Лукашэнка спадзяецца праз Ватыкан прарубіць акно на Захад?
Лукашэнка павіншаваў Папу Рымскага Францішка з 10-й гадавінай урачыстага пачатку пантыфікату. Які інтарэс выклікае рытуал? Ніякага, калі не лічыць аднаго сказа, прадумана кінутага беларускім рэжымам у адрас Папы: «У многім нашы погляды супадаюць». Ці сапраўды гэта так?
Тэарэтычна, Ватыкан, пры пэўных умовах, мог бы пагадзіцца паспрыяць узнаўленню кантактаў рэжыму з Захадам. І рэжым, пэўна, скарыстаўся нагодай, каб нагадаць пра сябе і падтрымаць адзін з каналаў камунікацыі, лічыць акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі.
— Лукашэнка ў аднабаковым парадку вызначыў падабенства сваіх поглядаў з пазіцыяй Папы Рымскага Францішка. Напрыклад, Лукашэнка кажа пра «неабходнасць шчырага пошуку міру ва Украіне», пра «глыбокае пераасэнсаванне існуючых адносін у глабальнай палітыцы», пра тое, што «ўвесь свет — гэта брацкія сувязі, заснаваныя на прабачэнні, яднанні, прымірэнні, а не на прыгнёце, паглынанні і навязванні сваіх поглядаў». Як рыторыка Лукашэнкі стасуецца з дзеяннямі? Ці існуюць рэальныя кропкі судакранання ў падыходах Мінска і Ватыкана?
— Віншаванні лідараў іншых краін з розных нагод — гэта дыпламатычны рытуал, таму ў самім факце паслання Лукашэнкам віншавання Папу Рымскаму нічога асаблівага няма. Няма таксама сэнсу супастаўляць віншавальныя словы з паводзінамі віншуючага, бо мэта такіх віншаванняў палягае не ў тым, каб расказваць пра свае сапраўдныя паводзіны, а каб «збудаваць мост» з дапамогай рытарычных сродкаў.
І, калі глядзець на віншаванне з чыста рытарычнага гледзішча, то яно, трэба прызнаць, збудавана даволі пісьменна. Тут няма ні з'едлівых інвектываў пад адрасам каго-кольвечы, ні апалагетыкі дзеянняў Расіі, ні апалагетыкі дзеянняў самога рэжыму. Затое выкарыстаны той факт, што тактыка Папы Францішка па спыненні расійска-ўкраінскай вайны адрозніваецца ад тактыкі іншых заходніх краін, паколькі той робіць стаўку на духоўна-дыпламатычнае ўздзеянне (прызнаючы пры гэтым права Украіны абараняць сваю тэрыторыю). У пасланні Лукашэнкі гэты момант рытарычна выкарыстаны для стварэння ўражання, нібыта пазіцыя Папы і пазіцыя Лукашэнкі амаль супадаюць. Насамрэч гэта далёка не так, але тут гаворым пра рытарычны аспект, і ў гэтым аспекце прыём «пабудовы моста» прыменены нядрэнна.
Памятайма, што чатыры месяцы таму міністрам замежных спраў Беларусі быў прызначаны чалавек, які раней амаль дваццаць гадоў быў паслом або прадстаўніком Беларусі пры Святым Пасадзе. Гаворка пра Сяргея Алейніка. Хто-хто, а гэты чалавек напэўна дбае пра тое, каб выкарыстаць любую магчымасць для падтрымлівання каналаў камунікацыі са Святым Пасадам, а праз яго — з заходнім светам. Думаю, што гэтае віншаванне Лукашэнкі пісалася або самім Алейнікам, або пад яго наглядам.
— Калі Лукашэнка агучвае такое падабенства, то чаму яму ніяк не ўдаецца «растлумачыць Захаду бесперспектыўнасць ціску на Беларусь, важнасць дыялогу, заснаванага на ўзаемапавазе, традыцыях, каштоўнасцях і нацыянальных інтарэсах кожнай краіны»?
— «Дэманстрацыя падабенства» — гэта рытарычны прыём, прыменены ў межах віншавальнага жанру, і не пад адрасам «Захаду», а пад адрасам аднаго з лідараў заходняга свету, чые погляды і стыль дзеяння шмат у чым адрозніваюцца ад мэйнстрымных поглядаў на Захадзе. Таму тут не выпадае дашуквацца спробы нешта «растлумачыць Захаду».
— Чаму Лукашэнка пяе дыфірамбы Папу Рымскаму? Ватыкан часцяком выступаў адвакатам беларускага рэжыму, калі наступаў чарговы ледніковы перыяд. Лукашэнка і цяпер спадзяецца, што праз Ватыкан зноў прарубіць акно на Захад?
— Віншавальны жанр — гэта тыповае месца кампліментаў і ўсхваленняў. Тут папросту выкарыстана нагода, каб нагадаць пра сябе і падтрымаць адзін з каналаў камунікацыі. Ці займее ён нейкі працяг? У бліжэйшай перспектыве — амаль напэўна не, па той простай прычыне, што ў Ватыкана, апрача сціжмы ўнутраных праблем, ёсць больш пільныя справы міжнароднага характару: апроч вайны ва Украіне — праблема наступстваў вельмі крывавай вайны ў Эфіопіі, рост беднасці, пераслед хрысціян і гэтак далей.
Але, калі ўзяць у дужкі гэтыя сітуацыйныя моманты, то тэарэтычна — так, Ватыкан, пры пэўных умовах, мог бы пагадзіцца паспрыяць узнаўленню кантактаў рэжыму з Захадам. Папа Францішак у цэлым скептычна ставіцца да санкцыйнай палітыкі, бо лічыць, што ад гэтага больш церпяць простыя людзі, чым аўтакраты. Але не думаю, што ў гэтым тэарэтычным сцэнары тэма правоў чалавека была б Ватыканам праігнаравана. Магчыма, гэтая тэма была б узнята не так востра і катэгарычна, як з боку іншых міжнародных суб'ектаў, але, перакананы, яна была б узнята.