«Няважна, ці ходзяць пратэстоўцы з кветачкамі або кідаюць «кактэйлі Молатава» — яны ў любым выпадку ворагі»

Аўдыёзапіс гаворкі, якая, як мяркуецца, прамоўленая генерал-лейтэнантам Юрыем Караевым у кастрычніку 2020 года, трэба слухаць, каб разумець, у якім страшным паранаідальным свеце існуюць лукашэнкаўскія сілавікі, піша журналіст Ігар Ільяш у тэлеграм-канале «Беларускі Данбас».

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла

Для сілавікоў заявы Лукашэнкі пра «вайну», «мяцеж» і «бліцкрыг» — гэта не фігура мовы і не пустая балбатня. Гэта сістэма каардынат, у якой яны жывуць. Яны не проста дзейнічаюць у поўнай адпаведнасці з логікай акупацыйнай арміі. Яны на самой справе перакананыя, што ідзе вайна і яны змагаюцца з ворагам. Таму яны імкнуцца наносіць суперніку максімальныя страты, захопліваць пабольш палонных і наводзіць на мясцовае насельніцтва жах.
Тое, што Караеў спасылаецца на вопыт дзеянняў расійскай арміі ў Чачні — гэта не дурная паралель. Ён шчыра перакананы, што перад лукашэнкаўскімі сілавікамі ў Беларусі і расійскім войскам у Чачні стаялі аднолькавыя задачы: яны павінны любой цаной уціхамірыць паўсталы рэгіён. Калі ў жніўні Караеў казаў, што беларуская міліцыя самая гуманная ў свеце, ён не крывадушнічаў. Проста міністр не ўдакладняў сістэму каардынат, на якую ён арыентуецца. Бо ў параўнанні з масавымі забойствамі ў Новых Алдах катаванні на Акрэсціна — гэта, напэўна, сапраўды не так страшна.
Любая вайна прадугледжвае дэгуманізацыю праціўніка. А ўжо калі галоўнакамандуючы, да ўсяго іншага, заклікае не звяртаць увагу на якія-небудзь законы, то маштабы жорсткасці абавязкова будуць зашкальваць. З улікам настолькі паспяховага скажэння свядомасці зусім няважна, ці ходзяць пратэстоўцы з кветачкамі або кідаюць «кактэйлі Молатава» — яны ў любым выпадку ворагі. Усе іншадумцы для сілавога апарата ўжо зліліся ў адзін дэіндувідуалізіраваны вобраз «лішніх» людзей. Такі вынік масіраванай прапагандысцкай апрацоўкі.