Надзвычайнае становішча. Што гэта і як яго могуць увесці ў Беларусі

Парадак увядзення надзвычайнага становішча ў Беларусі рэгулюе асобны закон, які так і называецца — «Аб надзвычайным становішчы», піша Радыё Свабода.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Надзвычайным становішчам (НС) называецца ўведзены на ўсёй тэрыторыі краіны альбо ў некаторых яе рэгіёнах часовы рэжым асаблівай прававой дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асобаў. На практыцы гэта абазначае абмежаванне альбо ўвогуле пазбаўленне некаторых правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй.

Як уводзіцца рэжым надзвычайнага становішча

У адпаведным законе сказана, што поўны альбо частковы рэжым НС у Беларусі можа быць уведзены з прычыны абставін, якія пагражаюць бяспецы, альбо жыцьцю і здароўю людзей, альбо тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы. Пры гэтым увядзенне надзвычайнага становішча павінна спрыяць вырашэнню крызіснай сітуацыі.
Прычынамі увядзення НС могуць быць прыродныя катаклізмы, надзвычайныя здарэнні, эпідэміі, стыхійныя бедствы, тэхнагенныя катастрофы, а таксама масавыя беспарадкі, якія нясуць пагрозу жыццям людзей.
Уводзіцца рэжым надзвычайнага становішча ўказам кіраўніка дзяржавы, які павінны за трохдзённы тэрмін зацвердзіць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету Рэспублікі. Тэкст указу павінен быць адразу ж апублікаваны і распаўсюджаны ўсімі магчымымі шляхамі.
Пры гэтым тэрмін дзеяння надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі Беларусі не можа быць большым, чым 30 дзён. Калі НС увялі ў асобным рэгіёне, то гэты тэрмін складае 60 дзён з моманту апублікавання ўказу. Пра ўвядзенне рэжыму НС у краіне ўлады Беларусі таксама павінны паінфармаваць ААН. Калі рэжым НС уводзіцца толькі ў некаторых рэгіёнах, то паінфармаваць неабходна і ўлады краін, якія мяжуюць з такімі рэгіёнамі.

Як выглядае рэжым надзвычайнага становішча на практыцы

Усе абмежаванні, якія ўводзяцца ў сувязі з рэжымам надзвычайнага становішча, павінны быць пазначаныя ў тэксце ўказу кіраўніка дзяржавы. Але яны не могуць перасягнуць межы, абазначаныя ў законе «Аб надзвычайным становішчы».
Сярод такіх абмежаванняў можа быць

  • поўнае альбо частковае спыненне дзейнасці дзяржаўных органаў,
  • абмежаванне свабоды перамяшчэння па тэрыторыі краіны,
  • увядзенне асаблівага рэжыму ўезду на тэрыторыю з рэжымам НС,
  • забарона мітынгаў і страйкаў.

Акрамя гэтага, закон «Аб надзвычайным становішчы» дазваляе ўладам

  • перасяляць людзей у іншыя рэгіёны,
  • уводзіць каранцін,
  • каменданцкі час,
  • абмяжоўваць свабоду СМІ,
  • прыпыняць дзейнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый,
  • забараняць правядзенне выбараў і рэферэндумаў.

Пры гэтым увядзенне рэжыму надзвычайнага становішча не абавязкова азначае прымяненне ўсіх пералічаных захадаў. Яны могуць выкарыстоўвацца часткова.

Хто забяспечвае выкананне рэжыму НС

Сілавікі. У адпаведным законе гаворыцца, што мерапрыемствы па ўвядзенні надзвычайнага становішча выконваюцца МУС, органамі дзяржаўнай бяспекі, унутранымі войскамі. Пры неабходнасці дазволена выкарыстанне сілаў Мінабароны і Міністэрства надзвычайных сітуацый.
Кіраўнік дзяржавы таксама павінен прызначыць каменданта, які будзе кіраваць сітуацыяй на тэрыторыі, дзе ўведзенае надзвычайнае становішча. Усе захады, звязаныя з ажыццяўленьнем НС, павінны быць ухваленыя камендантам і аператыўным штабам НС.

Як забяспечваюцца правы грамадзян падчас НС

Вышэй ужо адзначалася, што правы грамадзян падчас надзвычайнага становішча могуць быць цалкам альбо часткова абмяжоўвацца. Аднак пасля завяршэньня рэжыму НС яны маюць права на кампенсацыю ў выглядзе фінансавай дапамогі альбо ў іншай форме. Напрыклад, тым грамадзянам, якіх у нейкай форме прымушалі выконваць неабходныя работы, пасля завяршэньня рэжыму НС абавязаны заплаціць. Таксама дзяржава павінна кампенсаваць нанесеную грамадзянам матэрыяльную шкоду, уладкаваць іх на працу (калі яна была страчаная падчас НС) альбо аказаць іншую неабходную дапамогу. Усе выпадкі падрабязна прапісаныя ў заканадаўстве.
Рэжым надзвычайнага становішча не дае сілавікам новых магчымасцяў у прымяненні фізічнай сілы і агнястрэльнай зброі. Яны абавязаныя дзейнічаць гэтаксама, як і ў звычайных умовах.

«Фактычна надзвычайнае становішча ўжо ўведзенае»

Старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту юрыст Алег Гулак у размове са Свабодай адзначыў, што прадказаць увядзенне рэжыму надзвычайнага становішча ў Беларусі адпаведным указам Лукашэнкі складана. Аднак можна сцвярджаць, што такі рэжым фактычна ўжо дзейнічае.
«Папраўдзе, надзвычайнае становішча ўжо дэ факта ўведзена, — гаворыць Алег Гулак. — Таму што тая ступень адмовы ад законных працэдур, якую мы назіраем, ужо даўно цягне на ўзровень надзвычайнага становішча. Адно, што не былі выкананыя неабходныя для яго ўвядзення працэдуры. У гэтым кантэксце я не зусім разумею, навошта яшчэ нешта ўладам уводзіць. Хаця ў сённяшняй сітуацыі прадказваць логіку ўладаў сэнсу вялікага няма, яна вельмі спецыфічная. Трэба ўлезці ў іхную шкуру, каб гэта ўсё зразумець. Я не здзіўлюся, калі рэжым НС увядуць. Але яшчэ больш я не здзіўлюся, калі яго так і не ўвядуць. Цяперашнія дзеянні ўлады без абвяшчэння рэжыму НС — гэта парушэнне заканадаўства».
Адной з праяваў фактычнага рэжыму надзвычайнага становішча ў Беларусі Алег Гулак бачыць прызначэнне памочнікаў Лукашэнкі ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, а таксама ў Мінску.
«Гэты інстытут улады нідзе не прапісаны, — кажа Гулак. — Лукашэнка кажа, што мы іх прызначым, а якія паўнамоцтвы яны будуць мець, мы яшчэ падумаем. Гэта нават не камэнданты, якіх прадугледжвае закон аб надзвычайным становішчы, а камісары. Яны могуць кантраляваць усё, самыя шырокія паўнамоцтвы імем прэзыдэнта. Гэта, лічы, тое самае, што імем рэвалюцыйнай мэтазгоднасьці. Камэндант — гэта пасада з прапісанымі паўнамоцтвамі, ён нясе адказнасьць за іх выкананьне. А памочнік Лукашэнкі — гэта зусім іншае. І ўсё гэта выглядае вельмі дзіўна паралельна з размовамі аб новай Канстытуцыі. Якая можа быць Канстытуцыя, калі ўлады нават сваім прызначэнцам у рэгіёнах не давяраюць».