Міністр Караеў сустрэўся з лідаркай «Маці 328». Вось 4 ягоныя абяцанні
5 чэрвеня новы міністр унутраных спраў Юрый Караеў сустрэўся з кіраўніцай руху «Маці 328» Ларысай Жыгар. Яна звярнулася да Юрыя Караева пасля адстаўкі былога міністра Ігара Шуневіча, каб звярнуць увагу на праблемы асуджаных па «антынаркатычным» артыкуле, піша «Свабода».
Што паабяцаў Юры Караеў?
1. Павялічыць удвая працягласць доўгатэрміновага спаткання для асуджаных па 328-м артыкуле.
Ларыса Жыгар патлумачыла, чаму ўзнікла такая праблема:
«Асуджаным па 328 артыкуле даюць толькі два спатканні на год працягласцю ўсяго суткі. Але што такое суткі для маладога чалавека, які толькі адарваўся ад сям’і? Папрасіла, каб хаця б было 2 дні, бо максімальна можна даваць 3 дні. Караеў паабяцаў, што гэта будзе перагледжана».
2. Адну харчовую перадачу з максімальнай вагой у 30 кілаграмаў падзяліць на 2 перадачы, каб у суме засталіся тыя ж 30 кілаграмаў.
«Цяпер дазволеная адна харчовая перадачы на год вагой да 30 кілаграмаў. Але бацькам цяжка асіліць такія перадачы, у тым ліку матэрыяльна. Чаму не дазволіць тыя ж 30 кіло раскласці на 2 перадачы ў год? Міністр абяцаў вывучыць гэтае пытанне», — сказала Ларыса Жыгар.
3. Раз на год дазволіць атрыманне медычнай бандэролі.
«Прасіла, каб дазволілі дасылаць вязням 1 медычную бандэроль незалежна ад таго, хварэе чалавек ці здаровы. Гэта важна, бо тады ў бандэроль будуць укладаць вітамінныя прэпараты, якіх заўсёды не хапае. З гэтым Караеў таксама пагадзіўся», — сказала Ларыса Жыгар.
4. Не цягнуць з ужываннем амністыі да тых асуджаных, у каго адбыццё тэрміну заканчваецца.
«Амністыя будзе ўжывацца цягам 7–8 месяцаў пасля таго, як закон уступіць у сілу. Але некаторыя вязні, у каго тэрмін падыходзіць да заканчэння, і без амністыі выйдуць за гэты час на волю. Практыка мінулых амністый паказвае, што часта адміністрацыя калоніі зацягвае ўжыванне амністыі такім вязням, і ў выніку яны вызваляюцца нібыта па амністыі, але ўсяго за некалькі дзён да заканчэння прызначанага судом тэрміну. Караеў паабяцаў, што гэтак больш не будзе», — кажа Ларыса Жыгар.
На што не пагадзіўся Юры Караеў?
Перакваліфікаваць справы па 4 частцы 328 артыкула на 3 частку.
«Тут мы не дамовіліся. Караеў сказаў, што па 4 частцы паслаблення не можа быць. Па ягоных словах, управа наркакантролю робіць максімум, каб выяўляць і караць буйных наркадылераў, а да дробных закладчыкаў падыход паводле закону. Сказаў, што паслабляць практыку ўжывання 4 часткі 328 артыкула пакуль нельга і гэта не ў ягонай кампетэнцыі».
У 4 частцы 328 артыкула Крымінальнага кодэксу вядзецца пра адказнасць за распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай злачыннай групы. За гэта прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў. Актывісткі «Маці 328» дамагаюцца перагляду спраў асуджаных па 4 частцы 328 артыкула і ў шэрагу выпадкаў перакваліфікацыі іх дзеянняў на 3 частку таго ж артыкула.
Маці кажуць, што маладыя людзі часта не здзяйснялі таго злачынства, якое ім прыпісалі следчыя. «Прыкладам, паасобку куплялі наркотыкі ў адной інтэрнэт-краме, рабілі закладкі, іх затрымалі і зрабілі з іх арганізаваную групу, хаця хлопцы ніколі не сустракаліся. Вось і 4-я частка, а гэта ўжо зусім іншая адказнасць, большае пакаранне. Такога не павінна быць», — сказала Ларыса Жыгар.
Чаму гэтая сустрэча важная для сваякоў асуджаных па 328-м артыкуле?
Паводле актывістак «Маці 328», у беларускіх калоніях адбываюць пакаранне каля 2 тысяч асуджаных па 4 частцы 328 артыкула. «Але афіцыйных дадзеных у нас няма, нам іх не паведамляюць, магчыма, утойваюць», — кажа Ларыса Жыгар.
Агулам, па звестках МУС, зняволеных па 328 артыкуле ў беларускіх турмах і калоніях каля 6 тысяч.
Паводле лідаркі руху «Маці 328», на 10 ліпеня прызначаная сустрэча актывістак з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Наталляй Качанавай. На сустрэчу пойдуць Алена Кузьміна, Людміла Кулініч, Ала Берналь, якія тры тыдні трымалі галадоўку ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну, а таксама Ларыса Жыгар, якая галадавала 12 дзён.
Галадоўніцы патрабавалі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляду спраў па 328 артыкуле.
Пакаранне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Міншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама зменаў у заканадаўства.
«Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зняволення несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасці.
13 чэрвеня 2019 года Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўлення волі за незаконнае абарачэнне наркотыкаў зменшылі на 2 гады.