Беларусь зноў прапануе перамовы па Украіне ў Мінску — пры пасярэдніцтве Ватыкана. Але ёсць нюанс

Беларусь лічыць, што можа стаць пляцоўкай для перамоваў па Украіне, і кажа, што Ватыкан з гэтым згодны. Так заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Назарук пасля заканчэння цырымоніі адкрыцця генконсульства Расійскай Федэрацыі ў Гродна.

_mid__mzs__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Назарук заявіў, што Беларусь бачыць сябе месцам для перамоваў, і гэта, паводле яго, пацвярджае Ватыкан.

«Мы ж гаворым пра тое, што Беларусь заўсёды з'яўлялася ключавым элементам на еўрапейскай карце бяспекі: Мінск неаднаразова выконваў высакародную місію быць месцам для перамоў, для вырашэння вельмі сур'ёзных канфліктных сітуацый. Мы і цяпер прапануем сябе ў такой якасці, гэта нядаўна пацвердзілі прадстаўнікі Ватыкана. Лёгка абарваць сувязі, вельмі складана іх потым наладжваць», — сказаў Назарук.

Меркавана, пад «прадстаўніком Ватыкана» Назарук меў на ўвазе словы апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, які распавядаў пра словы дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала П'етра Параліна, што Ватыкан мог бы стаць пляцоўкай для перамоваў па расійска-ўкраінскім урэгуляванні.

Антэ Ёзіч распавёў, што ў верасні гэтага года падчас размовы з ім Папа Рымскі адзначаў гатоўнасць сваю асабіста і Рымска-каталіцкай царквы даць неабходныя ўмовы для бакоў, каб дасягнуць хутчэйшага вырашэння канфлікту мірным шляхам: адкрыць тэрыторыю, памяшканні, арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў бакоў.

А цяпер цытата па БелТА:

«Апостальскага нунцыя ў Беларусі спыталі, наколькі, на яго думку, магчыма, каб Мінск стаў такой перамоўнай пляцоўкай пры пасярэдніцтве Ватыкану.

“Мінск і раней быў цэнтрам перамоваў і нават дамоваў, якія ўжо падпісаныя. Я думаю, што гэта будзе магчыма і ў будучыні”, — сказаў Антэ Ёзіч».

То-бок, беларускія прапагандысты ці не сілком вырвалі з прадстаўніка Ватыкану словы пра тое, што якія-небудзь перамовы ў нявызначанай будучыні мажлівыя ў Мінску. А беларускі МЗС вырашыў, што апостальскі нунцый нібыта «пацвердзіў» прэтэнзіі Мінска на месца для правядзення перамоў.