Джулі Фішэр пакідае пасаду спецпасланніцы ЗША па Беларусі

Джулі Фішэр пакідае пасаду спецпасланніцы ЗША па Беларусі. Афіцыйная заява пра гэта з’явілася на сайце амбасады ЗША ў Беларусі.

08de0000_0a00_0242_30f1_08da478f2027_w1023_r1_s.jpg


Джулі Фішэр прабыла на пасадзе 1,5 года, але так і не атрымала дазволу на ўезд у Беларусь. Яе перыяд трапіў на чарговы дыпламатычны крызіс у адносінах Беларусі і ЗША.

З нагоды завяршэння місіі Джулі Фішэр звярнулася да народу Беларусі:

«У гэтым месяцы ў рамках запланаванай дыпламатычнай ратацыі заканчваецца маё знаходжанне на пасадзе Спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі. З 2020 года вы, народ Беларусі, ясна далі зразумець, што менавіта вы павінны вызначаць будучыню краіны. Я хацела б выказаць нязменнае захапленне вашай сілай і рашучасцю настойваць на тым, каб вашы правы паважалі, а вашы галасы былі пачутыя. Я хацела б вас запэўніць, што наша прыхільнасць падтрымліваць вас на гэтым шляху адлюстроўвае непахісны кансэнсус Злучаных Штатаў.

Для мяне было за гонар быць побач з вамі — хай і здалёк — з моманту зацвярджэння Сенатам на пасаду амбасадара ў Беларусі ў снежні 2020 года, першага амбасадара ЗША ў Беларусі за больш чым дзесяць год. Злучаныя Штаты не маглі маўчаць пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, не маглі абяляць жорсткасць рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, калі вы мірна выйшлі на вуліцы Мінска, Горадні, Гомеля і іншых гарадоў у абарону сваіх асноўных свабод і годнасці як грамадзян Беларусі. Таму не дзіўна, што Аляксандр Лукашэнка адклікаў агрэман на прыезд амерыканскага амбасадара», — сказала Фішэр.

Яна нагадала, што працавала з Вільні «з галоўнай мэтай — умацаваць амерыканскую падтрымку народа Беларусі». Быў створаны Аддзел па справах Беларусі, каб працаваць рука аб руку з Пасольствам ЗША ў Мінску, узмацнілася каардынацыя з еўрапейскімі саюзнікамі і партнёрамі ў прыцягненні рэжыму да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і саўдзел ва ўварванні Расіі ва Украіну.

Яна адзначыла, што ЗША працягваюць заклікаць рэжым безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і неправамернае абыходжанне з грамадзянамі і арганізацыямі, а таксама заклікаюць да змястоўнага нацыянальнага дыялогу з усімі элементамі беларускага грамадства, у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў выгнанні. Такі дыялог, на яе думку, прывядзе да новых выбараў пад міжнародным назіраннем.

«Я з нецярпеннем чакаю магчымасці ўбачыць свабодную, квітнеючую і дэмакратычную Беларусь, якая жыве ў міры са сваімі суседзямі. Жыве Беларусь!», — заявіла Фішэр.

У лютым 2022 году Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў афіцыйна прыпыніў працу амбасады ў Беларусі. Джулі Фішэр у якасці спецпасланніцы ЗША па Беларусі працавала ў Вільні.