Папа Рымскі не едзе ў Кіеў з-за пазіцыі Крамля?

Папа Рымскі Францішак зноў заявіў, што гатовы паехаць у Кіеў толькі пры ўмове, што затым зможа паехаць і ў Маскву.

Фото Getty Images

Фото Getty Images

Папа Рымскі Францішак гатовы прыехаць у Кіеў, але толькі з умовай, што другім пунктам гэтай паездкі стане наведванне Масквы. Але Крэмль на такі візіт не згодны. Пра гэта Пантыфік заявіў у інтэрв'ю аргенцінскаму выданню La Nacion.

«Я гатовы паехаць у Кіеў. Я хачу ў Кіеў. Але пры ўмове паездкі [і] у Маскву. Я паеду ў абодва месцы або ні ў адно», — заявіў ён. На думку Пантыфіка, вайна можа быць спыненая толькі шляхам дыялогу і канкрэтных мірных ініцыятыў.

На рэпліку журналісткі, што паездка ў Маскву сёння немагчымая, Францішак прызнаў гэты факт, але выказаў надзею на змену абставінаў.

«Мы спадзяемся, што зможам гэта зрабіць, так. Я не зачыніў гэтыя дзверы», — заявіў Пантыфік.

Пры гэтым Францішак прызнаўся, што на другі дзень расійскага ўварвання ва Украіну ён хацеў пагаварыць з Уладзімірам Пуціным па тэлефоне, але расійскі бок адхіліў запыт.

Нагадаем, раней Пантыфік ужо казаў, што мае намер наведаць Кіеў у рамках аднаго турнэ разам з Масквой.

«Гэта ідэальны сцэнар Папы, але пакуль пра гэта гаворка не ідзе. Украінцы пастаянна паўтараюць сваё запрашэнне, але запрашэнне з Масквы не паступае», — сказаў у лютаўскім інтэрв'ю American Magazine арцыбіскуп Пол Рычард Галагер, які выконвае функцыі міністра замежных спраў Ватыкана.


Пазіцыя Ватыкана наконт вайны ва Украіне

Ватыкан неаднаразова прапаноўваў сябе ў якасці пасярэдніка ў магчымых перамовах паміж Украінай і Расіяй. Пры гэтым Ватыкан асудзіў расійскае ўварванне.

Аднак украінскай грамадскасці больш запомніліся больш спрэчныя і неадназначныя дзеянні і выказванні Папы Рымскага. Так, на мінулы Вялікдзень у Ватыкане адбыўся хрэсны ход з удзелам украінкі і расіянкі ў якасці асноўных дзеючых асоб у цырымоніі. Многія ўкраінцы абурыліся такім жэстам.

Таксама Папа Францішак раней вызначыўся заявай, што Захад нібыта справакаваў Пуціна на ўварванне ва Украіну, і словамі "нявінная ахвяра вайны", сказанымі на адрас забітай у Маскве прапагандысткі Дар'і Дугінай.

Зрэшты, як пісаў «НЧ», увосень Папа Рымскі Францыск назваў «маральна прымальным» для краінаў Захаду забяспечыць Украіну зброяй. Цяпер Украіна змагаецца за сваю зямлю з поўнамаштабным уварваннем Расіі, і зброя патрэбна для мэтаў самаабароны. «Самаабарона — не толькі законная, але і выказванне любові да Радзімы. Той, хто сябе не абараняе, хто не абараняе нічога, — той не любіць гэта. Той, хто абараняе, — любіць», — дадаў тады Папа.