Нацыянальная ідэя — не толькі жыць пры дэмакратыі і размаўляць па-беларуску

Пра гэта заявіў 25 сакавіка ў Мінску на канферэнцыі "Ідэалы БНР у сённяшнім часе", прысвечанай святкаванню Дня Волі, сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларускі Рух” Віктар Івашкевіч.



kanfierencyja_25_3_13.jpg

Фота Марата Гаравога

На ягоную думку, нацыянальная ідэя — гэтая тая адметная кветка беларускай нацыі, без каторай будзе няпоўным этнічны букет чалавецтва.

Затым Івашкевіч распавёў пра круглыя сталы з удзелам лідараў апазіцыі, прысвечаныя  бачанню знешняй палітыкі, эканомікі і нацыянальнай ідэі ў постлукашэнкаўскай Беларусі. “Прычым, па першых дзвюх тэмах такія круглыя сталы адбыліся адпаведна ў “Новым часе” і “Народнай волі”, а трэці, запланаваны ў “Нашай ніве”, — не адбыўся. Так, пры абмеркаванні праблем знешняй палітыкі краіны ўсе ўдзельнікі круглага стала заявілі, што Беларусь павінна развівацца ў кантэксце еўрапейскага цывілізацыйнага выбару. Аднак, узніклі пытанні, якія патрабуюць далейшага абмеркавання: ці мы безаглядна просімся ў Еўразвяз адразу пасля правядзення свабодных выбараў, ці будзем спачатку імкнуцца адпавядаць еўрапейскім каштоўнасцям. Пры гэтым была выказана заўвага, што не ўсе еўрапейскія каштоўнасці могуць быць прынятыя ў Беларусі. Гаворка ідзе пра непрымальнасць аднаполых шлюбаў і абортаў, а таксама эміграцыйнай палітыкі краін Еўразвязу”, — сказаў Івашкевіч. Ён лічыць неабходным падоўжыць абмеркаванне пытанняў рэфармавання краіны, у тым ліку — па выпрацоўцы нацыянальнай ідэі.    

Як адзначыў былы кандыдат ў прэзідэнты Беларусі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”Віталь Рымашэўскі, удзельнікі круглага стала ў “Народнай волі” прыйшлі да высновы, што дэградацыю эканомікі і страту незалежнасці можна прадухіліць толькі пры ўмове аднаўлення інстытута свабодных выбараў і незалежнай судовай сістэмы, народаўладдзя і кантролю за дзеяннямі ўлады з боку народа. Толькі пры гэтых умовах бізнес можа свабодна развівацца, а айчынная эканоміка стане канкурэнтаздольнай, сказаў палітык.

Ён распавёў, што на лета мастакі суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў запланавалі правядзенне пленэру ў вёсцы Мілавіды Баранавіцкага раёну Брэсцкай вобласці, дзе 21 траўня 1863 году праводзіў інспекцыю інсургентаў кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага самаўладдзя Кастусь Каліноўскі і дзе 22 траўня 1863 года адбыўся самы вялікі падчас паўстання бой інсургентаў з царскімі карнікамі. 

Былы кандыдат ў прэзідэнты Беларусі Рыгор Кастусёў адзначыў, што неабходна стварыць сайт дзеля распаўсюду ў грамадстве распрацовак па асноўных праблемам рэфармавання розных бакоў жыцця краіны, падрыхтаваных незалежнымі экспертамі па палітычным, эканамічным, сацыяльным і прававым пытанням. 

Доктар паліталогіі Анатоль Астапенка выказаў шкадаванне, што недастаткова асветлена нават незалежнымі СМІ такая важная для свядомасці грамадства падзея, як навукова-практычная канферэнцыя “Паўстанне 1863 году і яго значэнне для Беларусі”, што адбылася ў Мінску 23 сакавіка. “На канферэнцыі адзначалася, што характар і ідэалогія паўстання, сама асоба Кастуся Каліноўскага — вялікі наробак для айчыннай гісторыі, вызначальная веха на шляху стварэння беларуская нацыі. Менавіта дзякуючы паўстанню свет даведаўся пра існаванне беларусаў”, — падкрэсліў Астапенка. 

Старшыня грамадскага аб’яднання “Рух “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу на тое, што першыя выбары пасля Лукашэнкі “могуць вырашыць канчаткова наш лёс”.  Паводле ягоных слоў, апазіцыя абапіраецца не больш на 30 адсоткаў грамадства, якое пасля Лукашэнкі будзе расколатым на прарасійкую і празаходнюю часткі. “І мы павінны думаць, як уплываць на значную частку грамадства, чаго мы яшчэ не заўсёды ўмеем, а таксама дабівацца ўстойлівасці еўрапейскіх настрояў у краіне”, — сказаў палітык. На ягонае меркаванне, у сітуацыі, калі аўтарытарны ўсходні сусед робіць рэванш і імкнецца ўзнавіць імперыю, Еўропа разумее, што Расія паводзіць сябе цынічна і брутальна. “Таму Еўропа больш схільна абараняць Беларусь, бо аднаўленне агрэсіўнай Расійскай імперыі пагражае Захаду”, — падкрэсліў Мілінкевіч.