, і таксама двума прызамі. У малдаўскай сталіцы «Лобатамія» атрымала прыз глядацкіх сімпатыяў і спецыяльную ўзнагароду журы за «экспрэсіўнасць аўтара і ягонае грамадзянскае сумленне».
Паводле Белсат ТВ