«Дзяды супраць тэрору» ў Магілёве. Без масавых пратэстаў і з нешматлюднай памінальнай імпрэзай

У нядзелю, 1 лістапада, дзясятак чалавек традыцыйна на Дзяды, сабраліся ля Крыжа памяці на праспекце Дзмітрава. Як патлумачылі арганізатары, памінальная імпрэза шырока не анансавалася, «каб на месцы жалобы па ахвярах бальшавіцкага і сталінскага тэрору не хапалі людзей невядомыя асобы ў чорным», паведамляе «Свабода».

0188e49b_2e52_4b09_956f_c610f4677c81_w1023_r1_s.jpg

«Людзі з псыхалёгіяй катаў паўтараюць цяпер тое, што тут адбывалася ў 1920-30 гады», — кажа ля Крыжа кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Віталь Макаранка.

«Непакаранае вяртаецца ў яшчэ больш пачварнай форме, — упэўнены ён. — Мы спадзяваліся, што 21 стагоддзе стане часам, у якім пераможа цывілізацыя, культура, будуць узятыя новыя духоўныя вышыні, але бачым, што 1930-я і цяперашні час знітаваліся крывавай повяззю».

Невялікая грамада ля Крыжа памяці

Невялікая грамада ля Крыжа памяці

Памінальная імпрэза доўжылася блізу гадзіны. Міліцыі на месцы яе правядзення не было. Пазней стала вядома, што сілавікі былі ля крыжа за дзве гадзіны да пачатку. Паводле відавочцаў, адзін з міліцыянтаў зрэзаў з памятнага знака бел-чырвона-белую стужку.

 

На вуліцы Першамайскай супрацоўнікі ДАІ «зарэзервавалі» месца для аўтазакаў.

На вуліцы Першамайскай супрацоўнікі ДАІ «зарэзервавалі» месца для аўтазакаў.


Сітуацыя характэрная для цэнтру гораду. Звыкла цэнтр гораду блакавалі сілавікі. Імі кантраляваліся патэнцыйныя пляцоўкі гуртавання пратэстоўцаў, якія згадваліся ў тэлеграм-каналах. Прыпынак грамадскага транспарту насупраць гарвыканкаму, як афіцыйна паведамлялася, з меркаванняў бяспекі закрылі, бо на прылеглай плошчы маглі сабрацца на «несанкцыянаваную акцыю» грамадзяне.

Пад асаблівай увагай міліцыі знаходзілася пешаходная вуліца Ленінская. На ёй было ажыўлена. Жанчыны шпацыравалі з букетамі кветак і лісця. Збірацца ў групы мінакам не давалі. Вуліцу патрулявалі міліцыянты і сілавікі ў чорнай вопратцы. Паводле відавочцаў, усіх, хто гуляў тут, здымалі на відэа. Сядзець на лаўках і надоўга затрымлівацца ля вулічных музыкаў не дазвалялася.

 

Патрулююць міліцыянты і плошчу Леніна. За будынкам напагатове сілавікі ў аўтобусах

Патрулююць міліцыянты і плошчу Леніна. За будынкам напагатове сілавікі ў аўтобусах


«Апошні месяц на гэтай вуліцы па нядзелях уведзеная каменданцкая гадзіна, — абураецца пажылы мужчына. — Я тут з маленства жыву і такога не было. Ідзеш і азіраешся, каб цябе не забралі. Ужо і ня ведаеш, што тут можна рабіць, а што не».

 

Aрхіўнае фота. Апошняя акцыя пратэсту на пешаходнай вуліцы Ленінскай

Aрхіўнае фота. Апошняя акцыя пратэсту на пешаходнай вуліцы Ленінскай

Праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» кажуць пра аднаго затрыманага. Мужчыну забралі з бел-чырвона-белым сцягам. Ён у кастрычніцкім аддзеле міліцыі.

Апошнюю масавую акцыю пратэсту"Народную інагурацыю" Ціханоўскай у Магілёве прыхільнікі пераменаў зладзілі 27 верасня. Некалькі дзясяткаў удзельнікаў разагнала міліцыя з ужыванне сілы і спецсродкаў.

Цяпер пратэстоўцы збіраюцца невялікімі групамі на пешаходнай вуліцы Ленінскай, праводзяць удалечыні ад гарадскога цэнтру адзіночныя пікеты з бел-чырвона-белымі сцягамі ды ладзяць «партызанскія вылазкі» ў спальных раёнах, вывешваючы нацыянальную сімволіку, якую ліквідуюць сілавікі і камунальнікі.

Напярэдадні ў тэлеграм-каналах паведамлялася пра дзясятак лякальных акцыяў па горадзе. У розных яго частках вывешваліся бел-чырвона-белыя сцягі, ладзіліся перформансы да Хэлоўіна, з атрыбутыкай, дапасаванай да цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі.