«Я стаў сведкам гвалту з боку «людзей у чорным». Цяпер мяне вінавацяць у гвалце, такая іронія»
Гродзенцы, якіх судзяць за счэпку на пратэставым мітынгу, выступілі з апошнім словам у судзе Ленінскага раёна Гродна 4 сакавіка, піша «Свабода».
У справе пяцёра фігурантаў:
родныя сёстры Надзея Сцепанцова (49 гадоў) і Жанна Захаркевіч (47 гадоў);родныя браты Уладзімір Седзянеўскі (36 гадоў) і Юры Седзянеўскі (39 гадоў);прадпрымальнік Аляксандр Якубоўскі, які пасярод суду знік.
Усе маюць вышэйшую адукацыю, раней не судзімыя. Падчас працэсу яны застаюцца на волі.
Усіх пяцярых вінавацяць у парушэнні двух артыкулаў: «Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і «Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК).
Пацярпелымі прызналі 11 міліцыянтаў. Падчас судовага працэсу яны давалі паказанні з іншага пакоя, не паказвалі твараў і не называлі сваіх сапраўдных імёнаў. Некаторыя замест сваіх хатніх адрасоў называлі адрасы гродзенскіх актывістаў.
Паводле абвінавачання, пяцёра фігурантаў справы ўзялі ўдзел у пратэставым шэсці па вуліцы Гарнавых у Гродне 6 верасня. Яны нібыта пагражалі пацярпелым міліцыянтам гвалтам. У віну ім паставілі тое, што яны ішлі ў шэрагу, узяўшыся за рукі, і што «сваімі целамі выпіхвалі супрацоўнікаў са свайго шляху». Паводле афіцыйнай версіі, аўтапарк і тралейбуснае дэпо панеслі шкоду на 71 рубель 69 капеек.
Ніжэй прыводзім апошнія словы трох фігурантаў, якія паспелі з імі выступіць.
Юры Седзянеўскі
«Я думаю, што падзеі 6 верасня пачаліся крыху раней, у жніўні. 6 верасня я вырашыў пайсці паглядзець на людзей, якія выступаюць супраць гвалту. Па дарозе я стаў сведкам гвалту з боку „людзей у чорным“. Цяпер мяне вінавацяць у гвалце, такая іронія.
З самага дзяцінства я не памятаю, каб я з некім нават біўся. Усе мяне лічаць дыпламатам, у любых стасунках, калі ёсць напал, я спрабую гэта злагодзіць.
З самага дзяцінства мяне прывучалі да традыцый хрысціянства, а ў хрысціянства законы і парадкі значна больш жорсткія, чым у нашай сістэме. Мы як хрысціяне працуем не толькі над сваімі ўчынкамі, але і над тым, што мы кажам, і нават над тым, што мы думаем. Нават калі мы падумаем нешта кепскае, для нас гэта ўжо лічыцца грахом.
Паколькі мы і нашыя сем’і традыцыйна веруючыя, мы спадзяёмся на Бога, лічым, што ўсе выпрабаванні, які нам Бог дае, мы здольныя вытрываць. Усё гэта пойдзе нам на карысць, мы адкрыем для сябе шмат чаго новага, навучымся больш любіць адно аднаго, у сям’і.
Хочацца адзначыць, што вакол нашых сем’яў з'явілася даволі вялікая падтрымка з боку нашых знаёмых, сваякоў, блізкіх. Гэта неймаверна. Мы ўсё гэта перажывем. Ніхто мне ніколі не задаваў пытання, што здарылася. Усе здзіўленыя, вядома, але ўсе ўсё цудоўна разумеюць».
Жанна Захаркевіч
«Людзі, якія парушаюць закон, хаваюцца ад народа, хаваюць свае твары. Я дагэтуль не веру, што гэта былі супрацоўнікі АМАПа — ва ўсялякім выпадку, гродзенскага, беларускага. Мы бачылі тыя зверствы, дзе сярод мірных людзей маглі апынуцца суседзі, сябры, сваякі, на маім месцы маглі апынуцца аднакласнікі.
У мяне на гэтую сітуацыю толькі анекдот круціцца ў галаве: „Тэлефануе мужчына ў "хуткую" і кажа: „Прыязджайце. Маёй жонцы блага“. — „А што з ёй?“ — „Па кватэры белыя коні скачуць, а яна не бачыць“. Толькі так я магу апісаць гэтую сітуацыю».
Уладзімер Седзянеўскі
«Я б хацеў расказаць крыху пра сябе. Я нарадзіўся ў Горадні, вырас у Горадні. За гэты час я ні разу не сутыкаўся з падобнымі сітуацыямі, мяне не прыцягвалі да адказнасці, я не парушаў ніякіх парадкаў.
У адзін сонечны дзень адбылася такая адметная падзея для мяне і маёй сям’і. Я проста выйшаў прагуляцца, паглядзець. Так атрымалася, што мой шпацыр скончыўся не вельмі добра для мяне і ўсёй маёй сям’і. Мне здаецца, любы чалавек можа трапіць у такую сітуацыю.
Пару слоў я б хацеў сказаць пра сваю сям’ю, пра свайго сына. Гадоў 5 таму ён сказаў мне: „Тата, я хачу стаць міліцыянтам“. Я ў яго пытаюся: „А хто такі міліцыянт, якім ён павінен быць?“ Я яму кажу, што ён павінен быць мудрым, сумленным, прыстойным, ён павінен абараняць слабых. Прайшоў час, а я кожны раз пытаюся ў яго: „Кім ты будзеш?“, а ён мне заўжды кажа: „Я хачу стаць міліцыянтам“. Я не ведаю, што яму на гэта адказваць. Сёння такі адметны дзень — Дзень міліцыі. Сёння дзень народзінаў майго сына».
У судзе зрабілі перапынак да 10 сакавіка, калі апошняе слова скажа Надзея Сцепанцова. Потым суд агучыць прысуд.
6 верасня 2020 году гродзенцы спрабавалі прайсці па цэнтры горада некалькі разоў. Першую калону разагналі ў раёне вуліцы Гарнавых з жорсткімі затрыманнямі. Другая калона прыкладна з 5 тысяч чалавек здолела прайсці некалькі кіламетраў па горадзе, пакуль не наткнулася на сцяну АМАПа. Шэсце таксама скончылася жорсткімі затрыманнямі.