У Курапатах рамантуюць магістральны газаправод
У Курапатах спецыялісты прадпрыемства “Мінгаз” рамантуюць магістральны газаправод высокага ціску, які быў пракладзены праз тэрыторыю нацыянальнага некропалю ў другой палове 1980-х гадоў.
Як стала вядома карэспандэнту НЧ, комплексным прыборным даследаваннем на ўчастку гэтай транспартнай трубаправоднай сістэмы, што праходзіць праз помнік гісторыі і археалогіі міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы “Курапаты”, сёлета ў верасні былі выяўленыя дэфекты ізаляцыі газаправоду ў двух месцах — каля “Крыжа Пакутаў” і каля “Лавы Клінтана”. Рамонтныя працы распачаліся 29 верасня і павінны завяршыцца 30 верасня.
Магістральны газаправод высокага ціску, што пракладзены праз Курапаты, з’яўляецца стратэгічным аб’ектам, бо забяспечвае сталіцу і Мінскі раён. Кожны год уздоўж трасы трубаправода праводзяцца комплексныя прыборныя даследаванні. У мінулым годзе на тэрыторыі Курапатаў таксама рамантавалі гэты газаправод, праўда, у іншым месцы.