Ні вуды, ні рыбы
Урад Беларусі абнародаваў план антыкрызісных захадаў з мэтай «забеспячэння» збалансаванага развіцця эканомікі ва ўмовах змянення афіцыйнага курсу беларускага рубля». То бок ніякіх табе рынкавых сацыялізмаў або капіталізмаў без дробнага ды буйнога прадпрымальніцтва.
Урад Беларусі абнародаваў план антыкрызісных захадаў з мэтай «забеспячэння» збалансаванага развіцця эканомікі ва ўмовах змянення афіцыйнага курсу беларускага
рубля». То бок ніякіх табе рынкавых сацыялізмаў або капіталізмаў без дробнага ды буйнога прадпрымальніцтва.
Ніякага табе постіндустрыяльнага грамадства, у якое Беларусь павінна была, згодна з адной праграмай, трапіць літаральна гэтымі днямі, а дабрабыт працаўнікоў дасягнуць недзе 50–70% ад
сярэднееўрапейскага ўзроўню. Не, пра «планов громадье» стараюцца не ўзгадваць. А ўсяго толькі пра курс беларускага рубля.
Але ж і ў такой малой справе без хітрыкаў не абыходзіцца. Бо само вызначэнне мэты правакуе чытача да высновы, што раней, пры былым курсе, эканоміка развівалася збалансавана. Гэта значыць, прыбыткі
былі нашмат большыя за выдаткі, а баланс знешняга гандлю краіны быў стабільна дадатны і вартасць экспарту нашмат пераўзыходзіла вартасць імпарту. Таму прадпрыемствы, фірмы, бюджэты розных узроўняў не
ведалі, куды грошы дзець, як распарадзіцца валютнымі рэсурсамі, каб яшчэ болей зарабіць для сябе і для краіны.
Дык вось. Нічога такога і блізка не было. Некалькі гадоў запар велічыня адмоўнага сальда павялічвалася. За выключэннем студзеня, кожны месяц бягучага года павялічваў адмоўнае сальда знешняга гандлю
болей, чым на мільярд долараў. За I квартал мінулага года памер адмоўнага сальда ў гандлі таварамі склаў 1,2 мільярда долараў, за першыя тры месяцы бягучага года больш 3 мільярдаў. Адмоўнае сальда ў
цэлым за мінулы год склала 9,6 мільярдаў. Кожны вучань можа падзяліць адно на другое, памножыць і атрымаць вынік — у бягучым годзе Беларусь «недабярэ» ад знешняга гандлю ад
24 да 30 мільярдаў долараў.
Грошы не тое каб вялікія, можна сказаць, шалёныя. Калі гэта збалансаванае развіццё, то, мусіць, не ў бухгалтарскім разуменні гэтага слова. Бо пры такіх лічбах галоўныя бухгалтары ці страляюцца, ці іх
садзяць у турму.
Увогуле, цяжка зразумець, на што разлічваў Лукашэнка, калі патрабаваў ад прадпрыемстваў павялічваць вытворчасць валавой прадукцыі, ад продажу якой на знешніх рынках нельга нават
«адбіць» выдаткі. Кожны школьнік, якога павінны навучыць азбуцы эканомікі (сёлетні ж год абвешчаны Годам прадпрымальніцтва), будзе ведаць, што гэта тупіковы шлях. І, магчыма,
спытаецца ў настаўніцы: хто завёў Беларусь у тупік?
А яшчэ ж існуе нікім да гэтага часу не абвергнуты закон захавання рэчыва і энергіі. Нічога з неадкуль не бярэцца, нічога нікуды не знікае. Толькі пераўтвараецца адпаведна са сваёй прыродай. Калі
галава на плячах не толькі для фуражкі, то яна падказвае, што можна рабіць, а што нельга ні ў якім выпадку. Ад якой працы будзе плён, а ад якой марнатраўства. Галава падкажа, як разумнае зрабіць
дзейсным.
Увогуле, толькі дзейнасць, якая прыносіць чалавеку і грамадству большыя набыткі за выдаткі, якая дае чалавеку годныя заробкі, можа лічыцца працай. А калі чалавеку праз тры дні пасля палучкі
— хоць міласціну збірай, то гэта не праца. Гэта здзек з чалавека, гэта марнатраўства эканамічных рэсурсаў, якіх заўсёды не хапае. Нават краінам, вельмі багатым на рэсурсы.
З такой вось нагоды ў большасці краін забаронена дзейнасць прадпрымальнікаў-марнатраўцаў. Рынкавай канкурэнцыяй, прафесійнымі саюзамі ды ўрадамі, якія сочаць, каб прадпрымальнікі бесперашкодна
атрымоўвалі прыбыткі, а працоўныя — заробкі.
У нас жа ні заробкаў, ні прыбыткаў. Калі б справа дайшла да суду (незалежнага і таму аб’ектыўнага), фірму «Беларусь» давялося б збанкрутаваць, галоўнага менеджэра звольніць
ды наняць антыкрызіснага ўпраўляючага.
Беларусы жалю не вартыя, бо занадта многа і доўга слухалі прыемныя для сябе ад Менеджэра рэчы, і яму адказвалі такімі ж прыемнасцямі. Хай новы кіроўца не шкадуе беларусаў, нават не любіць іх. Але хай
навучыць, прывучыць краіну, створыць такую эканамічную сістэму, у якой можна працаваць ды зарабляць грошы. Менавіта краіну. У такой краіне плённа працуецца кожнаму паасобку і ў складзе карпарацыі.
Усё ведаюць, што такое добрая працоўная мараль, і чаму нельга заліваць вочы на рабоце без усялякіх дырэктыў.
Зразумела, грошы ў эканоміцы выконваюць найважнейшую ролю. Але значна больш важна ўменне іх зарабляць. Настолькі, наколькі ўменне рабіць вуду важней за ўменне лавіць рыбу. Ёсць вуда — некалі
нешта клюне нават на новы кручок. А ў нас атрымліваецца — ні вуды, ні рыбы. Бегаем па беразе, галёкаем, хто б выручыў. Клянемся, што ў апошні раз. А далей ужо самі заробім. Як? Вы не
паверыце! Для дасягнення балансу антыкрызісная праграма ўрада прадугледжвае (пункт 32) павялічэнне аб’ёму экспарту за кошт падвышэння аб’ёмаў вытворчасці.
Ведаеце, гэта нават не смешна. Бо галоўнай крыніцай дысбалансу з’яўляюцца прамежкавыя тавары, якія Беларусь купляе для вырабу гатовай прадукцыі. Гэта сыравіна, энерганосьбіты, камплектуючыя.
Прычым сыравіну, энерганосьбіты можна лёгка прадаваць на сусветных рынках, а пры адпаведнай кан’юнктуры, прадаваць выгадна і вельмі выгадна. Гатовую ж прадукцыю — не заўсёды.
Возьмем, напрыклад, тыя ж цыгарэты. Паколькі Беларусь не мае уласнага тытуню, то яна купляе яго ў замежжы. Па цэнах, усталяваных канкурэнцыяй пакупнікоў. А вось гатовыя цыгарэты з беларускім брэндам
можна прадаваць на адносна абмежаваных рынках і па тых коштах, якія яны прапануюць.
Каб патаргавацца, то не надта патаргуешся. У любы момант скажуць, што за такія грошы мы возьмем «натуральную фірму».
Цікава і тое, што Расія (ЕврАзЭС), якая быццам бы патрабавала ад Беларусі змены прыярытэтаў для пераадолення сістэмнага крызісу эканомікі, на такую бязглуздзіцу нават не звярнула ўвагі. Пачала
працэдуру выдачы чарговага крэдыту. Але не пад абстрактныя і сумнеўныя абяцанкі, а пад абяцанне рэальнага ўдзелу расійскага капіталу ў прыватызацыі цікавых для яго беларускіх актываў.
Вось такі баланс інтарэсаў.