На ростанях
Пяты з’езд беларусаў свету «Бацькаўшчына» прайшоў пад знакам кампрамісу. Удзел у ім прынялі 252 дэлегаты з 18 краінаў свету. Мерапрыемства наведалі дзяржаўныя чыноўнікі, што нетыпова для выбудаванай сістэмы адасаблення «апазіцыя — улада». Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» дыпламатычна вытрымала дыстанцыю, праявіўшы сябе гаспадаром з’езда.
Пяты з’езд беларусаў свету «Бацькаўшчына» прайшоў пад знакам кампрамісу. Удзел у ім прынялі 252 дэлегаты з 18 краінаў свету. Мерапрыемства наведалі дзяржаўныя
чыноўнікі, што нетыпова для выбудаванай сістэмы адасаблення «апазіцыя — улада». Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» дыпламатычна вытрымала дыстанцыю, праявіўшы
сябе гаспадаром з’езда.
Кампраміснасць праявілася ад пачатку: замест гімна «Магутны Божа», які традыцыйна падкрэслівае недзяржаўнасць падобных мерапрыемстваў, зайграла мелодыя з «Полацкага
сшытку». Дзяржаўныя чыноўнікі ўзялі слова толькі пасля таго, як прагучаў аўдыёзапіс звароту старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ды выступіў з прывітальным словам амбасадар Швецыі ў Беларусі
Стэфан Эрыксан.
Міністр культуры Павел Латушка і ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка (апошні прысутнічаў на з’ездзе ўсе два дні «ад званка да званка»)
выступілі з прывітальнымі словамі, якія, праўда, нагадвалі доўгія справаздачы пра дасягненні на ніве апякунства над беларушчынай. Усе акцэнты расставіў цяпер ужо былы старшыня
«Бацькаўшчыны» Алесь Марачкін, пакпіўшы, што яго прамова на фоне папярэдніх выступаў не такая аптымістычная. Напрыканцы Марачкін прапанаваў вярнуць беларускай мове статус адзінай
дзяржаўнай — ініцыятыву сустрэлі воплескамі.
Цягам двух дзён размовы вяліся вакол праблем з захаваннем нацыянальнай гісторыі, культуры, мовы. Сярод цэлага шэрагу рэзалюцый і прапаноў, з нашага пункту гледжання, найбольш вартая ўвагі ініцыятыва
ўнясення зменаў у праект закона «Аб беларусах замежжа», якая прадугледжвае ўвядзенне пасведчання беларуса замежжа па аналогіі з «картай паляка». Гэты дакумент
мусіць дапамагаць этнічным беларусам пры наведванні імі гістарычнай радзімы, у прыватнасці, атрымліваць шматразовую беларускую візу на палёгкавых умовах, не рэгістравацца па прыбыцці ў Беларусь, мець
доступ да адукацыі і медыцынскай дапамогі нароўні з грамадзянамі Беларусі ды іншае.
Таксама былі прынятыя звароты да розных дзяржаўных органаў аб стварэнні ўстаноў па справах беларускай дыяспары, ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў, падтрымцы беларускамоўных СМІ, тэле- і
радыёпраграм па-за межамі Беларусі, зварот аб беларускай мове, захаванні і падтрымцы Беларускай хаты — культурна-асветніцкага цэнтра Міжнароднага грамадскага аб’яднання
«Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
На знак таго, што «Бацькаўшчына» — не праўладная арганізацыя, хоць і са скрыпам, але была прынятая рэзалюцыя, у якой асуджаюцца арышты ўдзельнікаў акцыяў салідарнасці з
палітвязнямі і сем’ямі зніклых без вестак апанентаў цяперашняй улады.
Напрыканцы другога дня працы з’езд абраў новыя кіраўнічыя органы, у тым ліку і старшыню. Ёю фактычна аднагалосна (толькі два чалавекі ўстрымаліся) была абраная Алена Макоўская, якая дагэтуль
займала пасаду намесніцы старшыні. Алена Макоўская заявіла, што для яе такая салідарнасць была нечаканай, але вельмі прыемнай. «Для мяне заяўлена вельмі высокая планка, бо маімі
папярэднікамі на гэтай пасадзе былі людзі нязломныя, вельмі прынцыповыя, сапраўдныя патрыёты Бацькаўшчыны — Васіль Быкаў, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін. Я буду імкнуцца трымаць гэту
планку», — паабяцала новая кіраўніца «Бацькаўшчыны».
Вакол з’езда «Бацькаўшчыны» ад самага пачатку было мноства спрэчак і пытанняў наконт адносін з уладамі. Арганізатары доўга не маглі атрымаць дазвол на арэнду памяшкання.
Справа зрушылася з мёртвай кропкі пасля ўмяшання галоўнага рэдактара «Советской Белорусии» Паўла Якубовіча. Пагаворваюць, што не апошнюю ролю ў гэтым адыграла і адмова падтрымаць
ініцыятыву Аляксандра Казуліна па стварэнню арганізацыі «Беларускі дом», адным з заснавальнікаў якога мусіла выступіць «Бацькаўшчына».
Дарэчы, на з’ездзе гэта пытанне не ўздымалася. Экс-старшыня арганізацыі Алесь Марачкін заявіў, што з ратацыяй кіраўнічых кадраў нічога істотна не зменіцца, аднак новаму кіраўніцтву варта
падрыхтаваць для ўладаў «пугу». «Новыя кіраўнікі — менеджэры высокага класа, якія могуць арганізаваць дыялог з уладамі. Аднак у гэтай сітуацыі, акрамя
«салодкага перніка», павінна быць падрыхтаваная «пуга», — лічыць Алесь Марачкін. — Улады б задаволіла кіраваная грамадская арганізацыя. Яны
будуць рабіць усё, каб не было ні кроку направа, ні кроку налева. Я непакоюся, што арганізацыя можа стаць кіраванай. Магчыма, што разам з інтарэсамі арганізацыі свае інтарэсы будуць прасоваць улады.
Прэс-канферэнцыя з чыноўнікамі падчас з’езда беларусаў свету — гэта знак. Знак дыялогу. Але пры гэтым, дыялогу не на роўных. Таму што наперадзе прэзідэнцкія выбары, а ў нашу раду
ўваходзяць палітычна заангажаваныя людзі. Адны выступаюць за дыялог з уладамі, а іншыя адстойваюць маральна-этычныя прынцыпы і патрабуюць рэальных, а не дэкаратыўных пераменаў у
краіне».
Расійскі «Коммерсант» змясціў істэрычны артыкул пра з’езд беларусаў свету, у якім ці не адназначна гаворыцца пра разварот апазіцыйна настроенай арганізацыі ў бок Лукашэнкі,
і, адпаведна, маўклівую згоду ўладаў на барацьбу з наступствамі русіфікацыі Беларусі. Па вялікаму рахунку, нічога крамольнага ў прысутнасці на з’ездзе дзяржаўных чыноўнікаў няма —
жыццё не стаіць на месцы і аднойчы беларусы, якія знаходзяцца па розныя бакі барыкад, будуць вымушаныя пайсці насустрач адзін аднаму. Натуральна, калі да апазіцыі прыходзяць прадстаўнікі дзяржавы, то
са сваім інтарэсам. Але вырашаць узровень дыялогу і ўзаемадзеяння ўсё ж мусіць кіраўніцтва «Бацькаўшчыны», найперш зважаючы на інтарэсы сваіх сябраў і, як слушна заўважыў Марачкін,
маральна-этычныя прынцыпы.
Што тычыцца новай кіраўніцы арганізацыі — Алены Макоўскай, то, хаця яна і саступае ранейшым старшыням у грамадскім аўтарытэце, але на дадзеным этапе мае неблагую падтрымку, імпэт і, як
мінімум, задэклараваны намер трымацца маральнай планкі сваіх папярэднікаў.