Нямецка-беларускі дыспут

6 красавіка ў вялікай залі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра адбыўся 4-ы Дыспут памяці Йоханеса Рау «Рэгіянальнае супрацоўніцтва ў Еўропе».(



ef575e8837d065a1683c022d2077d342_logo.jpg

На фота: З прывітальным слова выступае кіраўніца цэнтру імя Й.Р д-р Астрыд Зам. Фота Юрыя Дзядзінкіна)

На гэты раз дыспут праходзіў  у прынцыпова новай сітуацыі змены палітыкі ад канфрантацыі да дыялога паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. На гэтым рабілі акцэнт усе выступоўцы, як бы перакідваючы масток ад двухбаковых нямецка-беларускіх дыспутаў да дыялога агульнаеўрапейскага. З лёгка чытальным падтэкстам: пачалі раней, прадбачылі раней, рыхтавалі глебу загадзя для змены стратэгіі, у патрэбны момант і пад гістарычна непазбежны збег абставін. І з адкрытым прызнаннем: так, дыялог ідзе з цяжкасцю, праз складанасці і адступленні, але іншага шляху няма.
З прывітальнымі словамі выступілі кіраўнік Міжнароднага адукацыйнага цэнтру з Дортмунда Маціяс Цюмпель, кіраўніца Мінскага цэнтру імя Йоханеса Рау доктар Астрыд Зам, прадстаўнік фонду імі Фрыдрыха Эберта Штэфан Хробат.
Фармальна з прывітальным, але па зместу канцэптуальным, дакладам выступіў амбасадар Германіі ў Беларусі доктар Гебхардт Вайс, нездарма яго тэкст быў распаўсюджаны яшчэ да пачатку дыспуту. Выступ жа амбасадара Беларусі Уладзіміра Скварцова, хаця і адзначаны ў многім не проста фармальнай рыторыкай пра карысць супрацоўніцтва, быў проста выступам. Што можна лічыць таксама знакам, дакладней азначэннем межаў дазволенага на гэтым нязвычным і вымушаным для беларускага рэжыму шляху дыялога.

Амбасадар Беларусі ў Германіі Уладзімір Скварцоў і амбасадар Германіі ў Беларусі Гебхард Вайс. Фота Юрыя Дзядзінкіна


Заяўлены раней у праграме выступ міністра замежных спраў Беларусі сп. Мартынава не адбыўся па прычыне яго адсутнасці. Па якой канкрэтна прычыне — невядома. Але відаць, што вельмі сур’ёзнай, бо менавіта міністр Мартынаў падчас свайго нядаўняга візіту ў Патсдам запрасіў у Мінск на дыспут прэм’ер-міністра зямлі Брандэнбург Маціяса Плацэка.
Прамаўляў сп. Плацэк у вольным стылі, без паперкі. Але па дакладнай і лагічнай вызначанай схеме, падпарадкаванай высвятленню асноўнай ідэі Йоханеса Рау — прымірэнне, а не раздзяленне — у кантэксце праблем усталявання і развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва. Яго мэтаў і магчымасцей, задач і вынікаў, форм і зместу. З апорай на ўласны вопыт на двух храналагічных узроўнях: спробах наладзіць рэгіянальнае супрацоўніцтва зямлі Брандэнбург з памежнымі рэгіёнамі Польшчы ў часы сацыялізму і пасля. Няўдалых на першым этапе і разнастайных, багатых на новыя формы і змест — на другім.
Гэтыя паралелі стварылі выдатны фон для асэнсавання сучаснага стану і магчымых перспектыў супрацоўніцтва зямлі Брандэнбург з Беларуссю. Добрасуседскія стасункі, правы чалавека і дэмакратыя, падкрэсліў Плацэк, з’яўляюцца канструктыўнымі элементамі для будучага Еўропы. Ён назваў шэраг ініцыятыў паміж Беларуссю і Брандэнбургам, якія ўжо ёсць у наяўнасці і якія патрабуюць развіцця. У прыватнасці, пабрацімскія адносіны паміж гарадамі, кантакты ў эканоміцы, энергетыцы і знешнім гандлі, парламенцкія кантакты, партнёрскія сувязі паміж школамі. Асобна адзначыў ён кантакты паміж грамадскімі ініцыятывамі Брандэнбурга і Беларусі, якія ўзніклі пасля аварыі на ядзерным рэактары ў Чарнобылі, паездкі беларускіх дзяцей да іх на аздараўленне.

Прамова амбасадара Гебхардта Вайса (са скарачэннямі)
…Часам бывае так, што візіты — як вехі, якія прымушаюць нас задумацца пра пройдзены шлях і пра новыя далягляды. Калі ў кастрычніку 2007 года Вы, спадар прэм’ер-міністр (Маціяс Плацэк – рэд.), звярталіся да нас, перад намі стаяла палітычнае пытанне, ці здолеем мы распачаць новую старонку ў адносінах паміж Германіяй і Беларуссю, паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.
Сёння Вы ўжо выступаеце перад намі на фоне прынцыпова новай фазы развіццz, якая хутка прывядзе Беларусь ва «Усходняе партнёрства» Еўрасаюза. У адрозненні ад папярэдніх канцэпцый, у гэтым выпадку гаворка ідзе пра штосьці большае, чым толькі супрацоўніцтва Еўрасаюза з усімі сваімі краінамі-суседкамі. Зараз гаворка вядзецца ўжо пра новую якасць узаемадзеяння паміж Еўрасаюзам і яго еўрапейскімі суседзямі, уключна з Беларуссю, на двухбаковых і рэгіянальных асновах. Германія, якая на нашым кантыненце мае суседзяў больш, чым іншыя краіны, усведамляе адмысловае значэнне рэгіянальнага супрацоўніцтва, неабходнага для дабрабыту, якасці жыцця і бяспекі грамадзян.
Калі мы кажам пра наш досвед, мы таксама можам прапанаваць Мінску перспектыўныя ідэі і ініцыятывы. Таму, спадар прэм’ер-міністр, Вы тут з тэмай, якая цалкам адпавядае новай фазе развіцця ў Еўропе.
Разам з тым Вы тут у час, калі надзеі ў дачыненне да Беларусі, хаця і ўзрастаюць, але застаюцца пакуль не дастаткова стабільнымі і ўсё яшчэ змагаюцца са скептыцызмам, што грунтуецца на мінулым. Мы адчуваем гэта ў палітычных дыскусіях у Германіі, у Еўрасаюзе, але ў першую чаргу тут, у Беларусі. Таму цяпер надышоў час, калі толькі шляхам паслядоўных, станоўчых і канструктыўных захадаў усіх удзельнікаў гэты скептыцызм можна пазбавіць яго ўрадлівай глебы, і такім чынам надзеі могуць стаць упэўненасцю і — крок за крокам — рэальнасцю.
Гэты працэс перш за ўсё ў руках Беларусі і яе адказных эліт. Але істотна і тое, што ў дадзенай сітуацыі Германія і Еўрасаюз больш гатовыя да супрацоўніцтву, чым калі-небудзь раней. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра пытанні еўрапейскай геаграфіі і яе палітычных і эканамічных наступстваў. Гаворка вядзецца таксама, у больш шырокім плане, пра палітычна мадэрнізаваную Еўропу, якая паўсюдна адпавядае годнасці ўсіх сваіх грамадзян.
Ёсць сігналы, што шлях туды і хуткасць руху Беларусь вызначыць самастойна ў рамках дэмакратызацыі і лібералізацыі. Для гэтага складанага працэсу ёсць новыя магчымасці, і яны запатрабуюць ад усіх нас не толькі новых адказаў, аднак і трывання. У першую чаргу запатрабуюць ад адказных эліт гэтай краіны — і ад уладных структур, і ад апазіцыйных. Але таксама і ў межах Еўрасаюза.
І тут мы маем гістарычныя арыенціры. Памятныя даты гэтага года скіроўваюць наш погляд таксама ў будучыню. Да іх належаць 65-годдзе вызвалення Мінска, а таксама падзенне Берлінскай сцяны 20 гадоў таму, — падзеі, якія ўяўляюць пэўныя фундаментальныя і спрадвечна еўрапейскія тэмы. У першую чаргу незалежнасць, права, дэмакратыю і свабоду. Еўрапейская гісторыя заўсёды сведчыла: не трэба баяцца гэтых тэм, а толькі іх ворагаў. Гэта фундаментальныя тэмы, на аснове якіх у мінулым спадзяванні еўрапейскіх народаў заўсёды рабіліся рэальнасцю. На гэтым падмурку — а не дзякуючы найперш геаграфіі і эканоміцы — Беларусь вызначыць сваё годнае месца ў мадэрнізаванай Еўропе. На гэтай аснове «Усходняе партнёрства» можа прывесці да новай якасці Еўрапейскага Партнёрства. Гэтага я ад усяго сэрца жадаю вашай краіне.
Маціяс Плацэк: Я абавязкова зноў прыеду ў Беларусь
Генадзь Кеснер
6 красавіка ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йоханеса Рау падчас сустрэчы з беларускімі і замежнымі журналістамі прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург (Германія) Маціяс Плацэк падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання Беларусі і даў ацэнку працэсам, якія адбываюцца ва ўзаемадачыненнях паміж яб’яднанай Еўропай і афіцыйным Мінскам.
Па словах спадара Плацэка, яшчэ ў нядзелю ўвечары (5 красавіка), у дзень прылёту ў Беларусь, адбылася цікавая дыскусія ўдзельнікаў нямецкай дэлегацыі з кураторыем Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра наконт перспектыў яго далейшай дзейнасці. «Для мяне гэта вельмі важна, паколькі я пасля спадара Шнора буду ажыццяўляць патранат над гэтым цэнтрам, — адзначыў германскі палітык. — У панядзелак бізнесмены, што прыехалі разам з намі, правялі сумесны сняданак са спадаром Аўгусцінскім, які прадстаўляе інтарэсы нямецкай эканомікі ў Беларусі. Мы абмяркоўвалі магчымасці нашага ўдзелу ў беларускіх прадпрыемствах, магчымасці нашых інвестыцый у эканоміку Беларусі».
Пасля гэтага нямецкая дэлегацыя наведала сталічную школу № 41, якая мае цесныя партнёрскія стасункі з адной з гімназій зямлі Брандэнбург. «Мы сустрэліся з вучнямі, якія выдатна размаўляюць па-нямецку, нават без акцэнту, якія, да таго ж, выбітна граюць на мностве музычных інструментаў — нам прадэманстравалі нават цэлы аркестр, што вельмі ўразіла ўсю дэлегацыю. Апроч таго, мы з задавальненнем для сябе адзначылі, што настаўнік тут з’яўляецца паважанай і аўтарытэтнай асобай», — сказаў Маціяс Плацэк.
У афіцыйнай частцы візіту былі сустрэчы з прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў і міністрам энергетыкі Беларусі. Па словах Маціяса Плацэка, нямецкаму боку ёсць што прапанаваць Беларусі ў пытаннях энергазабеспячэння, а менавіта, у галіне альтэрнатыўных крыніц энергіі. Да прыкладу, у зямлі Брандэнбург, якая паводле геаграфічнага становішча і метэаралагічных умоў вельмі падобная на Беларусь, штогод за кошт энергіі ветру вырабляецца 3800 мегават электраэнергіі, у той час як у Беларусі — усяго 1,1 мегавата. Сёння зямля Брандэнбург на 30 працэнтаў забяспечваецца энергіяй ветру, а ў 2020 годзе гэтая лічба мусіць дасягнуць адзнакі ў 90 працэнтаў. Таму пытанні сумеснай дзейнасці ў гэтай галіне абмяркоўваліся падчас усіх сустрэч, сказаў Маціяс Плацэк.
Адказваючы на пытанне нямецкага журналіста наконт таго, што не вельмі падабаецца прэм’ер-міністру зямлі Брандэнбург у Беларусі, Маціяс Плацэк адказаў: «Я па-іншаму ўяўляю сабе шматпартыйную дэмакратыю, чым тая, што ёсць у Беларусі. Што датычыцца сродкаў масавай інфармацыі, то можна адзначыць пэўны прагрэс у параўнанні з той сітуацыяй, якая мела месца два гады таму, але гэта не тая сітуацыя, не той узровень дэмакратыі, які я мог бы сабе пажадаць. Абодва гэтыя фактары дастаткова моцна ўплываюць і на правядзенне выбараў. Калі партыі не могуць разгарнуцца, і калі медыйная супольнасць мае абмежаваную прастору для сваёй дзейнасці, то і выбары, натуральна, не могуць адбывацца свабодна. Пра гэта пасля мінулай парламенцкай выбарчай кампаніі адкрыта заявіла АБСЕ. Але і ў гэтай галіне ідзе пэўнае набліжэнне да еўрапейскіх каштоўнасцяў, і гэта варта адзначыць».

Маціяс Плацек (у цэнтры) з кіраўніцтвам Міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Й. Рау. Фота Юрыя Дзядзінкіна


Нямецкі палітык заявіў, што збіраецца наведаць Беларусь зноў, і выказаў спадзяванне, што да яго наступнага прыезду сюды сітуацыя, у тым ліку і са свабодай палітычных партый і масмедыя, палепшыцца, і на гэта павінен паўплываць удзел Беларусі ў праграме Еўрасаюза «Усходняе партнёрства».
«Яшчэ два гады таму мы не маглі сабе ўявіць, што з’явіцца праграма «Усходняе партнёрства», і з таго часу мы прасунуліся наперад. Я яшчэ два гады таму казаў, што Беларусь з’яўляецца часткаю Еўропы, і мы павінны крок за крокам ісці да таго, каб гэта стала сапраўднай рэчаіснасцю. Я заўжды прытрымліваўся меркавання, што ізаляцыя рэдка прыводзіць да прагрэсу. Канешне, бываюць сітуацыі, калі не застаецца нічога іншага, але варыянт ізаляцыі скрайне рэдка бывае прадуктыўным. Я лічу, што ўзаемаадносіны павінны быць такія, калі варта прымаць да ўвагі пункт гледжання партнёра, разумець, што ў яго могуць быць іншыя погляды, але пры гэтым нельга здраджваць уласным перакананням», — падкрэсліў прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург Маціяс Плацэк.