«Не пакатушкі ва ўгары»: пад Гроднам з'явіцца ўнікальны вузкакалейны маршрут

«Еўрарадыё» пагутарыла са стваральнікам праекта Арцёмам Слізкім.

uzk1.jpg

«Гэта не пакатушкі ва ўгары, а знаёмства з прыродай і яе ландшафтамі, а таксама з усімі ледавіковымі працэсамі, якія тут раней праходзілі», — распавядае пра свой новы праект «Еўрарадыё» інжынер з Мінска Арцём Слізкі.
З 2016 года хлопец возіць экскурсіі па вузкакалейнай чыгунцы Беларусі. Па дарозе вандроўнікі зазіралі на розныя прамысловыя прадпрыемствы, сумяшчаючы актыўны адпачынак з пазнавальным турызмам.
Але сітуацыя ў краіне такая, што развіваць падобны від забаў, тым больш ператвараць яго арганізацыю ў паспяховы бізнес, няпроста. Таму па буднях Арцём праектуе метро ў «Мінскметропраекце» , а ў вольны час разам з аднадумцамі займаецца новым праектам — «Калейна-эколага-адукацыйным маршрутам» у ландшафтным заказніку «Азёры» ў Гродзенскім раёне.
Паводле прагнозаў нашага суразмоўцы, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ужо гэтым летам беларусы змогуць не толькі дакрануцца да гісторыі вузкакалейных чыгунак краіны, але і здзейсніць неверагоднае падарожжа па ўнікальнай маляўнічай мясцовасці.
Арцём Слізкі: У 2008 годзе я ўбачыў пазначаную на мапах вузкакалейную чыгунку і мне стала цікава на яе паглядзець. Адправіўся шукаць бліжэйшую да Мінска — знайшоў: убачыў закінутую станцыю, старую тэхніку і рэйкі. Мне стала цікава даведацца, што ж па іх ездзіла і ездзіць.

usk1.jpg


З тых часоў пачаў вывучаць: нешта чытаў, дзесьці падарожнічаў па Беларусі і іншых краінах, шукаў і адкрываў для сябе новыя дарогі. Мне часам нават даводзілася пакатацца з машыністамі! У нейкі момант зразумеў, што тэма можа быць цікавая не толькі мне, і ў 2016 годзе пачаў вазіць па вузкакалейках экскурсіі.
«Еўрарадыё»: Вузкакалейка — чыгунка з шырынёй каляіны менш за стандартную, накшталт «Дзіцячай чыгункі» ў Мінску. Якія трапляліся табе? Ці шмат закінутых?
Арцём Слізкі: У Беларусі закінутых вузкакалеек няма, таму што іх адразу разбіраюць на металалом. Гэта ў якой-небудзь Літве калі 20 гадоў таму закрылі вузкакалейку, яна да гэтага часу ляжыць, і ніхто яе не чапае. У нашай краіне так не прынята: трэба адразу ўсё разабраць. У нас вузкакалейкі ўсе дзеючыя і належаць торфапрадпрыемствам.

lid1.jpg


Вы правільна заўважылі, «Дзіцячая чыгунка» — такая ж вузкакалейка. Там дакладна такія ж вагоны і цеплавозы. Але на звычайных вузкакалейках ёсць яшчэ спецыяльныя грузавыя вагоны для торфу, а так усё ідэнтычна. Хіба што там усё больш «стомленае», зарослае і дзікае. Не такое «вылізанае», як у горадзе.
Еўрарадыё: Наколькі папулярнымі былі вузкакалейкі ў мінулым?
Арцём Слізкі: Калі паглыбіцца ў гісторыю, першая пасажырская вузкакалейка на тэрыторыі сучаснай Беларусі з'явілася ў 1895 годзе, апошняя закрылася ў 1965-м.
У 30-х гадах пры паляках вузкакалейка, якая праходзіла праз Браслаў — «Друя — Дукшты», — была турыстычным маршрутам. Гэта паказана ў даведніку па Усходняй Польшчы — гэта значыць, ужо тады ў гэтай мясцовасці разгледзелі турыстычны патэнцыял.
Яшчэ адну вузкакалейку, «Лынтупы — Кабыльнік», якая праходзіла праз Нарач, называлі «Курортнай», яна працавала да 1965 года, і па ёй вазілі турыстаў на нарачанскія курорты.
Зараз, дарэчы, сумесна з адміністрацыяй Пастаўскага раёна мы працуем па расчыстцы гэтага насыпу вузкакалейкі і стварэнні маршрута. Магчыма, што аднойчы там можна будзе аднавіць жалязякі і пусціць самы старадаўні вузкакалейны паравоз, які захаваўся ў Беларусі. Ёсць здагадка, што менавіта там ён і хадзіў.
У свой час для розных мэт была распрацавана вялікая колькасць рухомага саставу: для барацьбы са снегам, перавозкі лесу, прадуктаў, якія хутка псуюцца. Словам, гісторыя багатая, але ніхто не заклапочаны яе захаваннем.
«Еўрарадыё»: Як развіваўся твой экскурсійны праект?
Арцём Слізкі: У 2016 годзе я зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. У першы раз сарваліся на торфабрыкетны завод «Усяж» у Смалявіцкім раёне.
Была восень. Мы пакаталіся і зразумелі, што вагоны не прыстасаваныя для халоднага часу года. Наступная паездка адбылася вясной 2017-га. Мы паехалі ў Лідскі раён — на торфабрыкетны завод «Дзітва», з якім цесна супрацоўнічаем па гэты дзень.

lid3.jpg


Я першапачаткова хацеў займацца не проста «пакатушкамі», а пазнавальным прамысловым турызмам. Так што, катаючыся па вузкакалейках, мы заязджалі яшчэ ў якія-небудзь цікавыя месцы.
Былі на заводзе «БелАЗ», гранітным кар'еры «Мікашэвічы», кінастудыі «Беларусьфільм», заводзе «Лідскае піва» і гэтак далей.
На шляху можна ўбачыць паўторна забалочанае наваколле, вельмі шмат птушак. Гэта, вядома, не Ельня, але ўсё роўна цікава. Дарэчы, была вузкакалейка і ў раёне Ельні, але, нягледзячы на мае спробы яе захаваць, дарогу разабралі.
«Еўрарадыё»: Раскажыце пра вашу новую ідэю ў заказніку «Азёры», што гэта будзе?
Арцём Слізкі: Праз тэрыторыю ландшафтнага заказніка «Азёры» пад Гроднам праходзіць вузкакалейка былога торфапрадпрыемства «Верцялішкі». Летась прадпрыемства ліквідавалі і частку чыгункі, якая трапіла ў межы заказніка, было вырашана перадаць для развіцця турызму.

mas0.jpg


Трэба разумець, што на заказніку працуюць эколагі, кандыдаты біялагічных навук, леснікі і іншыя спецыялісты, для якіх чыгунка — цёмны лес. Вось мы сумесна і вырашылі стварыць праект вузкакалейна-эколага-адукацыйнага маршруту і падзяліць зоны адказнасці.
Наша некамерцыйная арганізацыя выступае ў якасці эксперта па рэйка-рухомым саставе: рыхтуем мотадрызіны для арганізацыі паездак, займаемся пошукам і падрыхтоўкай пасажырскіх прычэпаў, каб можна было перавозіць групы хоць бы да 20 чалавек. Таксама мы займаемся эскізным праектаваннем прыпыначных пунктаў, якія пабудуюць на сродкі заказніка.
Самае галоўнае — гэта экалагічныя маршруты, якія мы будзем развіваць уздоўж чыгункі. Як я сказаў, гэта ландшафтны заказнік.

oz1.jpg


Там вельмі насычаны разнастайны рэльеф: і пясчаныя, парослыя лесам, выдмы, і забалочаныя нізіны, і проста вырастаюць з балот 20-30-метровыя пагоркі.
А яшчэ — шыкоўны маляўнічы вузкакалейны мост праз возера Белае, самы доўгі ў краіне вузкакалейны мост! Увогуле, цікавае месца.
На досыць невялікай плошчы спалучаюцца розныя шыротныя зоны, таму там можна сустрэць і букавыя гаі, як у горным Крыме, і чырвонакніжную папараць прыпалярных зон.
Будзем катацца і спыняцца, каб пагуляць там і бліжэй разгледзець усю гэтую прыгажосць, гаварыць пра прыроду. Таксама мы плануем стварыць экспазіцыю, прысвечаную гісторыі вузкакалеек. Гэта значыць, мэта маршруту — прыехаць і паразумнець.  
Праект мы плануем запусціць ужо гэтым летам.
«Еўрарадыё»: Ці патрэбная вам якая-небудзь дапамога?
Арцём Слізкі: Нам трэба бясконцая колькасць сродкаў. Блакітная мара нашай некамерцыйнай арганізацыі, якая зарэгістраваная як гісторыка-культурная ўстанова, — стварэнне паўнавартаснага музея калейнай чыгункі ў Беларусі.

mas1.jpg


Дзяржарганізацыі, якія маглі б нам дапамагчы, нас не чуюць. «Беларуская чыгунка» ўжо як быццам бы забылася, што ў іх яшчэ 50 гадоў таму было як мінімум тры вузкакалейкі працягласцю да 100 кіламетраў. Адхрышчваецца ад іх цалкам, калі заводзіш размову пра захаванне гісторыі.
Але каб захаваць нейкі вагон, яго трэба выкупіць і займацца аднаўленнем, а на гэта патрэбныя немаленькія грошы. Зараз камісія пры Міністэрстве культуры разглядае нашу просьбу прызнаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю адзіны вузкакалейнай паравоз, які захаваўся ў Беларусі. Калі гэта здарыцца, мы паволі адрамантуем яго і будзем катаць турыстаў.