Манеўры

Вядома, што перад вайной часта пачынаюць манеўры, каб прыхаваць падрыхтоўку для мабілізацыі войска, працягам якой можа стаць вайна. Так было, а ці будзе так з манеўрамі на расійска-ўкраінскай мяжы?  

З гэтай нагоды савецкія военачальнікі любілі спасылацца на досвед нямецкага генерала Мольтке, які лічыў, што калі аддалі загад аб мабілізацыі, можна ісці спаць. Бо машына запрацуе сама. Адзначым толькі, што Мольтке як военачальнік зрабіў некалькі прынцыповых памылак. Але мабілізацыю правёў бездакорна.

А вось з мабілізацыяй Чырвонай Арміі, як сведчыць гісторыя, у савецкіх правадыроў звычайна не атрымоўвалася. І даводзілася ім дзеля задавальнення сваіх палітычных амбіцый распачынаць малыя войны непадрыхтаванымі і аплачваць перамогу мільёнамі ахвяр.

У пасляваенны час Савецкая Армія знаходзілася ў перманентным стане розных мабілізацыйных практыкаванняў. Хто служыў тэрміновую ў СА, звычайна трапляў на тое ці іншае маштабнае вучэнне. Калі не «Днепр», то «Дзвіна», калі не «Нёман», то «Дунай».

Нават натаўскія генералы, што пільна сачылі за гэтай справай, мусілі прызнаць — савецкае войска нарэшце ваяваць навучылася. Адны з маштабных манеўраў таго часу, пад красамоўнай назвай «Захад–81», рыхтаваў генерал Уладзімір Лобаў. Той самы, якога сёння, нягледзячы на яго далёка за 80 гадкоў узрост, аднавіў на службе ў генштабе галоўнакамандуючы расійскай арміі Пуцін.

У ваеннай дэманстрацыі «Захад–81» удзельнічалі амаль усе вайсковыя структуры, процьма тэхнікі і найноўшых узбраенняў: некалькі соцень самалётаў і гелікоптэраў, каля 1000 гармат, больш 2000 танкаў, некалькі тысяч БПМ. Не толькі савецкія маршалы і замежныя сацыялістычныя, але і натаўскія генералы былі ўражаны. Яны паверылі, што калі Саветы рушаць на Захад, то праз два тыдні будуць ля Ла-Манша.

Але рушыць вайной на Захад напачатку 1980-х ужо было немагчыма. Моцы не хапала: СССР амаль адсутнічаў у сусветнай эканоміцы. А вось крыху пазней, дзякуючы рэзкаму падвышэнню здабычы прыроднага газу, СССР пачаў прарывацца ў Еўропу. Экспарт «блакітнага паліва» павялічылася за 10 гадоў у 35 разоў. Савецкі Саюз атрымаў магчымасць зарабляць валюту і набываць сучасныя тэхніку і тэхналогіі. Новыя магчымасці хутка задаволілі патрэбы сацыялістычнай інтэграцыі ў рамках СЭУ, і змушалі да пашырэння рынку. А рынак быў у капіталістычнай Еўропе. СССР атрымліваў ёмісты рынак, на якім можна было збіраць велізарныя для сябе валютныя барышы.

Карацей, калі распачаць вайну, то пачынаць давялося б са сваіх партнёраў, з удару па сваіх будучых камунікацыях. Гэта значыць, па саміх сабе.

Ёсць такая гульня — бі чужых, каб свае баяліся.

Сёння іншы раз гучаць меркаванні, што Расія прыдумала нейкую новую вайну, нейкія сучасныя, агідныя падыходы і тэхналогіі. Гэта памылковыя меркаванні. Усе палітычныя хітрыкі ўжо даўно прыдуманы. Раней на дапамогу з-пад царскай апалы клікалі Суворава, а зараз аднавілі на службе ў генштабе Уладзіміра Лобава, колішняга «практыка танкавых клінняў», манеўровага майстра бліцкрыга, на які здольны рускі воін, калі яго своечасова кормяць і падвозяць салярку. Вядома ж, гразі танкі не баяцца...

Тым больш, што пад ружжо паставілі такога састарэлага ястраба, як генерал Лобаў. Людзі палохаюцца — не было б вайны!? Адкажам адказна — не будзе. Бо расійскія камунікацыі не заканчваюцца на мяжы з Еўропай, па вялікім рахунку яны там пачынаюцца. Бо толькі там газ і нафтапрадукты становяцца таварам, ад продажу якога Расія жыве. Іншых спосабаў і інструментаў у яе няма.

Нават з Украінай нельга ваяваць. Папалохаць, папсаваць нервы, пагандлявацца з коштамі на газ, з крэдытамі і даўгамі, забраць сабе якія каштоўныя дробязі — гэта з задавальненнем. Як кажа Пуцін, за незалежнасць Украіне трэба плаціць. І вызначае плату.