Ніводзін спартыўны аб’ект у Мінску не адпавядае цалкам крытэрам даступнасці

Нідэрланды сёлета адмовіліся ад правядзення Еўрагульняў, паколькі ў іх няма паралімпійскай кампаненты. Затое Беларусь з радасцю ўхапілася за ідэю прыняць у сябе спаборніцтвы, нягледзячы на тое, што досвед правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе быў амаль цалкам негатыўным у плане даступнасці. Ці змянілася нешта за пяць гадоў? Офіс па правах людзей з інваліднасцю напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў правёў маніторынг спартыўных аб’ектаў і падзяліўся яго вынікамі.

manitorynh_dzijana_seradzjuk__10__logo_1.jpg

Вядома, што ўніверсальныя ўмовы для адпачынку і ўдзелу ў мерапрыемствах для ўсіх стварыць складана, але можна імкнуцца ўлічыць максімальна патрэбы. Бо даступнасць у кантэксце Еўрагульняў — не толькі пра людзей з інваліднасцю, але і пра сталых людзей, і пра замежнікаў, якія прыязджалі ў Беларусь, не ведаючы мовы. Гаворка пра тое, што любы чалавек у любым стане здароўя павінен лёгка зарыентавацца і атрымаць увесь неабходны яму набор паслуг, звяртае ўвагу экспертка ў галіне інклюзіўнага турызму Наталля Барысенка-Клепач.

dastupnasc_dzijana_seradzjuk__2__logo.jpg


Наталля Барысенка-Клепач
Інклюзіўны турызм — гэта наша непазбежная… не, нават не будучыня — сучаснасць. На яго развіццё ўплываюць дэмаграфічныя перадумовы (у свеце актыўна ідзе працэс старэння насельніцтва), прававыя (як міжнародныя, так і беларускія нарматыўныя дакументы патрабуюць ад пастаўшчыкоў паслуг рабіць іх даступнымі для ўсіх), эканамічныя (напрыклад, людзі сталага веку, прынамсі, за мяжой, маюць высокую пакупніцкую здольнасць). Да таго ж транснацыянальныя кампаніі (як прадстаўнікі некаторых сетак гатэляў) павінны рабіць усё па міжнародных стандартах незалежна ад таго, знаходзяцца яны ў Амерыцы ці ў Беларусі.
Агулам да 11% сусветных турпатокаў сёння — інклюзіўны турызм. Самыя буйныя яго рынкі — ЗША, ЕС, Вялікабрытанія і Аўстралія.
Галоўная праблема гэтай галіны ў тым, што мэтавая аўдыторыя інклюзіўнага турызму — не аднародная група з аднолькавымі патрэбамі, гэта абсалютна розныя людзі, якім неабходныя розныя наборы сэрвісаў. Пры гэтым важна ўлічваць, што такія турысты не проста прыязджаюць на спартыўныя арэны ці іншыя мерапрыемствы. Яны маюць неабходнасць ва ўсім комплексе паслуг, якія пачынаюцца з аэрапорту ці вакзалу. Таму ў гарадской прасторы паўсюль павінна быць інфармацыя аб тым, куды чалавек можа звярнуцца ў выпадку ўзнікнення тых ці іншых праблем. Забягаючы наперад, экспертка адзначыла, што пакуль у нас гэтага яшчэ няма.
Падрабязней пра вынікі маніторынгу даступнасці асноўных спартыўных аб’ектаў і гарадскіх тэрыторый перад Еўрагульнямі распавёў дрэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. Ён адзначыў, што валанцёры спрабавалі ацаніць Еўрагульні ў комплексе, таму ўвагу звярталі на цэлы шэраг кампанентаў.

Сяргей Драздоўскі

Сяргей Драздоўскі

Праблему даступнасці гульняў акрэслілі яшчэ напачатку траўня 2018 года, а ў кастрычніку — лістападзе правялі маніторынг аб’ектаў і далі рэкамендацыі па кожным з іх. Ужо сёлета, з 12 красавіка па 30 чэрвеня, 42 валанцёры (у тым ліку ад арганізацый людзей з інваліднасцю) зноў ацанілі 71 аб’ект (16 з іх — спартыўныя) з наваколлем. «Новы Час» пісаў пра адзін з такіх маніторынгаў — даследаванне гаэлю «Арэна» ў Чыжоўцы. Звесткі заносілі ў анкеты, складзеныя паводле беларускіх стандартаў, дзе змяшчаліся мінімальныя крытэры, якім павінны адпавядаць даступныя аб’екты. У выніку ў Мінску не знайшлося ніводнага аб’екта, які б цалкам адпавядаў нават беларускім крытэрам даступнасці.
Даследаванымі прызналі 63 аб’екты з 71. І ўсе 63 аказаліся недаступнымі ў інфармацыйным плане — адсутнічала неабходная візуальная інфармацыя, у тым ліку пра тое, як чалавеку з той ці іншай формай інваліднасці можна атрымаць паслугу. «Ніводны аб’ект нават не наблізіўся да нормаў даступнасці ў інфармаванні — за апошнія пяць гадоў у гэтым няма ніякага прагрэсу», — зазначыў Сяргей Драздоўскі.
Паводле яго, спецыяльных парковачных месцаў, у параўнанні з чэмпіянатам свету па хакеі, стала больш, але па гэтым крытэры 43 аб’екты ўсё яшчэ застаюцца недаступнымі, а 20 прызналі даступнымі. Што да даступнасці ўваходаў — тут ажно 45 з іх аказаліся даступнымі і толькі 18 недаступнымі. Падобная сітуацыя з (не)даступнасцю чагосьці на базавым узроўні (гаворка пра магчымасць атрымаць наўпроставую паслугу ў збудаванні, куды вы прыйшлі: ці ёсць там хаця б адзін маршрут, па якім чалавек можа прайсці і атрымаць паслугу?) — усяго 20 аб’ектаў недаступныя ў гэтым плане, 43 — імкнуцца да даступнасці. А з санвузламі горш: 38 туалетаў застаюцца недаступнымі, а даступныя толькі 25.
Яшчэ адзін важны момант — сэрвіс валанцёраў. На жаль, мала хто з іх мог правільна ўзаемадзейнічаць з людзьмі з інваліднасцю падчас гульняў. Арганізатарам маніторынгу ўдалося правесці трэнінг для 150 чалавек (дарэчы, адзіны аб’ект, адміністрацыя якога папрасіла навучыць усіх валанцёраў, — вяслярны канал), але гэтага было недастаткова.
Амаль на нулі была інфармацыйная даступнасць падчас спаборніцтваў. Інфапункты для людзей з інваліднасцю аказаліся абсалютна бессэнсоўнымі, людзі, якія спрабавалі імі скарыстацца, не атрымалі ніякай дапамогі. Часцей за ўсё інфармацыйная служба не была гатовая да працы з імі і адпраўляла іх да валанцёраў. У выпушчаных да Еўрагульняў інфармацыйных буклетах звесткі пра даступнасць заключаліся толькі ў папярэджанні пра наяўнасць спецыяльных парковачных месцаў і ў агульнай фразе, што спартыўныя аб’екты — даступныя. А ў турыстычных буклетах увогуле не было звестак пра даступнасць культурных аб’ектаў, якія можна наведаць у горадзе.
Пры арганізацыі фанзон і зон адпачынку сітуацыю з даступнасцю сапсавалі ўкладкай пластыкавых карабоў, пад якімі хавалі правады. І калі звычайны чалавек проста можа пераступіць праз іх, то для людзей на вазках, асабліва электрычных, гэта проста непераадольная перашкода. За мяжой гэтую праблему вырашаюць пры дапамозе спецыяльных пераездаў праз гэтыя карабы, а ў нас не вырашылі ніяк.
Летнія кавярні не толькі недаступныя самі па сабе, але і перакрываюць сваімі тэрасамі тратуары, так што па іх немагчыма перамяшчацца.
Што да транспарту, то мінскі аэрапорт з пункту гледжання даступнасці знаходзіцца, фактычна, на міжнародным узроўні. Шмат чаго робіць і чыгуначны вакзал сталіцы. Тут нават закупілі спецыяльныя платформы, каб дапамагаць людзям у вазках спускацца на перон. Але пазней выявілася, што гэтыя платформы не змяшчаюцца на перон, а на іх саміх не змяшчаюцца вазкі, таму карыстацца такімі платформамі немагчыма.
Горшая сітуацыя з Цэнтральным аўтавакзалам — спосабу пасадкі і высадкі з аўтобуса для людзей з інваліднасцю там проста няма, а скарыстацца прыбіральняй праблемна, бо трэба шукаць ад яе ключ.
Дзеля справядлівасці варта дадаць, што да месцаў правядзення спаборніцтваў хадзілі спецыяльныя нізкапольныя шатлы — і гэта быў самы зручны транспарт з усяго, што працаваў у Мінску. Але гульні скончыліся, і цуда-транспарт знік з гарадскіх вуліц.
Сяргей Драздоўскі адзначае, што для людзей з малой мабільнасцю, якія перамяшчаюцца на вазках, імкнуліся стварыць умовы, і дзякуючы гэтаму яны змаглі наведаць спаборніцтвы. Гэта прамы адказ на пытанне «Навошта нешта рабіць, калі ўсё роўна такіх людзей нідзе няма?». З’явіліся ўмовы — з’явіліся і людзі.
Яшчэ адным пазітыўным крокам стала тое, што за паўгода Палац спорту абсталяваў два санвузлы для людзей з інваліднасцю — да гэтага там не было ніводнага.
Таксама ўпершыню прапанова квіткоў на спецыяльныя месцы для людзей з інваліднасцю набыла роўны характар. Квіткі былі імянныя, а месцы на трыбунах — маркіраваныя.
У цэлым і гатэльны фонд за пяць гадоў павялічыў колькасць абсталяваных для людзей з інваліднасцю нумароў. Але пры гэтым стандарты даступнасці ў іх не заўсёды ўлічваюцца.
Паводле маніторынгу яго аўтары склалі шэраг рэкамендацый да кіраўніцтва спартыўных аб’ектаў. Самае важнае — пры падрыхтоўцы такога кшталту мерапрыемстваў выконваць міжнародныя стандарты і метадычныя рэкамендацыі. Варта выкарыстоўваць і патэнцыял людзей з інваліднасцю ў Беларусі, якія могуць стаць памочнікамі ў арганізацыі падобных мерапрыемстваў.
Апроч таго:
— звярнуць увагу на інфармаванне і магчымасць атрымліваць інфармацыю людзям з праблемамі слыху, зроку, ментальнымі парушэннямі;
— поспехі ў білетным сервісе, забеспячэнне даступнасці для маламабільных груп павінны быць замацаваныя і рэалізаваныя далей не як дасягненне, а як норма;
— меры бяспекі павінны выконвацца ў адносінах да ўсіх людзей, і ў той жа час не перакрываць іх магчымасці.