«Новы мем — сіняй дупай выратавалі краіну!» ByPOL выклала прамову нібыта экс-кіраўніка МУС
Ініцыятыва ByPOL апублікавала аўдыёзапіс, на якім зафіксаваная прамова чалавека, голас якога вельмі падобны да голасу былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, з нагоды яго сыходу з пасады, паведамляе TUT.BY.
У ініцыятыве сцвярджаюць, што на запісе развітальная прамова экс-міністра да супрацоўнікаў ГУБАЗіК.
У прамове чалавек кажа пра тое, што сілавікі выратавалі краіну.
— І перавялі гэта ўжо ў больш такое зацяжное, але ўсё ж больш спакойнае рэчышча, дзе ў нас з'явілася магчымасць адумацца. Ужо планаваць, а не проста адбівацца.
Таксама на запісе чалавек называе сілавікоў «гасударавымі людзьмі», а нязгодных з уладамі — «тлустымі абывацелямі».
— Пераследуйце тых, хто пагражае нам з вамі, чыноўнікам. Ну і асабліва калі вам. Усё кідайце, знаходзьце гэтую жывёліну і прыбірайце. Вось маё вам такое настаўленне, — кажа голас.
Згадвае чалавек на запісе і Аляксандра Лукашэнку.
— А потым прэзідэнт яшчэ гаварыў, і ў мяне нарадзіўся мем. Ён сказаў, што добра, што так лёгка, не з вайной, але з бядой навучылася беларускае грамадства. І я кажу: «Новы мем — сіняй дупай выратавалі краіну!»
На жаль, атрымаць каментар з нагоды запісу ў МУС не ўдалося, адзначае TUT.BY. Як толькі ён з'явіцца, яго абяцаюць апублікаваць.
Юрый Караеў займаў пасаду кіраўніка МУС З чэрвеня 2019 года па кастрычнік 2020 года. 29 кастрычніка мінулага года новым міністрам унутраных спраў быў прызначаны Іван Кубракоў, а Юрый Караеў стаў памочнікам па Гродзенскай вобласці.