На мяжы дэфолту

Беларускі эканамічны цуд скончыўся. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s не выключае далейшага зніжэння суверэннага рэйтынгу Беларусі, дэфолту і замарожвання валютных дэпазітаў.



6aadca7bd86c4743e6724f9607256126.jpg

Беларускі эканамічны цуд скончыўся. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s не выключае далейшага зніжэння суверэннага рэйтынгу Беларусі, дэфолту і замарожвання валютных дэпазітаў.
Паводле ацэнак экспертаў міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Moody’s, у другім паўгоддзі 2011 года Беларусі спатрэбіцца 3–6 мільярдаў долараў ЗША на падтрыманне ўстой­лівасці банкаўскай сістэмы і вырашэнне іншых надзённых праблем. Такая ж сума спатрэбіцца краіне ў 2012 годзе для падтрымання ўстойлівасці банкаўскай сістэмы і пакрыцця дэфіцыту плацежнага балансу.
Але адкуль узяць гэтыя грошы? Па разліках Moody’s, гэтыя сродкі Беларусь можа атрымаць за кошт знешніх запазычанняў (крэдыты Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і МВФ), прыватызацыі і свабоднага курсаўтварэння. Пры такім развіцці падзей рэйтынгі беларускіх банкаў захаваюцца на ўзроўні «В3», іх праблемныя актывы вырастуць да 15% да канца 2012 года. Дастатковасць уласнага капіталу банкаў знізіцца да 4%, у 2012 годзе спатрэбіцца іх рэкапіталізацыя з уліваннямі ў эквіваленце 1 мільярда долараў, што, як мяркуюць эксперты Moody’s, будзе ажыццёўлена, хутчэй за ўсё, за кошт сродкаў дзяржбюджэту.
На думку экспертаў, захаванне цяперашняй сітуацыі прывядзе да негатыўных наступстваў і паніжэння краінавага рэйтынгу Беларусі з «B3» да «Саа», пагрозы дэфолту. Цяперашняя сітуацыя характарызуецца адміністрацыйным стрымліваннем свабоднага курсаўтварэння, дэфіцытам замежнай валюты, недастаткова цвёрдай манетарнай палітыкай, адсутнасцю выніку ад прыватызацыі і дамоўленасцяў з МВФ аб прыцягненні знешніх запазычанняў.
Пры такім развіцці падзей, як мяркуюць эксперты Moody’s, доля праблемных актываў у беларускіх банках вырасце да 20% у 2012 годзе, а ўлады Беларусі могуць пайсці на замарожванне валютных дэпазітаў або іх прымусовую канверсію ў беларускія рублі.
Прагнозы Moody’s, хутчэй за ўсё, надзвычай аптымістычныя. Крэдыт Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС на гэты год мы ўжо, здаецца, выбралі. Крэдыт ад МВФ Беларусі «не свеціць», — да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні. Бо ж у МВФ ёсць амаль рашучы голас ЗША, якія надзвычай прынцыпова ставяцца да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
І не толькі з правамі чалавека. Беларускія ўлады самі сабе падклалі свінню. 19 жніўня стала вядома, што Беларусь замарожвае праекты па абмене высокаўзбагачанага ядзернага паліва з ЗША ў адказ на ўвядзенне Злучанымі Штатамі эканамічных санкцый.
«Увядзенне новых амерыканскіх эканамічных санкцый ідзе насуперак духу ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва. У гэтых умовах беларускім бокам прынята рашэнне аб замарожванні распрацаваных сумесна з ЗША праектаў па абмене высокаўзбагачанага ядзернага паліва ў межах ініцыятывы па зніжэнні глабальнай пагрозы міністэрства энергетыкі ЗША, а таксама па стварэнні праграмы МБА пры Беларускім дзяржаўным універсітэце», — інфармуе прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. Пры гэтым, падкрэслівае Савіных, «Беларусь па-ранейшаму будзе арганізоўваць фізічную бяспеку ядзернага паліва ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне нераспаўсюджвання».
Ну і хто дасць крэдыт краіне з нестабільнай эканомікай, краіне, якая не выконвае дамоўленасці? Бо 1 снежня 2010 года на саміце АДКБ у Астане дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў выступілі з сумеснай заявай, у якой пацвердзілі прыхільнасць сваіх краін ядзернай бяспецы і ядзернаму нераспаўсюджванню. Мартынаў аб’явіў, што Беларусь прыняла рашэнне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыццявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бяспецы ў 2012 годзе.
Не будзе вывазу ядзернага паліва — не будзе дапамогі ЗША. Не будзе дапамогі ЗША — не будзе грошай. Не будзе грошай — будзе дэфолт. Грошы ўзяць няма адкуль. Настолькі няма, што Нацбанк прапанаваў шэрагу буйных беларускіх банкаў адбіраць валюту, якую кліенты здаюць у абменныя пункты.
Канфіскаваная валюта нібыта пойдзе для наступнага продажу на сацыяльна значныя мэты. Як паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Аляксандр Цімашэнка, адпаведны ліст Нацыянальнага банка накіраваны ў крэдытна-фінансавыя ўстановы. Ім рэкамендавана разгледзець пытанне аб ажыццяўленні іх асобнымі абменнымі пунктамі і касамі, размешчанымі на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, аперацый толькі па куплі наяўнай замежнай валюты з аплатай у наяўных беларускіх рублях.
Набытая замежная валюта павінна будзе накіроўвацца банкам на продаж насельніцтву для аплаты ім сацыяльна значных патрэб (лячэнне за мяжой, пражыванне і навучанне студэнтаў за мяжой, выезд за межы рэспублікі ў сувязі з хваробай або смерцю сваякоў і інш.). Тыя беларусы, якія не патрапілі ў спіс «сацыяльна значных», вымушаны тыднямі чакаць сваёй чаргі каля абменных пунктаў у надзеі, што хто-небудзь здасць валюту па афіцыйным курсе. Цяпер і гэтая апошняя магчымасць будзе зачыненая.
А ў таго, у каго валюта ёсць, варта яе патрымаць да «лепшых часоў». На думку эканаміста Сяргея Чалага, урад і Нацбанк павінны да выходных у чарговы раз дэвальваваць беларускі рубель, каб паказаць Міжнароднаму валютнаму фонду, што ў Беларусі пачынаюцца рэальныя эканамічныя рэформы.
Пасяджэнне Савета дырэктараў МВФ, дзе будзе разглядацца і беларуская заяўка на крэдыт у памеры ад 3,5 да 8 мільярдаў долараў, пройдзе ў панядзелак, 29 жніўня. «Вакно магчымасцяў насамрэч вельмі маленькае, да пятніцы трэба паспець, бо ў панядзелак пасяджэнне савета дырэктараў МВФ, а ім ужо трэба бу­дзе прадэманстраваць нейкае рынкавае рашэнне праблемы», — кажа Чалы. Пакуль жа, як заўважыў Чалы, урад спрабуе справіцца з эканамічным крызісам адміністратыўнымі метадамі. Менавіта так, як гэта было падчас распаду СССР.
А тым часам у студзені–ліпені 2011 года адбылося падзенне аб’ёмаў вытворчасці ў здабычы паліўна-энергетычных карысных выкапняў (на 0,2%), а таксама аб’ёмаў вытворчасці і размеркавання электраэнергіі, газу і вады (на 2,3%). Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Калі ўжо стратэгічныя галіны вытворчасці страчваюць, што казаць пра астатніх?