Мы жывем у Беларусі і слова не кажам па-роднаму

Мы працягваем знаёміць вас з людзьмі розных прафесій, якія ўжываюць беларускую мову не па загадзе альбо пры патрэбе, а паводле шчырага жадання і любові да роднай мовы.



.jpg

Фота belaruscanada.org

Андрэй Ільніцкі, лекар, Полацк

ilnicki.jpg

— Паколькі я нарадзіўся і вырас у Полацку, то беларускую мову — хутчэй у варыянце трасянкі — чуў з самага дзяцінства штодзень і ўсюды. Менавіта на такім сімбіёзе, але з перавагай беларускай мовы, размаўлялі мае бабулі і дзядуля,  і ўвогуле, многія гараджане. Але гэта была жывая гаворка, не літаратурная мова. А літаратурную беларускую мову я чуў і ўспрыняў з «правадной сеткі беларускага радыё», яно заўсёды было ўключана, і ўсе перадачы былі па-беларуску. Свядома аб «моўным пытанні» я задумаўся пасля канцэрту Багдана Данчыка ў полацкім Багаяўленскім саборы, гэта было ў часы перабудовы, і там ладзіўся адзін з першых канцэртаў спявака ў Беларусі. І вось я ўпершыню ўбачыў людзей (з Данчыкам была яго маці), якія цалкам — увесь час — размаўляюць на беларускай мове, пры гэтым не ведаюць рускую. Мы вярталіся з маёй маці дадому пасля канцэрту, і яна мне сказала: «Ну вось, людзі прыехалі здалёк і размаўляюць па-беларуску, а мы жывем у Беларусі і слова не кажам па-роднаму».

Зараз я працую ў Маскве, знаходжуся там пераважна большую частку часу, таму я б сказаў, што прага беларускай мовы ў мяне значна павялічылася. Па-беларуску я размаўляю з сябрамі, карыстаюся беларускай мовай штодня праз інтэрнэт і ў сацыяльных сетках. Калі бываю ў Беларусі — купляю шмат цікавых кніг на беларускай мове і чытаю потым, бо гэта дапамагае захоўваць беларускі менталітэт і беларускае бачанне свету. У Маскве ёсць некалькі беларускіх рэстаранаў, адзін з іх — мой улюбёны — «Белая Русь» на Вялікай Нікіцкай вуліцы, насупраць кансерваторыі, якую часта наведваю. Дык вось у гэтым рэстаране ўсё меню на добрай беларускай мове, я дапамагаў гаспадарам выпраўляць памылкі ў мове. Інтэр’ер і кухня — таксама беларускія. Ну і як у навукоўца — спецыяліста ў галіне геранталогіі і герыятрыі (навукі пра старэнне і хваробы ў людзей сталага ўзросту) у мяне ёсць працы на беларускай мове, напрыклад, пра праблемы заўчаснага старэння. У межах дзейнасці  Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага аб’яднання (я з’яўляюся яго старшынёй), якое ладзіць адукацыйная семінары для розных спецыялістаў, мы з калегамі робім пасведчанні і сертыфікаты аб удзеле ў семінарах, на беларускай мове. Так што беларуская мова заўсёды і кожны дзень са мной.

Аднойчы я чытаў лекцыю па герыятрыі ў Маскве, у першыя часы пасля таго, як стаў там працаваць. І пасля лекцыі да мяне падышлі дзве жанчыны, якія вельмі эмацыйна сталі казаць: «Як мы рады, што вы — наш зямляк, беларус, чыталі нам лекцыю!» Я вельмі здзівіўся, бо калі прадстаўляўся аўдыторыі слухачоў, не казаў, адкуль я родам. Запытаўся ў іх: «А адкуль вы ведаеце, што я з Беларусі?» Яны адказалі, што як толькі я вымавіў першае слова, яны адразу здагадаліся па артыкуляцыі — яна тыпова беларуская. Я вельмі здзівіўся, бо думаў, што размаўляю па-руску вельмі пісьменна і «без акцэнта». Так што беларускую мову нам нікуды не дзець, нават на ўзроўні вымаўлення — я менавіта пасля гэтага выпадку пераканаўся ў тым, што для жыхароў Беларусі найлепш карыстацца менавіта беларускай мовай, бо гэта прыгожа, натуральна, самавіта і адпавядае ўнутранаму складу.

Іван Осіпаў, бортнік, Палессе

bortnik_osipau.jpg

— Беларуская мова прыйшла ў маё жыццё, з аднаго боку, праз кроў — дзяцінства ў вёсцы, стасункі з мясцовай мовай, потым захапленне роднымі мясцінамі (краязнаўчая дзейнасць, запіс этнаграфічнай і фальклорнай спадчыны). З другога боку, выпадкова, бо па жыцці часта трапляліся людзі, з якімі можна было пагаварыць «нармальна». Раней, гады тры таму, я карыстаўся беларускай мовай збольшага ў інтэрнэце ды праз смс, а таксама ў беларускамоўным асяроддзі. Цяпер дадалося першае кола — сям’я. Цікава, што з пашырэннем практыкі беларускай мовы стала зусім нармальна размаўляць з суседзямі (украінцамі і палякамі), яны разумеюць, і ты сам іх разумееш, што галоўнае.

Вольга Шумская, супрацоўніца БДУ, Мінск

shumskaja.jpg

— Любоў да роднай мовы мне прывіла выкладчыца беларускай мовы і літаратуры ў школе, а больш усвядомленая цяга да роднай мовы выявілася пры навучанні ў ЕГУ, дзе многія аднакурснікі размаўлялі па-беларуску. Старалася адказваць ім гэта жа на беларускай мове — як атрымлівалася. Цяпер я заўсёды імкнуся размаўляць са сваімі сябрамі і роднымі на роднай мове. Цікава, што і мая мама, будучы выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, адкрыла для сябе прыгажосць беларускай мовы. У яе нават атрымліваецца лепш за мяне. Самыя актыўныя мае суразмоўцы на роднай мове — гэта мая сяброўка Вольга, яна медсястра-анестэзіёлаг (і размаўляе па-беларуску ў шпіталі на працы), і родны брат Андрэй.

Зараз я працую ў БДУ, у галоўным упраўленні навукі, і там часта чую, як супрацоўнікі БДУ размаўляюць на беларускай мове. У крамах заўсёды кажу «дзякуй». Дарэчы, муж мой — рускі і карэнны масквіч, ужо прывык да маіх уставак беларускіх слоў у паўсядзённае жыццё, часам просіць перавесці або растлумачыць, што сказала, а часам нават сам пытаецца, як тое, ці іншае слова будзе па-беларуску.

Смешна было, калі я першы раз папрасіла мужа знайсці нешта ў шуфлядцы. Вядома, цяпер ён ведае, што гэта такое і дзе знаходзіцца. Але тады я доўга чакала, калі ж ён прынясе патрэбную рэч. Ён, вядома, не прынёс, а прыйшоў і перапытаў, што такое шуфляда.

Уладзімір Ян, юрысконсульт, Гомель

jan.jpg

— Упершыню я пачуў родную мову ў дзяцінстве — мабыць, мне было гады тры ці крыху болей. Мама мне чытала кніжку «Ладачкі-ладкі». Гэтая кніжка захавалася і да сёння. Калі мне было тры з паловай гады, мы патрапілі ў Польшчу — мой бацька быў вайсковы медык (афіцэр медыцынскай службы). Там я спрытна вывучыў польскую, бо яна падавалася мне вельмі падобнай на беларускую. Пазней я даволі часта блытаў польскія словы і беларускія. У той час я быў сведкам барацьбы «Салідарнасці». Дасталося і мне. Там я адчуў, што значыцца быць акупантам...

Калі мы вярнуліся ў Беларусь, я быў вызвалены ад урокаў беларускай мовы і літаратуры. Аднойчы настаўніца мовы і літаратуры мне сказала: «Годзе табе, Вова, бадзяцца па вуліцы. Лепей сядзі на ўроках і проста слухай. Хатняе заданне можаш не выконваць. Проста сядзі і слухай. Можаш што заўгодна пры тым рабіць — маляваць, пісаць, чытаць ці іншае што...» Вось шчыры дзякуй ёй за гэтыя словы! Без прымусу я вельмі ўважліва слухаў. Слухаў і часам дзіву даваўся: Максім Танк? — Ён што, на танку ваяваў? Чаму такое дзіўнае прозвішча?

Самае моцнае ўражанне на мяне зрабіла мая прабабця, з якой я меў шчасце размаўляць пяць гадоў. Яна гаварыла на беларускай мове, зрэдку прымешваючы рускія словы. Гэта мяне вельмі бянтэжыла, бо я разумеў, што яна размаўляе неяк «не по-нашему». Толькі пазней мне адкрылася, што яна размаўляла той самай нашай мовай. Адна з тых размоваў засталася назаўжды ў маім сэрцы.

Малым я спытаў: «Бабуля, а Бог сапраўды існуе?» Яна крыху здзівілася: «Чаму ж ты спрашываеш?» Кажу: «Чытаю кніжку адну... Там распавядаюць, што Вялікі патоп сапраўды быў! Вучоныя пацвярджаюць...» — «А... Кніжку... Сапраўды, Бог — ёсць... Царква — гэта добра. Ленін правільна ўсё рабіў... І Бог — Ён добры. А папоў ненавіжу...» — вочы яе сталіся вільготнымі. —  «За што ты ненавідзіш папоў?» — Слёзы паліліся па зморшчынках бабулі...  — «Калі мы вучыліся ў школе... Пры царкве... У Дзятлавічах... Ён — поп, што прыехаў з Расіі, — біў лінейкай мяне па руках за кожнае слова па-нашаму...»

У дзевяностых гадах я патрапіў у гомельскую Талаку — і там упершыню пачуў жывую мову. Тым самым часам з вялікімі цяжкасцямі прачытаў Ластоўскага і Караткевіча. Ластоўскі даўся вельмі пакутліва, бо на тарашкевіцы, але ён мяне ўразіў. А Караткевіча чытаў лёгка, проста запоем. У гэты ж час я і пачаў размаўляць моваю — кульгава і брыдка, але размаўляў. З тых часоў мінула больш за дваццаць гадоў. І раптам я прачытаў паведамленне, што ЮНЭСКА пазначыла беларускую мову мовай, што памірае. З таго часу я пачаў пашыраць яе ўжытак — да ста адсоткаў, вядома ж, яшчэ вельмі далёка, але яна ўжо сталася моваю маіх думак. На ёй раблю ўсе нататкі, зацемкі. Нават са смаўжом сваім — у мяне жыве ахацін —  размаўляю беларускай мовай.