На мясцовасці ў ахоўнай зоне Курапатаў пазначана “Дарога смерці”

3 кастрычніка на мясцовасці ў ахоўнай зоне Курапатаў пазначана траса гістарычнай “Дарогі смерці”.



kurapaty_ds_1.jpg

Пазначаны першы ад шашы “Заслаўе — Калодзішчы” створ былой “Дарогі смерці”

“Дарогай смерці” называюць былы шлях на полі паміж Курапатамі і “Экспабэлам”, па якому ў 1930-я гады людзей вазілі ў “чорных варанках” з Мінска ва ўрочышча на расстрэл. Траса гэтага шляху ідзе ад МКАДу да шашы “Заслаўе-Калодзішчы” амаль паралельна лініі ўсходняй мяжы курапацкага лесу.

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” разам з сябрамі рабочай групы па падрыхтоўцы дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, адкрыццё якой запланавана ў Мінску 30 кастрычніка, і нацыянальнага конкурсу на лепшы праект мемарыялізацыі ўрочышча, што пачнецца 1 лістапада, пазначылі “Дарогу смерці” на мясцовасці.

Падставай для пазначэння трасы “Дарогі смерці” сталі схемы архітэктараў – аўтараў праекта зонаў аховы гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”. Гэты праект быў зацверджаны Міністэрствам культуры 1 снежня 2014 года. Каб вызначыць трасу “Дарогі смерці”, архітэктары накладалі на сучасныя мапы гістарычныя, у тым ліку нямецкія часоў Другой сусветнай вайны.

kurapati_ds_2.jpg

Разам з тэхнікам-тапографам Міхасём Каралёнкам грамадскія актывісты на мясцовасці пазначылі невялікімі тычкамі, упрыгожанымі стужкамі з нацыянальным арнаментам, створ “Дарогі смерці” і мяжу ахоўнай зоны Курапатаў, якая ў гэтым раёне праходзіць у шасці метрах на ўсход ад створу “Дарогі смерці”.

У працы ўдзельнічалі выбітныя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння, у тым ліку мастакі Алесь Мара, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік і Генадзь Драздоў, фотамастак Георгій Ліхтаровіч, кінадраматург Уладзімір Халіп, старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, культуролаг Вацлаў Арэшка і грамадскі актывіст Алесь Макаў. 

kurapati_ds_3.jpg

  Грамадскія актывісты выйшлі да МКАДу. Злева направа: Вацлаў Арэшка, Міхась Каралёнак і Алесь Макаў

Трэба адзначыць, што калі да 2014 года ў ахоўнай зоне Курапатаў знаходзілася толькі частка “Дарогі смерці”, дык зараз — уся, дзякуючы высілкам актывістаў грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”.

Траса “Дарогі смерці” і ўсходняя мяжа ахоўнай зоны Курапатаў пазначаны на мясцовасці дзеля таго, каб выключыць мажлівасць незаконнай забудовы гэтай тэрыторыі інвестарамі, як гэта было раней з заходняга боку нацыянальнага некропалю, калі ў ягонай ахоўнай зоне восенню 2012 года быў пабудаваны аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”.