Нефарматны Дзень Волі
Святкаванне Дня Волі сёлета пройдзе ў нетрадыцыйным фармаце: мітынг адбудзецца, а ці будзе шэсце, «вырашаць людзі». Арганізатары запрашаюць усіх далучыцца да акцыі, якая пачнецца ў Мінску 25 сакавіка а 18-й гадзіне каля Акадэміі навук.
Святкаванне Дня Волі сёлета пройдзе ў нетрадыцыйным фармаце: мітынг адбудзецца, а ці будзе шэсце, «вырашаць людзі». Арганізатары запрашаюць усіх далучыцца да акцыі, якая
пачнецца ў Мінску 25 сакавіка а 18-й гадзіне каля Акадэміі навук.
Заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне 25 сакавіка ў цэнтры Мінска шэсця і мітынгу кіраўніцтва партыі БНФ падало яшчэ 4 лютага. 18 сакавіка стала вядома, што чыноўнікі дазволілі сабрацца каля
Акадэміі навук, пасля чаго грамада можа прайсці шэсцем да плошчы Бангалор. Такі маршрут шэсця заяўнікі акцыі папярэдне прасілі не прапаноўваць. Намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч паведаміў
наступнае: «Каля Акадэміі навук адбудзецца мітынг. Якім маршрутам пойдзе шэсце і ці будзе яно ўвогуле, вырашаць самі людзі, якія збяруцца на акцыю 25 сакавіка».
Кіраўніцтва БНФ правядзенне сёлетняга Дня Волі называе «знакавым» у кантэксце беларуска-еўрапейскага дыялогу, але не канчатковым паказчыкам лібералізацыі Беларусі. «Зменаў
інстытуцыянальных, незваротных у Беларусі пакуль няма і, на жаль, не прадбачыцца, — гаворыць кіраўнік партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. — Гэта значыць, што ўлада дзейнічае як захоча.
Няма зафіксаваных у законе правоў грамадзян. Напрыклад, на той жа сход, правядзенне мірнага пікету. Мы не спадзяемся, што дачакаемся да 25 сакавіка заканадаўчых зменаў, калі будзе выразны крок
наперад. Але спадзяемся, што будзе добрая воля і 25 сакавіка акцыя, у якім бы фармаце яна ні праходзіла, адбудзецца без правакацый».
Прыняць удзел у арганізацыі акцыі 25 сакавіка маюць намер прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, моладзевыя арганізацыі ды ініцыятывы, сваю падтрымку выказаў каардынатар кампаніі
«Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, кіраўнік па стварэнню аргкамітэта партыі «Народная грамада» Мікола Статкевіч. Пакуль, па словах Баршчэўскага, пра свой
намер удзельнічаць у мерапрыемствах на Дзень Волі нічога не паведаміў старшыня Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Яго ж кіраўнік БНФ назваў галоўным сабатажнікам у адстойванні
пазіцыі адносна патрабаванняў да кіраўніцтва краіны.
Кіраўнік Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч паведаміў карэспандэнту НЧ, што і ён асабіста, і прадстаўнікі грамадскага аб’яднання ў акцыях Дня Волі будуць прымаць удзел.
«Кіраўніцтва БНФ паводзіць сябе неадэкватна, — заўважыў Мілінкевіч. — Арганізацыйнага камітэта па святкаванню Дня Волі не было створана. Я прыйду на акцыю як шараговы
грамадзянін».
Кіраўніцтва партыі БНФ паабяцала, што 25 сакавіка Беларусь будзе ў цэнтры ўвагі замежных палітыкаў, якія ведаюць пра палітычны сэнс і значэнне Дня Волі. Напрыклад, 24–25 сакавіка Беларусь
наведаюць старшыня фракцыі Хрысціянска-дэмакратычнага саюза ў бундэстагу Андрэас Шакенхоф і замежнапалітычны дарадца найбуйнейшай кіроўнай фракцыі бундэстагу ХДС Ганс-Йоахім Фаленскі.
Віктар Івашкевіч акцэнтуе ўвагу на сацыяльным складніку сёлетняга Дня Волі, што дазволіць сабраць большую колькасць людзей. Разам з тым ён падкрэслівае, што акцыя будзе насіць мірны характар.