Нафтавая эквілібрыстыка

За морам цялушка — паўгроша, ды рубель — перавоз. Але калі цялушка тая прынадная, то можна пашукаць і больш танныя шляхі дастаўкі. Да беларуска-венесуэльскіх нафтавых перамоў пачалі прыглядацца і суседзі, каб прапанаваць свае транспартныя паслугі ахвочай да заморскіх вуглевадародаў Беларусі. (На здымку: Каракас. Скульптурная кампазіцыя — нафтавая вышка на далоні — сімвал прыналежнасці галоўнага багацця краіны народу Венесуэлы)



efdf562ce2fb0ad460fd8e9d33e57f57.jpg

За морам цялушка — паўгроша, ды рубель — перавоз. Але калі цялушка тая прынадная, то можна пашукаць і больш танныя шляхі дастаўкі. Да беларуска-венесуэльскіх нафтавых перамоў пачалі прыглядацца і суседзі, каб прапанаваць свае транспартныя паслугі ахвочай да заморскіх вуглевадародаў Беларусі.

(На здымку: Каракас. Скульптурная кампазіцыя — нафтавая вышка на далоні — сімвал прыналежнасці галоўнага багацця краіны народу Венесуэлы)


Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў журналістам, што чысты прыбытак РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» за тры гады працы ў Венесуэле склаў 105 мільёнаў долараў. На думку чыноўніка, «гэта значная лічба і для прадпрыемства, і ў цэлым для нашай краіны». «Беларуснафта» ўжо амаль напалову выплаціла так званыя бонусы за распрацоўку радовішчаў, і цяпер яны будуць дадавацца, а аб’ём здабычы мусіць вырасці.
Створанае напрыканцы 2007 года сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства здабыло больш за 1 мільён тон нафты. Першапачаткова меркавалася, што сваю частку венесуэльскай нафты (40 працэнтаў ад аб’ёму, здабытага сумесным прадпрыемствам) Беларусь будзе прадаваць на сусветным рынку. Для параўнання, з Расіі ў Беларусь штогод пастаўляецца прыблізна 24–25 мільёнаў тон нафты, прыкладна 1,8 мільёна тон здабываецца з уласных радовішчаў. Так што аб’ёмы венесуэльскага «чорнага золата» былі толькі кропляй у моры вугляроднай сыравіны.
Каб крыху змякчыць сітуацыю з пастаўкамі расійскай і ўжо нятаннай нафты ў Беларусь, Аляксандр Лукашэнка наведаўся ў Венесуэлу і дамовіўся з яе кіраўніком, што да канца года з лацінаамерыканскай краіны ў сінявокую будзе пастаўлена да 4 мільёнаў тон нафты. Гэта быццам бы мусіць дапамагчы загрузіць айчынныя нафтаперапрацоўчыя заводы, якія ад новага года працуюць не на поўную магутнасць і са стратамі.
Да ідэі паступова пачалі прыглядацца транспартныя кампаніі краін-суседак, што маюць выхад да мора. Так, украінскі эксперт па энергетычных пытаннях Багдан Сакалоўскі лічыць, што вырашыць пытанне дастаўкі нафты ў Беларусь магчыма праз нафтаправод «Адэса — Броды». «Аптымальным тэхнічным варыянтам можа быць схема замяшчэння венесуэльскай нафты каспійскай з выкарыстаннем украінскага нафтаправода «Адэса — Броды» ў аверсным рэжыме пры рэалізацыі тэхналогіі паасобнай прапампоўкі розных гатункаў нафты.
Гэты нафтаправод, хутчэй за ўсё, будзе пераведзены ў аверсны кірунак восенню 2011 года пасля ўвядзення ў эксплуатацыю Балтыйскай трубаправоднай сістэмы–2 (БТС–2). Цалкам рэальна, што да гэтага часу аб’ёмы транзіту ў Беларусь згаданым маршрутам могуць скласці 4–5 мільёнаў тон у год, а аб’ёмы паставак на заходнеўкраінскія НПЗ 3–5 мільёнаў тон у год. Транспарціроўка сумарна 7–9 мільёнаў тон у год — гэта цалкам рэнтабельная загрузка наяўнай першай чаргі «Адэса — Броды», якая разлічаная на 14,5 мільёна тон у год», — заявіў Сакалоўскі ўкраінскаму інфармагенцтву УНІАН. Іншыя патэнцыйна магчымыя схемы дастаўкі венесуэльскай нафты ў Беларусь, па меркаванню эксперта, больш складаныя і затратныя.
Літоўцы таксама не супраць далучыцца да гешэфту. Па інфармацыі Інтэрфакса, кіраўніцтва Мажэйкяйскага нафтаперапрацоўчага завода ORLEN Lietuva не выключае мажлівасці, што перапрацоўка венесуэльскай нафты, якая здабываецца Беларуссю, можа быць у іх рэнтабельнай, але з умовай, што будзе створана сумеснае прадпрыемства. Мажэйкяйскі НПЗ мае ўласны перавалачны тэрмінал Бутынге, і транспартныя выдаткі на дастаўку нафты з Венесуэлы да завода былі б меншыя параўнальна з коштам дастаўкі на любы з двух беларускіх НПЗ.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што літоўцам набываць венесуэльскую нафту для перапрацоўкі невыгодна, іншая справа — прыватныя дамоўленасці аб коштах паміж Лукашэнкам і Чавесам. «Сёння самая танная нафта — расійская, і таму гаварыць, што НПЗ мог бы загружаць свае магутнасці самастойна венесуэльскай нафтай, не варта. Аднак калі б перапрацоўкай гэтай нафты займалася, скажам, беларуска-літоўскае СП, гэта, магчыма, магло б быць выгодным», — заявіў прадстаўнік ORLEN Lietuva. Да слова, пакуль нідзе не былі агучаныя кошты, па якіх Беларусь будзе набываць венесуэльскую нафту.
Галоўная крыніца энергасыравіны для Беларусі — Расія — на планы Лукашэнкі сысці ад монапаставак глядзіць без адабрэння. З вуснаў прэзідэнта расійскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанціна Сіманава прагучаў сумнеў наконт мэтазгоднасці паставак бязмытнай нафты ў Беларусь.
«У размове паміж Лукашэнкам і Чавесам гаварылася аб 80 тысячах барэляў нафты ў суткі. Гэта значыць, у год атрымаецца прыкладна чатыры мільёна тон. Расія была гатовая пастаўляць Беларусі бязмытна 6,3 мільёна тон у год. Пасля новых дамоўленасцяў паміж Мінскам і Каракасам, я б ужо не гаварыў аб такой колькасці, — заявіў Сіманаў. — Хочаце рабіць бізнес — давайце рабіць бізнес. Падчас далейшых перамоў па нафце з Беларуссю Расіі варта заняць максімальна цвёрдую пазіцыю. Хоча чалавек эканамізаваць нашы адносіны — чаму не? Магчыма, у будучыні Лукашэнка вырашыць пачаць закупляць катарскі газ — і няхай. Тады свой мы будзем прадаваць яму ўжо даражэй».
Прэзідэнт расійскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі знайшоў пазітыўны момант у венесуэльска-беларускіх дамовах. «Гэта гісторыя ацвярэзлівае нас. Яна даказвае, што калі Лукашэнка мае намер купляць нафту за акіянам, значыць, у яго ёсць грошы. Адпаведна, гульні ў бедных ужо не дапамогуць, — падкрэсліў аналітык. — Расіі неабходна зрабіць палітычныя высновы, наколькі надзейным партнёрам з’яўляецца Лукашэнка, калі ён гатовы назло маці адмарозіць вушы і пачаць купляць нафту ў Венесуэлы, і ў каго заўгодна, абы не ў Расіі».
Наўрад ці Беларусь насамрэч пазбавіцца манапольных расійскіх паставак нафты. Праект — сыры, не прайшоў апрабацыю на практыцы, невядомая і яго разліковая рэнтабельнасць. Аднак, як мінімум, гэта дазваляе паказытаць нервы Расіі і стварыць хоць і маленькі, але ўсё ж запасны аэрадром на выпадак энергетычных войнаў у будучыні.