Марш супраць тэрору: яшчэ на крок бліжэй да перамогі
У 2020 годзе ў Курапатах зноў стралялі ў людзей і гналі іх па «дарозе смерці». Нядзельнае шэсце на Дзяды, якое павінна было сімвалізаваць апошні шлях ахвяраў сталінскага тэрору, атрымалася зусім не сімвалічным, а занадта рэалістычным.
Прапанову Зянона Пазьняка прайсці 1 лістапада традыцыйным нядзельным маршам у Курапаты, сумясціўшы яго з не менш традыцыйным штогадовым шэсцем на Дзяды, далёка не ўсе ўспрынялі з энтузіязмам. Многія выказваліся ў духу: навошта ісці на ўскраек горада ў лес, дзе небяспечна і няма куды ўцякаць у выпадку зачысткі? Ці не лепш ісці ў цэнтр, дзе нашмат больш варыянтаў для адступлення?..
Тым не менш у прызначаны час да гадзіннікавага завода, ад якога ў апошнія гады пачынаецца шэсце на Дзяды, з розных бакоў (метро да гэтага часу ўжо закрылі) сцякаліся раўчукі людзей. Калона з некалькіх тысяч удзельнікаў пачынае рухацца па маршруце, а паралельна ёй, крыху наперадзе, едуць бусы з сілавікамі. Раптам гучаць папераджальныя стрэлы ў паветра. «Шматабяцальны пачатак», — думаю я і працягваю ісці разам з людзьмі. У нейкі момант бусы спыняюцца, адтуль высыпаюць «касманаўты», і пачынаюць адцясняць людзей.
Чалавечая рака зноў разбіваецца на ручаінкі ў раёне вуліцы Валгаградскай, і цячэ ўжо дварамі. «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!» — скандуюць людзі, працягваючы ісці наперад партызанскімі сцежкамі. Раз-пораз людзі пачынаюць бегчы. Паварочваюся — і бачу прычыну: ззаду бусы. Здаецца, наўпроставай пагрозы няма, але спрацоўвае нейкі жывёльны інстынкт, і вось я ўжо бягу разам з усімі. Але — не доўга. Крыху заглыбіўшыся ў двары, дэманстранты працягваюць хаду, пляскаюць у далоні і гукаюць «Жыве Беларусь!»
Раптам ззаду чуюцца гукі барабана. Ісці становіцца весялей. Барабаншчык — беларускамоўны хлопец па імені Пятро, які не прапусціў яшчэ ніводнага нядзельнага маршу. І кожны раз — з інструментам: гітарай ці барабанам.
— Сёння я спецыяльна ўзяў лёгкі барабан, ён пераварочваецца, і можна бегчы. З гітарай было складана, бо ў мяне быў комбік над галавой. Хадзіць з інструментам весялей, гэта падбадзёрвае. Гэта тое, што я магу — значыць, я павінен гэта рабіць.
Пятро гаворыць, што маршрут у Курапаты — вельмі актуальны, бо сёння мы зноў сутыкаемся з рэпрэсіямі (у гэты час мы акурат праходзім ля Першамайскага РУУСа, на стаянцы перад якім — бусы і нават вадамёты).
— Часам задумваешся, што хацелася б адпачыць, у лес схадзіць… Але як інакш? Як нешта зменіцца, калі ты хаця б на маршы не будзеш хадзіць? Гэта не нешта страшнае і геройскае. Калі ты можаш — трэба хадзіць.
«На Валгаградскай — “касманаўты”!» — раптам крычаць нам людзі з балкона аднаго з дамоў. Мы паварочваем крыху ўбок. «На Лагойку!» — скандуе грамада, і дварамі мы прабіраемся да Лагойскага тракту.
Спрабуем ісці калонай, але з Валгаградскай вырульваюць шэрагі аўтазакаў, бусаў і вадамётаў. Бусы пагрозліва спыняюцца. Для пратэстоўцаў гэта сігнал: хутчэй у двары.
Стараемся пазбягаць дарог і выбіраем месцы, дзе бусам будзе цяжка праехаць. На ўсялякі выпадак глядзім, дзе адчыненыя пад'езды. На шчасце, пакуль не трэба.
Ужо не калонай, зусім разрознена мінаем Севастопальскі парк. Па тэлефоне знаёмыя паведамляюць, што недалёка, каля «Макдональдса», збіраюцца сустрэцца тры калоны людзей і адтуль рушыць у Курапаты. Але туды трэба яшчэ дабрацца: трамвайны рух спынены, наперадзе — калоны спецтэхнікі з сілавікамі. Машыны, што сталі ў заторы на Лагойскім тракце, незадаволена гудуць, людзі з вокнаў ганьбяць лукашэнкаўцаў. Ля бізнес-цэнтра нейкі мужчына, бачачы, што мы збіраемся ісці ў самую гушчу, прапануе нам зайсці пагрэцца ў бізнес-цэнтр.
Але мы ідзем наперад, трымаючы ў полі зроку аўтазакі і машыны з сілавікамі. Раптам яны выходзяць з транспарту, шыхтуюцца і пачынаюць спачатку ісці, а потым бегчы строем наперад. Прыкладна ў гэты ж самы час раздаецца першы выбух святлашумавой гранаты. Як потым даведаемся — каля таго самага «Макдональдса», дзе меліся сустрэцца калоны.
Ужо амаль дайшоўшы да вуліцы Каліноўскага, бачым, што «касманаўты» з дубінкамі накіроўваюцца ў наш бок. Хутка, але акуратна, паварочваем назад і паглыбляемся ў двары. Яшчэ некалькі разоў чуем выбухі, разрываюцца сірэны — ці тое хуткія, ці тое міліцыя. За пару соцень метраў ад нас ідуць кропкавыя, але жорсткія затрыманні.
Дварамі прабіраемся да вуліцы Мірашнічэнкі, але адтуль насустрач нам хутка ідуць людзі. Курапаты ачэпленыя, ідзе разгон, паведамляюць яны. Наўпрост на полі, па якім ішла «дарога смерці», па якой у 1930-х звозілі на расстрэл, нашчадкі нкусаўцаў кідаюць святлашумавыя гранаты і на машынах ганяюцца за людзьмі. У Курапатах зноў страляюць у людзей. Гэта ўжо не проста сімвалізм, гэта нейкае кола сансары.
Па дарозе да народнага мемарыялу сустракаю сталую пару. Жанчына — у белым паліто з чырвоным шалікам. Не памыляюся, калі пытаюся, ці яны ідуць у Курапаты. Менавіта туды: штогод яны ўдзельнічаюць у шэсці на Дзяды — у сям'і ёсць рэпрэсаваныя, таму для іх гэта — асабістая гісторыя. А спадарыня (назваць сваё імя яна не захацела) ходзіць і на цяперашнія нядзельныя маршы.
— Мяне проста сумленне з’есць, калі я буду сядзець дома, — гаворыць яна. — На Курапаты абавязкова трэба ісці. Курапаты — гэта цэнтр нашай бяды. Сёння яшчэ і Усе Святыя, нам абавязкова трэба туды трапіць — у нас з сабой свечачка і кветкі — трэба паставіць. Хаця даводзіцца кругамі тут бегаць, цяжкавата. Нават калі сёння мы не трапім, мы ўсё роўна сюды прыйдзем, і нам часцей трэба сюды прыходзіць.
Курапаты — сакральнае месца не толькі для беларусаў, чыіх продкаў рэпрэсавалі. Гэтае месца сакральнае і для катаў, перакананая жанчына.
— Для нас гэта — забітыя людзі. А для іх — трыумф іхняй улады. Гэта вельмі страшна — калі пачалі вырываць там крыжы. Я лічу, што цяпер у Беларусі ва ўладзе НКУС, і каманда ідзе з Лубянкі. І Курапаты — помнік іх садызму, — лічыць суразмоўца.
Тым часам да ўрочышча працягваюць сцягваць спецтэхніку. Але навокал адбываецца нешта дзіўнае: людзі не хаваюцца ад яе, а спакойна ідуць побач, вітаючы адзін аднаго воклічамі: «Жыве Беларусь!». Аўтамабілісты, якія зноў сталі ў заторы, уключаюць на ўсю гучнасць «Тры чарапахі» і «Перамен». Чым далей — тым менш страху і больш жадання разарваць кола сансары і адваяваць сваю свабоду, хто б што ні казаў пра «не браць палонных» і «адарваныя рукі».
Здаецца, падчас маршу супраць тэрору 1 лістапада беларусы зрабілі амаль немагчымае. Нягледзячы на разгоны, стрэлы святлашумавых гранат і затрыманні, тысячы людзей усё ж дайшлі да Курапатаў, каб ушанаваць памяць сваіх дзядоў і ўсіх ахвяр палітычных рэпрэсій ды засведчыць: мы ідзем да канца. А значыць, у гэты дзень мы сталі яшчэ на крок бліжэй да перамогі.