Нарач: пагрозы мадэрнізацыі
У Нацыянальным парку «Нарачанскі» адбыліся грамадскія абмеркаванні Стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта (СЭА) «Схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Мядзельскага адміністрацыйнага раёна» (СКТА). У адрозненні ад леташніх грамадскіх слуханняў па АЭС на Астравеччыне, у курортным пасёлку Нарач усё прайшло ціха-мірна, без рэзанансу і ў вузкім коле спецыялістаў. Але гэта не перашкодзіла знайсці слабыя і моцныя бакі стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта.
У Нацыянальным парку «Нарачанскі» адбыліся грамадскія абмеркаванні Стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта (СЭА) «Схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі
Мядзельскага адміністрацыйнага раёна» (СКТА). У адрозненні ад леташніх грамадскіх слуханняў па АЭС на Астравеччыне, у курортным пасёлку Нарач усё прайшло ціха-мірна, без рэзанансу і ў вузкім
коле спецыялістаў. Але гэта не перашкодзіла знайсці слабыя і моцныя бакі стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта.
Асноўныя кірункі тэрытарыяльнага развіцця Мядзельскага раёна распрацоўваліся ў кантэксце мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па экалагічным аздараўленні возера Нарач, зацверджанай указам прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь №71 ад 14 лютага 2005 года. Таксама падставовымі з’яўляюцца агульныя кірункі стратэгіі тэрытарыяльнай арганізацыі Мядзельскага рэгіёна ў структуры Мінскай
вобласці і Беларусі. Праект мусіць рэалізоўвацца на працягу 2010–2025 гадоў.
Тэрыторыя раёна мае спецыфічныя ўмовы. Тут знаходзіцца Нацыянальны парк «Нарачанскі», курортна-рэкрэацыйная зона «Нарач» агульнаю плошчай 58,5 тысячы гектараў,
зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Вілейка» (5 тысяч гектараў) і зоны адпачынку мясцовага значэння «Узлянка» (4,5 тысячы гектараў), мноства азёр (57), у тым
ліку і Нарач. Усё гэта мае гаспадарчае і прыродаахоўнае значэнне, уплывае на планы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
Цяпер на тэрыторыі раёна дзейнічае турыстычна-экскурсійны комплекс, 16 арганізацый санаторнага і аздараўленчага профілю для адпачынку дарослых і дзяцей. У адпаведнасці з дзяржаўнай схемай комплекснай
тэрытарыяльнай арганізацыі краіны, Мядзельскі раён аднесены да групы раёнаў з прыярытэтнай рэкрэацыйнай функцыяй. Таму ў рэгіёне прапануецца развіваць менавіта турыстычна-рэкрэацыйную дзейнасць і
ствараць інфраструктуру для адпачынку і падвышэння прывабнасці Нарачанскага краю для турыстаў, у тым ліку і з-за мяжы.
Прырода мусіць «пасунуцца»
З боку эколагаў і экспертаў, якія рыхтавалі крытыку «Схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Мядзельскага адміністрацыйнага раёна», быў агучаны шэраг прэтэнзій, што звязаныя з
непралічаным вынікам ад павышэння антрапагенных нагрузак на рэгіён. Напрыклад, даводзіцца, што падчас ацэнкі прыдатнасці тэрыторыі для прыярытэтных функцый у СКТА толькі часткова ўлічвалася
інфармацыя наконт месцаў жыцця рэдкіх жывёл, раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Спецыяліст па экатурызму Ігар Пастухоў гаворыць, што неабходна правесці адмысловую інвентарызацыю тэрыторыі нацпарка, каб у далейшым не мець праблем з непадкантрольным знішчэннем важных
гісторыка-культурных аб’ектаў. Аўтары стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта раяць рабіць ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе для кожнага інвестыцыйнага праекта, які будзе
рэалізоўвацца на тэрыторыі Мядзельскага раёна. «Гэтая працэдура дазволіць сабраць звесткі пра месца знаходжання ахоўваемых відаў раслін і жывёл», — прапанаваў эксперт СЭА
Руслан Навіцкі.
Аўтары стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта звяртаюць увагу і на неабдуманы пераход на мясцовыя віды паліва. На тэрыторыі Мядзельскага раёна няма буйных прамысловых прадпрыемстваў. Таму асноўнымі
крыніцамі забруджвання паветра з’яўляюцца прадпрыемствы камунальнай гаспадаркі, харчовыя прадпрыемствы і здраўніцы, якія маюць на балансе кацельні для забеспячэння ўласных патрэб. Тэндэнцыя
павелічэння выкідаў аксідаў серы, цвёрдых часцінак у паветра ў тым ліку звязаная і з пераходам кацельных на мясцовыя віды паліва. Эксперты сцвярджаюць, што ўвядзенне ў эксплуатацыю кагенерацыйных
установак у кацельнях будзе спрыяць паніжэнню выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу і эканоміі энерганосьбітаў. Асабліва гэта тычыцца свінакомплексаў, птушкагадоўчых гаспадарак, прадпрыемстваў
ЖКГ.
Яшчэ адна праблема рэгіёна таксама звязаная з сельскагаспадарчай спецыялізацыяй. На тэрыторыі Мядзельшчыны знаходзіцца шэраг могільнікаў для скаціны, у тым ліку адзін з захаваннем парэшткаў жывёлы,
хворай на сібірскую язву. Спецыяліст УП «БелНДІгорадабудаўніцтва» Яўген Календа гаворыць, што для такіх аб’ектаў вызначана санітарная зона ў радыусе тысячы метраў.
«Тое, што на тэрыторыі раёна ёсць могільнікі, — нармальна, гэта тыпова для сельскай гаспадаркі. Але праблема ў тым, што большасць з іх хаатычныя. У будучым можна было знішчыць шэраг
асобных скотамогільнікаў і арганізаваць некалькі буйных, падкантрольных. Да таго ж на тэрыторыі Мядзельшчыны знаходзіцца чатыры язвенныя могільнікі, і адзін з іх на тэрыторыі водазабора Нарачы.
Імгненна вырашыць праблему немагчыма, але праводзіць іх рэкультывацыю неабходна», — зазначае Яўген Календа.
Забыліся на АЭС
Абурэнне эколагаў выклікала прапанова скараціць плошчу запаведных зон з 13,81 да 8,43 тысячы гектараў шляхам пераводу іх у зону строгага рэгулявання. «Прыкладам падобных «зон
строгага рэгулявання» сталі сумна вядомыя выразаныя пляцоўкі Белавежскай пушчы, Чырвонага Бора, Сарачанскіх азёр у раёне возера Бараньскае ды іншыя», — гаворыць былы
дырэктар заказніка «Сарачанскія азёры» Ігар Пастухоў. На гэта эксперт СЭА Руслан Навіцкі зазначыў, што распрацоўшчыкі СКТА дапусцілі памылкі і парушэнні прыродаахоўнага
заканадаўства Беларусі ў частцы аднясення асабліва ахоўных прыродных тэрыторый да зон рэгуляванага выкарыстання. І гэта мусіць быць выпраўлена.
Цікава, што ў праекце не пазначана магчымае ўздзеянне АЭС на тэрыторыю Мядзельшчыны. Аўтары праекта патлумачылі гэта тым, што на час распрацоўкі праекта рашэнне пра будаўніцтва станцыі яшчэ не было
прынята. Ацэнку экалагічнага і антрапагеннага ўздзеяння на рэгіён давядзецца праводзіць асобна.
Загадчыца аддзела турыстычна-рэкрэацыйных прыродных тэрыторый і аховы навакольнага асяроддзя УП «БелНДІгорадабудаўніцтва» Святлана Сахарава зазначыла, што яна і іншыя спецыялісты,
якія рыхтавалі абгрунтаванне Астравецкай пляцоўкі, першапачаткова былі супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў рэгіёне, бо вынік негатыўнага ўздзеяння АЭС на запаведныя тэрыторыі можа быць
знішчальным.
Соцыум у пралёце
Мясцовыя жыхары да абмеркавання планаў па развіцці раёна зацікаўленасці не праявілі. На слуханнях выступіў толькі адзін чалавек з тутэйшых, і яго прэтэнзіі былі найперш звязаныя з тым, што
распрацоўшчыкі праекта нічога не прапанавалі, каб зацікавіць у развіцці раёна моладзь.
«Я магу адказаць на пытанне, чаму мясцовыя жыхары не ўмешваюцца. Яны баяцца, каб не было чаго кепскага, каб на сваю шыю праблем не знайсці. Людзі думаюць: «Сёння дзень прайшоў
— і добра, а нашы дзеці тут жыць не будуць». Я не пабачыў у праекце нічога для соцыуму, — выказаў сваю ацэнку Генадзь Куцкевіч. — А я хачу, каб мае дзеці жылі на
гэтай зямлі, зямлі дзядоў. А тут, у вёсках, застаюцца толькі людзі сталага веку». На што аўтары схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Мядзельскага адміністрацыйнага раёна патлумачылі,
што ўсё залежыць ад фінансавання, якое будуць мець праекты. Аднак пра самі сацыяльныя праекты ў дакуменце нічога не гаворыцца.
Існуе асобная дзяржпраграма развіцця Нарачанскага краю, большасць яе мерапрыемстваў мусяць быць выкананыя да 2014 года. У праграме задзейнічана 143 населеныя пункты з агульнай колькасцю жыхароў 22
тысячы чалавек, у тым ліку Мядзел, пасёлкі Свір і Нарач. Ужо ідзе рэканструкцыя шэрагу гасцініц і санаторыяў, плануецца будаўніцтва гасцявых домікаў, баз адпачынку і іншых турыстычных
аб’ектаў. Ідзе добраўпарадкаванне тэрыторый. Некаторыя праекты будуць прафінансаваныя замежнымі фундатарамі. Напрыклад, з удзелам ізраільскага капіталу плануецца стварыць парк
сельскагаспадарчых тэхналогій. Ёсць зацікаўленасць у рэстаўрацыі архітэктурнага помніка XIX стагоддзя ў раёне Блакітных азёр.
Каб сфармаваць спрыяльны клімат для развіцця прыватнага бізнесу для суб’ектаў гаспадарання, якія рэалізуюць інвестыцыйныя праекты ў Нарачанскім краі, уводзіцца пяцігадовы мараторый на
выплату падатку на нерухомасць, падатку на прыбытак, зямельнага падатку. Таксама гэтыя суб’екты вызваляюцца ад адлічэнняў у інавацыйны фонд Мінскага аблвыканкама і Міністэрства архітэктуры і
будаўніцтва, ад выплаты сродкаў, што спаганяюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пры выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва і (або) рэканструкцыю аб’ектаў, і платы за
права заключэння дамовы арэнды зямельных участкаў.