Медыкі больш не будуць прышчапляць ад кавіда ўсіх жадаючых у ГЦ «Экспабел»

Прадстаўнікі ГЦ «Экспабел» паведамілі TUT.BY, што ў цэнтры вакцынацыі з 19 траўня па рашэнні медыкаў перастаюць рабіць прышчэпкі ад COVID-19.

centr_vakcinacii_20210508_shuk_tutby_phsl_2777.jpg


Нагадаем, цэнтр вакцынацыі запрацаваў 8 траўня.
Планавалася, што пункт у «EXPOBEL», які быў падрыхтаваны да працы медперсанала за кошт самога гандлёвага цэнтра, будзе працаваць штодня з 10 раніцы да 9 вечара і прымаць зможа ўсіх жадаючых, якія па розных прычынах не могуць вакцынавацца ў сваёй паліклініцы. Ад медыкаў Мінскай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы залежалі пастаўкі вакцыны і медыцынскае суправаджэнне працэсу.
Калі высветлілася, што адкрыццё Цэнтра вакцынацыі выклікала ажыятаж, для зручнасці арганізавалі папярэдні запіс замест жывой чаргі.
Цяпер у запісе адмаўляюць: жадаючых адпраўляюць на прышчэпку ў паліклінікі па месцы жыхарства.
У «EXPOBEL», спасылаючыся на словы медыцынскіх супрацоўнікаў, распавялі: рашэнне органаў аховы здароўя абумоўлена тым, што працэдура па вакцынацыі «патрабуе спецыяльных умоў, якія могуць быць забяспечаны толькі ў медыцынскіх установах».
Пры гэтым наведвальнікаў, якія запісаліся раней (запіс сфарміраваны да 18 траўня), папрасілі не хвалявацца: вакцынацыя ім будзе праведзена. Тут жа — у «Экспабеле» — увядуць другі кампанент вакцыны тым, хто паспеў прыступіць да працэдуры ў першыя дні працы цэнтра.
Пункт вакцынацыі ў «Экспабеле» стаў першым такім прыкладам у Мінску, калі ўсіх ахвотных вакцынавалі не ў паліклініцы, а ў гандлёвым цэнтры.
Пры гэтым аб адкрыцці такіх пунктаў у гандлёвых цэнтрах яшчэ ў красавіку гаварылі самі медыкі:
— Мы прадбачым сітуацыю і разумеем, што некалькі паліклінік, да прыкладу, у нашым Заводскім раёне не змогуць справіцца з вялікай плынню пацыентаў, якіх неабходна вакцынаваць, — распавяла галоўная лекарка 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі Наталля Мысліўчык. — Таму цяпер працуем на перспектыву. Ёсць дамоўленасці з адміністрацыямі некалькіх буйных гандлёвых аб'ектаў. Яны дадуць плошчы для арганізацыі прышчэпачных пунктаў. Усё як трэба зробім — з улікам усіх патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнай службы. І тады зможам прывіваць даволі вялікую колькасць людзей у дзень.
Пра падобнае казалі і ў Савецкім раёне.
Разглядаем розныя варыянты: Камароўскі рынак, ЦУМ і іншыя, у якіх маюцца здраўпункты, — кажа намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 34-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Савецкага раёна Вадзім Касцюкоў. — Бярэм у разлік і гандлёвыя цэнтры. Цяпер жыхарам сталіцы нязвыкла будзе даведацца, што прышчапляць ад каронавіруснай інфекцыі будуць не толькі ва ўстановах аховы здароўя, але і на плошчах гандлёвых аб'ектаў. Тым не менш, гэта праўда. За мяжой пад часовыя прышчэпачныя пункты спартыўныя залы аддаюць. І ўсё добра!
У Расіі прышчэпкі ад каронавіруса актыўна робяць у гандлёвых цэнтрах: медыкам нічога не перашкаджае працаваць, напрыклад, у Маскоўскім ГУМе, размешчаным на Чырвонай плошчы, у ГЦ Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада, Наварасійска, Сочы і ў іншых буйных гарадах. У розных краінах для прышчэпачных пунктаў выбіраюць і больш незвычайныя лакацыі: спартыўныя арэны, канцэртныя залы, цэрквы і нават гоначныя трасы.
Паводле tut.by