Някляеў просіць Еўропу паверыць у апазіцыю

Падчас візіту ў Чэхію і Польшчу кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў дамовіўся аб дапамозе ў арганізацыі назірання за працэсам галасавання і паралельнага падліку галасоў.



7288251b27c8f0e73f4d7f483b06a785.jpg

Падчас візіту ў Чэхію і Польшчу кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў дамовіўся аб дапамозе ў арганізацыі назірання за працэсам галасавання і паралельнага падліку галасоў.
Палітык меў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці, журналістамі. У Беларусь Уладзімір Някляеў вярнуўся задаволеным. Найперш тым, што ў яго атрымалася “пераламіць меркаванне ў чыноўнікаў еўрапейскіх краінаў аб Беларусі. “Амаль усе былі перакананыя, што ў гэтай кампаніі ёсць таямніца, праз якую Еўрасаюзу не варта ўмешвацца ў нашы справы. Гэта было складана, пераламіць, але мы змаглі, -- тлумачыць сутнасць перамоў Някляеў. --  Чаму мы дамагаліся сустрэч менавіта з міністрамі. Бо былі візіты міністраў замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і Нямеччыны – Гідэ Вэстэрвелле ў Беларусь, а да гэтага візыт аднаго зь іх у Расію, сустрэча з Міністрам Лаўровым. Сустрэчы з Лукашэнкам былі праведзеныя такім чынам, нібыта там вырашалася такое, што засталося па-за публічнасцю. Што можа быць Захад, палічыўшы беларускую апазіцыю няздольнай вырашыць праблему ўладаў у Беларусі, вырашыў дэмакратызаваць краіну і Лукашэнку зрабіць дэмакратам без удзелу дэмакратычных сілаў. Мы атрымалі катэгарычнае “не – за нашымі спінамі ніякіх дамоўленасцяў не было.
Палітык сцвярджае, што Еўрасаюз не мае намеру праводзіць палітыку ізаляцыі ва ўмовах, калі вынікі выбараў у Беларусі не будуць здавальняючымі, хіба што праграмы супрацоўніцтва не будуць рэалізаванымі ў поўнай меры. “Пасланні, што прывезлі міністры: усе далейшыя адносіны з дыктатарскім рэжымам будуць суадносіцца з тым, як будзе праходзіць выбарчая кампанія і самі выбары. Калі яны будуць дэмакратычнымі ці набліжанымі да дэмакратычных стандартаў, дыялог доўжыцца. Калі будуць сілавыя адказы на мірныя акцыі пратэсту фальсіфікацыям, то ніякай размовы ні пра якія стасункі з рэжымам з боку Еўрасаюзу быць не можа, -- агучвае інфармацыю з перамоў Уладзімір Някляеў.
Кандыдат у прэзыдэнты Някляеў запрасіў польскіх і чэшскіх парламентарыяў наведаць Беларусь у дзень выбараў, 19 снежня, не як назіральнікаў, а як гасцей. Тады на свае вочы змогуць паглядзець на тое, як будуць разгортвацца падзеі ў Мінску. Палітык перакананы, што Беларусь чакаюць мірныя акцыі пратэсту супраць вынікаў галасавання, але гаворыць, што не ён і рыхтуе. “Рыхтуе гэтыя акцыі ўлада. Яна іх падрыхтавала ўжо тым, што на сёння выбары нельга прызнаваць свабоднымі і дэмакратычнымі. Мы называлі толькі адзін факт — Аляксандр Лукашэнка ў СМІ ўзгадваецца ў 1 250 разоў часьцей, чым усе астатнія кандыдаты разам узятыя, — гэта прыводзіла людзей у разгубленасць. Яны разводзілі рукамі і гаварылі: дык якія могуць быць выбары ў такіх умовах. Што мы можам супрацьпаставіць такім выбарам і фальсіфікацыям? Толькі рашучасць у адстойванні нашых правоў і нашых галасоў. Як мы можам гэта зрабіць? Толькі выйшаўшы на плошчу. Калі Лукашэнка правядзе выбары так, што я буду бачыць, колькі за каго прагаласавала, то нават калі я прайграю, навошта мне кудысьці выходзіць. Так што тут усё залежыць не ад мяне, -- падкрэслівае палітык. Таксама падчас свайго візіту Някляеў дамовіўся, што Еўрасаюз дапаможа з арганізацыяй назірання за працэсам галасавання і з паралельным падлікам галасоў шляхам экзіт-пулаў на 300 участках.
Уздымалася падчас замежных сустрэчаў Някляева і тэма ўдзелу Беларусі ў працы парламенцкай асамблеі палітыкі Еўрасаюза “Усходняе партнёрства (Еўранэст). Уладзімір Някляеў прапанаваў уключыць у працу Еўранэста 10 дэпутатаў беларускага парламента з умовай, што будзе запрошаная аналагічная дэлегацыя прадстаўнікоў апазіцыі з правам выступу па любых пытаннях. “Нягледзячы на тое што парламент не прызнаны і не легітымны, мы лічым, што неабходна працягваць дыялог  у гэтым кірунку. Мы прапануем, каб дзесяць месцаў у Еўранэсце, якія належаць Беларусі, былі аддадзеныя Нацыянальнаму сходу, — заявіў кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў. Уладзімір Някляеў зазначыў, што іх прапанова выклікала ў чыноўнікаў ЕС здзіўленне. “Нам гаварылі, што мы першыя прадстаўнікі апазіцыі, у якой асабістыя інтарэсы або інтарэсы партый не ўзнятыя вышэй за інтарэсы Беларусі. Ніхто ад апазіцыі раней ніякіх прапаноў, звязаных з магчымасцю ўдзелу ў еўрапейскіх працэсах прадстаўнікоў улады, але з карысцю для Беларусі, не тое што не выказваў, але нават і блізка да гэтага не падыходзіў, — заявіў палітык. “Я мяркую, што мы правільна робім, што пазітыўна адносімся да нашых паразаў. Такая стомленасць ёсць у грамадстве ад паразаў апазіцыі. Што выклікае адпаведную рэакцыю. Лукашэнка ж не плача, то можа давайце з ім паспрабуем мець справы, -- зазначае Уладзімір Някляеў.
У Беларусі ўжо пачалася агітацыйная кампанія. Уладзімір Някляеў расказаў, што падчас запісу яго радыёвыступу супрацоўнікі беларускага радыё адмовілі ў просьбе паставіць падчас выступа песню на ягоны верш. “Я сам працаваў на радыё і ведаю, што гэта сумна: сядзець і бубніць у мікрафон. У мяне ёсць песня, давайце пару фрагменцікаў пастаўлю, каб людзям весялей было ў 6 раніцы, -- расказвае пра непаразуменні з дзяржаўным СМІ кандыдат. -- Не, -- кажуць, -- вы павінны быць роўнымі з усімі! Я ім кажу - гэта ж не азначае, што я не роўны! Калі б усе пісалі вершы, то хай бы чыталі. Ці калі хто ўмее скакаць, няхай на тэлебачанні падчас свайго выступу скача. Запытаўся, што б яны зрабілі, калі б прыйшоў Лукашэнка і захацеў заспяваць. Мне адказалі што “ён жа не піша песень.
Не атрымаў Някляеў на сваю просьбу і копію ўласнага радыёвыступу. З гэтай нагоды кандыдат у прэзідэнты напісаў ліст у Цэнтрвыбаркам з патрабаваннем даць кандыдатам мажлівасць самім абіраць фармат свайго выступу ў дзязржаўных СМІ – на радыё, па тэлебачанню і ў газетах.