Марына Адамовіч: Калі свет пагодзіцца на шантаж рэжыму, сітуацыя будзе працягвацца бясконца

У Гомельскім СІЗА пачаўся закрыты суд над палітзняволенымі Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Арцёмам Сакавым, Уладзімірам Цыгановічам і Дзмітрыем Паповым.

adamovicz_2.jpg

На суд пусцілі толькі дзяржаўныя СМІ, нават сваякам палітзняволеных адмоўлена ў прысутнасці, паколькі працэс зрабілі закрытым.

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч распавяла пра закрыты суд Радыё Рацыя:

— Я лічу, што тут некалькі складнікаў. Найперш, калі суд будзе адкрытым, то стане відавочным, што справы няма, справа цалкам сфальшаваная. Па-другое, усе гэтыя так званыя ўдзельнікі працэсу з боку ўлады баяцца, яны не адчуваюць сябе ўпэўнена, яны разумеюць, у чым яны ўдзельнічаюць, і вельмі не хочуць быць пазнанымі. Я да сённяшняга дня не ведаю, напрыклад, хто ў нас суддзя на гэтым працэсе. Маўчу ўжо пра пракурора і гэтак далей.

— Колькі за больш чым год, як Мікалай знаходзіцца ў вязніцы, вам удалося сустрэцца з мужам?

— За год і месяц, практычна, які прайшоў з моманту яго затрымання 31 траўня, я бачыла яго толькі адзін раз тут, у Гомелі, пасля этапавання, гэта было 26 траўня. Гэта было кароткае спатканне праз краты, шкло, з тэлефоннай слухаўкай і цягнулася дзве гадзіны.

— Што ўдалося вам даведацца пра тое, у якіх умовах знаходзіцца Мікалай?

— Ён памяняў ужо чацвёртую камеру. Па-ранейшаму знаходзіцца ў адзіночцы. Усе камеры фактычна аднатыповыя. Яны вельмі вузкія і ён лёгка дацягваецца да супрацьлеглых сценак. І ў гэтых камерах няма тэлевізара і нават адключана радыёкропка. Тэлевізар ад мяне не прынялі, бо сказалі, што СІЗА забяспечаны тэлевізарамі. Зрэшты ў гэтую спёку ў гомельскім СІЗА не прымаюць і вентылятары.

— У чым абвінавачваюць Мікалая і колькі яму пагражае?

— Мікалая абвінавачваюць па 1-й частцы арт.293 — гэта „арганізацыя масавых беспарадкаў”. І з улікам таго, што ён мае непагашаную судзімасць, у яго сітуацыя расцэньваецца як асабліва небяспечны рэцыдыў. Што цягне за сабой аўтаматычна санкцыі не менш чым дзве траціны ад максімальна прадугледжанага артыкулам – гэта значыць, ад 10 да 15 гадоў. Па рэжыме гэта, верагодна, так званы „асаблівы рэжым”.

— Ідуць размовы пра амністыю.

— Мяне абсалютна не хвалюе тое, што яны абяцаюць. Калі свет пагодзіцца зноў на шантаж „нашага” рэжыму, то гэтая сітуацыя будзе працягвацца бясконца. У дадзеным выпадку я чакаю вызвалення не ад тых, хто лічыць сябе ў Беларусі ўладай, я чакаю вызвалення ў выніку дзеянняў міжнароднай супольнасці і беларускага грамадства.

Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад арыштам з траўня-чэрвеня 2020 года. Ім выстаўлены шэраг крымінальных артыкулаў. У тым ліку — арганізацыя масавых беспарадкаў, распальванне сацыяльнай варожасці і перашкода працы ЦВК. Зробленыя відэа з месца іх затрыманняў сведчаць аб правакацыях з боку ўладаў з мэтай ізаляцыі падсудных перад выбарамі.

Паводле Радыё Рацыя