Упраўленне юстыцыі пачало правяраць гродзенскую грамадскую арганізацыю «Цэнтр «Трэці сектар»

Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама распачало пазапланавую праверку грамадскай арганізацыі «Цэнтр "Трэці сектар"». Аб’яднанне мусіць прадаставіць мноства дакументаў за некалькі гадоў дзейнасці.

download_225.jpg

«21 чэрвеня мы атрымалі пісьмовае папярэджанне ад ўпраўлення юстыцыі аблвыканкаму і патрабаванне прадаставіць у межах маніторынга аграмадную колькасць дакументаў для праверкі», — расказаў Hrodna.life старшыня праўлення арганізацыі і адзін з яе заснавальнікаў Вітаўт Руднік.
Сярод запатрабаваных дакументаў — дамовы па гаспадарчай дзейнасці, узоры навучальных матэрыялаў, спісы сябраў, пратаколы пасяджэнняў праўлення, уся дзелавая перапіска за 2018−2021 гг., інфармацыя пра праекты і праграмы, бюджэты і гэтак далей.
У атрыманым папярэджанні былі прэтэнзіі да асветніцкіх праграм, якія ўпраўленне юстыцыі палічыла нестатутнай дзейнасцю, хоць раней аніякіх прэтэнзій не было, удакладніў Вітаўт. Установа штогод дасылае ў юстыцыю звесткі пра сваю працу.
Сход праўлення вырашыў, што варта склікаць агульны сход, каб унесці змены ў статут. «Выправілі пару дробных памылак кшталту адсутнасці працоўнага тэлефона ў сябра рэвізійнай камісіі, папрасілі таксама адтэрміноўку ў прадастаўленні дакументаў для праверкі, — расказаў Вітаўт Руднік. — Зараз прадастаўленыя намі дакуманты знаходзяцца ў юстыцыі і мы чакаем пісьмовых адказаў, пасля якіх і будзем вызначацца з далейшымі дзеяннямі».
Грамадская арганізацыя «Цэнтр "Трэцi Сектар"» працуе з 1997 года. З часу свайго заснавання яна займаецца развіццём грамадзянскай супольнасці і інфармацыйнай падтрымкай грамадскіх ініцыятыў, медыяадукацыяй, працай са сталымі людзьмі.
Праверкі ад Мінюста зараз праходзяць і ў іншых недзяржаўных грамадскіх арганізацыях. Дакументы за некалькі гадоў працы запатрабавалі ў аб’яднання літаратараў «Беларускі ПЭН-цэнтр» (заснаванае ў 1989 годзе), «Беларускай асацыяцыі журналістаў» (1995 год заснавання), экалагічнай арганізацыі «Экадом» (1996), «Звяно» (2013), міжнароднай грамадскай арганізацыі «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“» (1990), якая аб’ядноўвае беларускія дыяспары ў многіх краінах.