Назваць імёны трох расстраляных у Курапатах, вядомыя Генпракуратуры
Агучыць імёны трох расстраляных у Курапатах, вядомыя Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. З такім лістом 28 верасня да генпракурора Аляксандра Канюка звярнуліся грамадскія актывісты.
Сярод іх — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу.
У лісце, між іншым, нагадваецца, што ў 1997–1999 гадах Генпракуратурай праводзілася дадатковае расследаванне пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.
9 лістапада 2001 года старшыня грамадскага аб’яднання “Дыярыуш” Ларыса Андросік звярнулася ў Генпракуратуру з пісьмовай просьбай давесці да грамадскасці асноўныя вынікі гэтага дадатковага расследавання.
У сваім адказе ад 7 снежня 2001 года начальнік аддзела па нагляду за выкананнем закону ў войсках і на транспарце Генпракуратуры, старшы дарадца юстыцыі А.Д. Доўбыш паведаміў, у тым ліку, наступнае:
"В процессе расследования дела удалось идентифицировать останки только трёх человек. При вскрытии захоронений найдены квитанции об изъятии у них денег при аресте, датированные октябрем 1939 и июнем 1940 годов. Уголовных дел на этих лиц нет. В связи с этим нет возможности выяснить, где они проживали, чем занимались и что им вменялось в вину".
У сувязі з падрыхтоўкай грамадскасцю дакументальна-мастацкай выставы “Курапаты” грамадскія актывісты просяць Аляксандра Канюка паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.
Трэба адзначыць, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 года пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяраў, стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.
Больш за 13 гадоў таму, 14 снежня 2001 года, Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес і Мойша Іяхеевіч Крамер. У іх у 1940 годзе ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.