Мастак Гэнік Лойка выйшаў на волю

26 лютага а 8.00 выйшаў на волю мастак і грамадскі дзеяч Гэнік Лойка.



henik_vyzvaliennie_2.jpg

Фота Марата Гаравога

Каля Ізалятара часовага ўтрымання ГУУС Мінскага гарвыканкама па Першаму завулку імя Акрэсціна, 36 спадара Гэніка сустракалі жонка Алена, сябры, выконваючы абавязкі старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі і журналісты.

Нагадаем, што за віншаванне з Міжнародным днём роднай мовы, каторы ўрачыста адзначаецца ў свеце 21 лютага, суддзя суду Фрунзенскага раёна Мінску Людміла Лапо пакарала Гэніка Лойку адміністрацыйным арыштам на 5 сутак за несанкцыянаванае пікетаванне (артыкул 23.34 “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапраемства альбо пікетавання” Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях).

21 лютага а 7.40 спадар Гэнік прыйшоў да ганку Мінскай беларускай нацыянальнай гімназіі №4, дзе навучаецца ягоны малодшы сын, з дзвюма паветранымі балонікамі чорнага колеру і бел-чырвона-чорнай расцяжкай наступнага зместу: ”Віншуем з міжнародным днём роднай мовы! Гімназія № 4 была апошняй беларускамоўнай школай”. Сваім грамадзянскім чынам мастак выказаў пратэст супраць далейшай русіфікацыі айчыннай сістэмы народнай адукацыі і запатрабаваў прыняцця палажэння аб беларускамоўнай школе, каб дзеці беларусаў вучыліся па законах, а не па “понятиях”, каб у беларускіх вучэбных установах працавалі настаўнікі і выкладчыкі, якія выконваюць моўны рэжым: валодаюць беларускай мовай і карыстаюцца ёю пад час вучэбнага, пазакласнага і пазашкольнага выхаваўчых працэсаў.

Пасля віншавання калектыву гімназіі са святам каля 8.10 мастак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і спецслужбаў у цывільным і дастаўлены ва Фрунзенскі РУУС сталіцы, а потым асуджаны.

Мастак распавёў, што “аж да Гаагі” будзе працягваць змагацца супраць дыскрымінацыйнай русіфікацыі айчыннай сістэмы народнай адукацыі і абуральных дзеянняў суддзі Людмілы Лапо, каторая нягледзячы на ягоныя неаднаразовыя патрабаванні катэгарычна адмовілася весці судовы працэс на дзяржаўнай беларускай мове. Паводле слоў мастака, пад час закратавання ён знаходзіўся ў адной камеры з забулдыгамі, што не перашкодзіла яму займацца творчасцю і распрацаваць шэраг новых скульптурных кампазіцый.