Мілітарызм ХІХ стагоддзя ў стагоддзі ХХІ

Увесь тыдзень народ абмяркоўвае «сучасную абарончую ініцыятыву» Сінявокай. Падаецца, дня не праходзіла, каб у інфармацыйнай прасторы не з’яўляліся ваяўнічыя і агрэсіўныя навіны. Складаецца ўражанне, што нас рыхтуюць да наўпроставай вайны. Але незразумела, за што нам ваяваць, і навошта.

sapernaya_lopatka_4.jpg

Пачалося ўсё з ініцыятывы даць зброю супрацоўнікам МНС. Потым Лукашэнка даў наказ стварыць «народнае апалчэнне». «І я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэта народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы іх заклікаем для навучання — яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб маглі абараніць свой дом», — сказаў ён.

Батальён Каліноўскага, — беларусы, што ваююць на баку Украіны, — гэтую прапанову горача падтрымалі.

Потым Мінабароны паведаміла пра вучэнні па пераходзе з мірнага на ваенны час. А БТ у звыклай для сябе манеры знайшло нейкі «ўкраінскі дрон з выбухоўкай», які нібыта ляцеў на Беларусь нешта знішчыць.

Калі інфармацыйная прастора проста «напампоўваецца» чаканнем вайны, у гэтым няма нічога добрага. Калі ў першым акце на сцяне вісіць ружжо, то яно павінна стрэліць у трэцім — такі закон жанру. І гэта мы ўжо бачылі на прыкладзе вучэнняў «Саюзная рашучасць», якія ператварыліся ў поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну.

Цяпер мы бразгаем зброяй, так бы мовіць «аўтаномна». Аднак гэта ўсё больш нагадвае мілітарызацыю грамадства.

Прычым абсалютна незразумела, з чаго гэта «мы, беларусы, мірныя людзі», ператвараемся ў такіх ваяўнічых? Падаецца, на нас ніхто не рыхтуе нападу, а ў нашай «новай» Канстытуцыі, калі я нічога не блытаю, наўпрост забараняюцца напады з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыі іншых краін. Ні ад нас, ні да нас не маецца тэрытарыяльных прэтэнзій, і вонкава няма ніякіх падставаў для мілітарызацыі грамадства.

Розныя тэлеграм-каналы «сумнеўнай лаяльнасці» выказалі меркаванне, што на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы 23 траўня кіраўніка Беларусі спрабавалі «прыціснуць», каб ён сваімі сіламі адкрыў «паўночны фронт» супраць Украіны. І ўсе гэтыя перасоўванні войскаў туды-сюды ды размовы пра «народнае апалчэнне» — усяго толькі спроба паказаць, што ў «выкананні саюзніцкіх абавязкаў» нешта робіцца. Карацей, спроба стварыць выгляд таго, чаго няма. Гэткая спроба стварыць «інфармацыйную ілюзію» для таго, каб суцешыць Крэмль.

Калі гэта так, то сітуацыя ўсё роўна невясёлая. Яна паказвае, наколькі сённяшняе кіраўніцтва краіны залежыць ад Расіі. Фактычна гэта можна назваць нават «васальнай залежнасцю», калі васал абавязаны ваяваць за свайго сюзерэна, не ўлічваючы свае інтарэсы і жаданні.

Страта легітымнасці, пра якую мы пісалі ў 2020-м, усё ж прывяла жа страты суб’ектнасці. Цікава ў гэтым плане было чытаць інтэрв’ю з Ёргам Форбрыгам — дырэктарам па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе нямецкага Фонду Маршала ЗША. Фонд Маршала — вельмі ўплывовая аналітычная структура, і пры гэтым Форбрыг не з’яўляецца ўрадоўцам ці дзяржчыноўнікам, і не абмежаваны дыпламатычным этыкетам. Ён можа адкрыта казаць пра тое, як Лукашэнку ўспрымаюць на Захадзе. А дакладней, як не ўспрымаюць. Яго не ўспрымаюць як суб’екта палітыкі.

«Мы не павінны залішне факусавацца на тым, што сабе думае і плануе Лукашэнка», — заявіў Форбрыг, і гэта, насамрэч, гучыць як прысуд. Лукашэнка нікому не цікавы, усе лічаць, што ён нічога не вырашае, што ён можа круціцца, як вужака на патэльні, аднак круціцца ён будзе да тае пары, пакуль яго не прыціснуць відэльцам. А калі прыціснуць — ён будзе выконваць загады. І Форбрыг адкрытым тэкстам кажа, што ўсе пытанні вырашаюцца ў Маскве.

Больш за тое: Форбрыг адмаўляе Лукашэнку не толькі ў самастойнасці, але і ў кантролі над тэрыторыяй краіны. «На самай справе ўсё вельмі проста. Нават калі б мы раптам захацелі з ім пагаварыць — краіна дагэтуль акупаваная расійскімі войскамі. Наколькі ён самастойны? Ні на колькі. Ён можа выяўляць з сябе, што хоча. Але, па-першае, ён не абраны, па-другое, у яго нават сваёй краіны няма. Яна акупаваная», — заяўляе эксперт.

Але страта легітымнасці, суб’ектнасці і магчымасці ўплыву мае значна большае вымярэнне, чым знешнепалітычнае. І показка пра тое, што «Беларусь увайшла ў пералік краін, якія не прызналі Лукашэнку прэзідэнтам», — гэта частковы жарт. Бо не заўсёды важна, хто і якія загады аддае. Важна, кім і як яны выконваюцца.

original__1__2.jpg

Напярэдадні расійскага ўварвання рэйтынг прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага быў ніжэй за плінтус. Шмат хто казаў, што яму не тое што пераабранне не свеціць, некаторыя і пра імпічмент задумваліся. Аднак украінцам было што абараняць, і, зразумела, гэта быў не Зяленскі. Яны абараняюць сваю радзіму, свой лад жыцця, свой выбар, які яны зрабілі яшчэ ў 2014-м, у час Рэвалюцыі Годнасці. Таму ў іх высокі баявы дух і прага адстаяць сваё. А што ў «тэрытарыяльнай абароне» альбо «народным апалчэнні» будуць адстойваць беларусы?

Вось проста цяпер вазьмі шараговага працоўнага МАЗу альбо МЗКТ, дай яму ў рукі аўтамат і скажы, што ён павінен бараніць… Бараніць што? Уладу Лукашэнкі? Скрадзеныя выбары? «Саюзную дзяржаву»? Крэдыты пад 30% гадавых і інфляцыю ў 10%?

Можна было б сказаць, што трэба бараніць «дабрабыт», каб той дабрабыт быў. А на самай справе — у краіне за месяц было прададзена менш за тысячу аўтамабіляў. Прадпрыемствы адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў у вымушаныя адпачынкі. За тры пяцігодкі мы ніяк не можам дамагчыся заробку «па 500»… Урэшце, калі ваенны эксперт Андрэй Паротнікаў сумняецца, што ў адным сельсавеце можна знайсці 50 цвярозых мужыкоў, каб даць ім зброю. Хіба такі «дабрабыт» варты абароны?

У сераду ў краіне «пасыпалася» база ДАІ — людзі, якія афармлялі аўтамабілі, не маглі гэта зрабіць. У чацвер утварыліся чэргі на межах — «пасыпалася» мытная сістэма. Пры гэтым ніхто не ўзяў адказнасці за нейкія хакерскія атакі, — значыць, само павалілася. Мэр Брэста абвяргае чуткі пра эпідэмію халеры ў горадзе: невядома, скуль гэтыя чуткі ўзяліся, аднак халера ў ХХІ стагоддзі — гэта нешта.

А яшчэ ўрад дазволіў атрымліваць аплату за экспарт гатоўкай — наяўнай валютай. Як у заходніх баевіках, калі гандляр наркотыкамі прыносіць чамаданчык какаіну, а яму за гэта — чамаданчык грошай. А паколькі грошы, напрыклад, за калій у чамадан не ўлезуць, то, як прыгожа піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», долары прыйдзецца вазіць, як на Дзікім Захадзе — дыліжансамі і спецвагонамі ў цягніках. Што, канешне, дае магчымасці да з’яўлення ў нас «каўбояў», плакатаў «Wanted» і іншай рамантыкі ХІХ стагоддзя.

І дарэчы, чаму мы ствараем «народнае апалчэнне»? Калі мы апускаемся на два стагоддзі таму, чаму б нам не назваць гэтых людзей проста «касінерамі»?