Ніна Багінская: хадзіць у Курапаты, пакуль не вырашаны галоўныя праблемы жыцця нацыі

Вечарам 29 верасня ва ўрочышчы Курапаты адбылося штомесячнае памінанне ахвяраў сталінізму, у якім пад бел-чырвона-белымі сцягамі прынялі ўдзел 2 дэмакратычных актывіста — прадстаўнік аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” Яўген Батура і сябра КХП-БНФ, нязменны сцяганосец ушанаванняў Ніна Багінская.



kurapati_29_9_14_1_logo.jpg

Хвіліна маўчання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў сталінізму

На думку Ніны Багінскай, самае галоўнае для беларусаў сёння — не згубіць сваю краіну. “Як цывілізаваныя людзі, беларусы павінны памятаць сваіх продкаў, захоўваць спрадвечную родную мову і старажытныя нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Змаганне за Курапаты — гэта перш-наперш змаганне за праўду. Адкрытая ў 1988 годзе Зянонам Пазьняком і Яўгенам Шмыгалёвым гісторыя ўрочышча падштрухнула грамадства іншымі вачыма паглядзець на сфальсіфікаванае ў гады савецкай улады мінулае Беларусі, пераасэнсаваць яго і звярнуцца да тых даследаванняў па гісторыі Бацькаўшчыны, што грунтуюцца на дакументальнай спадчыне і вывучэнні нацыянальных культурных традыцый. Дзякуючы гэтаму беларусы адчулі сябе часцінкамі нацыі і яе гісторыі”, — сказала спадарыня Ніна.

kurapati_29_9_14_2_logo.jpg

Ніна Багінская

На яе меркаванне, менавіта з адкрыцця Курапатаў паўстала апошняя хваля беларускага нацыянальнага адраджэння. “І мы павінны дагэтуль хадзіць у Курапаты, пакуль не вырашаны галоўныя праблемы нацыянальнага жыцця: наданне гістарычным сімвалам — бел-чырвона-беламу цягу і гербу “Пагоня” статуса дзяржаўных, а беларускай мове — адзінай дзяржаўнай”, — падкрэсліла грамадская актывістка.

Яна заклікала беларусаў прыходзіць у Курапаты менавіта 29 чысла кожнага месяца, каб не толькі грамадскасць, але і дзяржава ўрэшце прызнала 29 кастрычніка Днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі, бо ў ноч з  28 на 29 кастрычніка 1937 году ў Мінску ва ўнутранай турме НКУС БССР (у так званай “Амерыканцы”) былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, а ўсяго за 1937 год у сталіцы Беларусі было пакарана смерцю больш за 80 тысяч чалавек. “І каб такое не паўтарылася сёння мы і павінны прыходзіць у народны мемарыял”, — сказала Ніна Багінская.

Чарговае памінанне ў Курапатах адбудзецца 29 кастрычніка а 18.00.