CNN: З пачатку вайны РФ некалькі разоў адпраўляла ў Іран зброю NATO, захопленую ва Украіне

З пачатку вайны ва Украіне Расія некалькі разоў адпраўляла ў Іран захопленыя на полі бою зброю і тэхніку, якія былі перададзеныя ўкраінскаму боку ЗША і краінамі NATO. Пра гэта CNN распавялі чатыры крыніцы, знаёмыя з гэтым пытаннем.

Калаж 24tv.ua

Калаж 24tv.ua

Са слоў суразмоўцаў тэлеканала, за апошні год урадавыя структуры NATO, ЗША і іншых краін Захаду фіксавалі некалькі выпадкаў, калі войскам РФ даставаліся невялікія, пераносныя віды ўзбраенняў, якія пастаўляюцца Кіеву хаўруснікамі. У тым ліку гаворка ідзе пра амерыканскія супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin і зенітна-ракетныя комплексы Stinger.

У большасці такіх выпадкаў Расія адпраўляла трафейнае ўзбраенне ў Іран, дзе яго разбіралі і даследавалі, сцвярджаюць крыніцы CNN. Яны мяркуюць, што іранскія вайскоўцы спрабавалі стварыць уласную версію гэтай зброі. У сваю чаргу, Масква такім чынам падштурхоўвае Тэгеран працягваць падтрымку расійскага ўварвання, мяркуюць суразмоўцы тэлеканала.

Амерыканскія чыноўнікі не лічаць праблему маштабнай або сістэмнай, але прызнаюць, што такія пастаўкі цяжка адсачыць. Паводле звестак CNN, украінскія вайскоўцы з самага пачатку вайны паведамляюць Пентагону пра любыя выпадкі захопу амерыканскага ўзбраення войскамі РФ.

Незразумела, ці ўдалося Ірану неяк паспяхова выкарыстаць захопленыя ва Украіне распрацоўкі ЗША ў стварэнні ўласнай зброі. У мінулыя часы, піша CNN, Тэгерану гэта ўдавалася. У прыватнасці, іранская супрацьтанкавая кіраваная ракета Toophan была распрацаваная на аснове амерыканскай BGM - 71 TOW.

Партнёрства Масквы і Тэгерана ў абароннай сферы значна ўзмацнілася з моманту расійскага ўварвання ва Украіну. Так, Мінабароны РФ прымяняе для ўдараў па ваенных і энергетычных аб'ектах Украіны дроны-камікадзэ іранскай вытворчасці «Шахед-131/136».

Акрамя таго, паведамлялася, што Іран паставіў Расіі вялікую колькасць боепрыпасаў, а таксама збіраецца адпраўляць балістычныя ракеты «Fateh – 110» і «Zolfaghar», далёкасць якіх складае 300 і 700 кіламетраў адпаведна.


Нагадаем, яшчэ ўвосень 2022-га ў сусветных СМІ пачала з'яўляцца інфармацыя, што Іран таемна дамовіўся з Расіяй аб пастаўках не толькі ўдарных дронаў, вядомых ва Украіне як «Шахіды». The Washington Post са спасылкай на афіцыйных асоб са службы бяспекі ЗША казала і пра перадачу Крамлю іранскіх балістычных ракет Fateh – 110 і Zolfaghar класа «зямля-зямля». Паводле звестак крыніц, іранскія абаронныя прадпрыемствы ўжо атрымалі адпаведную замову. Калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, гэта стане першым выпадкам пастаўкі Расіі балістычных ракет з самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Зрэшты, пакуль такая інфармацыя так і не з’явілася.

Паводле meduza.io, 24tv.ua