Што за затрыманні былі ў інтэрнаце БДУ? «Прыйшоў ГУБАЗіК, пытаўся пра кантакты са Сцяпанам Пуцілам»
Сёння ў Мінску прайшлі затрыманні актывістаў і адміністратараў тэлеграм-чатаў. Сярод затрыманых аказаліся магістранты гістфака БДУ — Аляксандр Паршанкоў і Аляксандр Новікаў. Паршанкова праз нейкі час адпусцілі, ён распавёў «Нашай Ніве», што адбывалася.
«Я ўзначальваю Вольны прафсаюз студэнтаў БДУ, Саша туды таксама ўваходзіць. Мы з ім найлепшыя сябры. Разам жывём у пакоі, разам праходзілі Жодзіна.
Сёння да нас а 7-й раніцы прыйшлі ў інтэрнат з ГУБАЗіКа.
Сказалі: тэхніку збірайце і едзем. Па якой справе, у якім статусе — не
тлумачылі. З намі паводзілі сябе ветліва. У выніку тэхніку праглядзелі і
аддалі. Мне вынеслі папярэджанне аб наступствах удзелу ў масавых мерапрыемствах
і адпусцілі».
Новікаву пашанцавала менш: яго адправілі на Акрэсціна. У
чым справа, яго сябар дакладна не ведае. Міліцыя запісвала Новікава на відэа,
пыталася пра супрацоўніцтва з каналам Сцяпана Пуцілы.
Тэлеграм-канал Вольнага прафсаюза БДУ быў узламаны, адтуль
выдалілі падпісантаў. Цяпер доступ да канала вярнуўся стваральнікам.