«Могуць зняважыць, абразіць і нават збіць». Пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі выйдзе кніга

Мастака 8 гадзін збівалі на Акрэсціна, пенсіянерку не абслужылі ў банку, спавячку прынялі за ўкраінку, са студэнткі смяяліся, а філосафа звольнілі з АНТ па ініцыятыве Лукашэнкі. За што?

photo_2021_02_20_19_43_41.jpg

За беларускую мову ў Беларусі.
Такімі гісторыямі мастак Алесь Пушкін, пенсіянерка Святлана Софіна, спавячка Zrabi, студэнтка Дар’я Плецінь і філосаф Уладзімір Мацкевіч падзяліліся з аўтаркай кнігі «Мова 404» Алінай Нагорнай. Гэтыя гісторыі не адзінкавыя ў сваім родзе. У новай кнізе сабраныя 100 аповедаў, розныя па ўзроўні дзікасці, аб’яднаныя адным пасылам: у Беларусі за беларускую мову могуць зняважыць, абразіць і нават збіць. Па-беларуску ў Беларусі немагчыма атрымаць адукацыю, заключыць дамову і нават набыць воцат у краме.
Аліна Нагорная: «У Беларусі адбываецца дыскрымінацыя па прыкмеце мовы, з ёй кожны дзень сутыкаюцца тысячы людзей. Я вырашыла зрабіць такі зборнік гісторый, каб грамадства ўбачыла праблему».

Аліна Нагорная

Аліна Нагорная


Для таго, каб выдаць кнігу, створаны краўдфандынг.
Кожны можа замовіць сабе кнігу, а таксама атрымаць падарункі.
Аўтарка — прадстаўніца ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная. Гэта не першая кніга, якую яна выдае праз краўдфандынг. У 2018 годзе выпусціла ў сааўтарстве з Ігарам Случаком дапаможнік па абароне моўных правоў "Абаронім мову", а ў 2019 годзе арганізавала выданне дзіцячай кніжкі «Кошык вожыка», якія былі падараваныя дзіцячым установам, дзе амаль няма літаратуры на беларускай мове.
Паводле прэс-рэліза