Нечалавечыя ўмовы для кароў: на прадпрыемстве «Дудзічы-Агра» жывёл трымаюць на марозе
Нягледзячы на люты холад, на адным з прадпрыемстваў Калінкавіцкага раёна кароў пакідаюць мерзнуць на вуліцы.
У рэдакцыю гомельскага "Зялёнага партала" звярнулася мясцовая жыхарка, абураная ўмовамі ўтрымання жывёл. Як аказалася, праблеме ўжо далёка не першы год. У мясцовага сельгаспрадпрыемства «Дудзічы-Агра» для ўтрымання племянной жывёлы існуюць толькі навесы на адкрытым паветры. У той час як маленькія цяляты ўтрымліваюцца ў хляве, маладняк і дарослыя каровы вымушаныя і ў холад, і ў спёку заставацца на адкрытай пляцоўцы.
Пры гэтым за загародкай знаходзіцца 3 незанятыя адрыны, у якія жывёлам патрапіць немагчыма. Уся абарона ад непагадзі, якую яны маюць, — невялікі навес. Улетку ён ледзь ратуе ад пякучага сонца, а зімой і ў непагадзь толькі трохі дапамагае каровам.
На гэтым пакуты жывёл не заканчаюцца, паведамляе мясцовая жыхарка:
— Корм ім раскідваюць з вонкавага боку загародкі. Яны спрабуюць як могуць дастаць, але гэта не ўсім і не заўсёды ўдаецца. Зараз з-за непагадзі частка кармоў наогул пакрытая снегам. Вады ў іх там няма, яна ўся змёрзлая, і каровы вымушаныя лізаць снег. Узімку жывёлы стаяць па самае пуза ў снезе, а ўвосень — у гнаявой жыжцы, з якой потым жа і п'юць ваду. Калі праходзіш міма і бачыш гэтую карціну — сэрца баліць за няшчасных каровак.
Работнікі сельгаспрадпрыемства баяцца паскардзіцца на нядбайнага старшыню праз страх страціць працу. Абураныя тым, што адбываецца, мясцовыя жыхары звярталіся ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі Калінкавіцкага райвыканкама і Гомельскага аблвыканкама, але зменаў да гэтага часу не адбылося.
Прычыну падобнай сітуацыі, акрамя безгаспадарнасці, варта шукаць і ў спробах кіраўніцтва «Дудзічы-Агра» эканоміць. На думку жыхароў, змяшчэнне ўсяго быдла ў хлявах будзе патрабаваць дадатковых сродкаў для догляду за жывёламі, якіх у сельгаспрадпрыемстваў ва ўмовах крызісу няма.
Але ўсё ж зрабіць некаторыя змены цалкам пад сілу:
— Няўжо нельга абсталяваць хаця б адзін хлеў так, каб каровы маглі самі заходзіць і хавацца ад непагадзі? Увосень былі прымаразкі, так каровы стаялі і нават не елі! Улетку яны яшчэ хоць бы мукаюць час ад часу, а ўзімку яны настолькі замярзаюць, што іх нават не чутно. Яны стаяць, апусціўшы галовы, або ляжаць на снезе. І гэта — тая скаціна, з якой хочуць вырасціць маладняк! Каровы вымушаныя чакаць ацёлу на такім марозе.
Пры гэтым прыгадваюць, як Аляксандр Лукашэнка ў свой час адзначаў, якім чынам варта ставіцца да каровак-«карміцелек»: "Мы фермы пераўтвараем у комплексы. І ў вас ёсць права выбіраць: малы, сярэдні ці вялікі. Больш ніякага права ў вас няма. Выбірайце любы і будуйце. Па тэхналогіях. Адзін ці два кароўніка для ўтрымання кароў, даільны цэх, адзін ці два блокі, цялятнік, сухастой, радзільнае аддзяленне — усё па тэхналогіях. Вось чаго я ад вас хачу. Карова — гэта «святая» жывёла. Калі казаць пра эмоцыі, то мы павінны пабудаваць гэтай жывёле «помнік». Вось такі — комплекс. А калі сур'ёзна, карова не можа ўтрымлівацца ў дрэнных умовах, таму што яна прыносіць асноўнае харчаванне для народа — мяса і малако".
Пра ахайнае стаўленне да жывёл успамінае і абураная жыхарка:
— Мая маці працавала ў калгасе 40 гадоў. Калі кармоў не хапала, так яна з хаты прыносіла ежу карове, якая павінна была нарадзіць цяля. А калі былі моцныя маразы, так бацька накідваў сена столькі, што адны рогі тырчалі! Але ў наш час аб такім клопаце пра жывёл з боку людзей застаецца толькі марыць.
Падобным адносінам варта вучыць з самага маленькага ўзросту. Мае ўнукі ходзяць у школу, там ім сказалі павесіць кармушкі, але разумення таго, што птушак потым яшчэ трэба карміць і клапаціцца пра братоў нашых меншых — гэтаму іх там не вучаць. Нас жа зусім па-іншаму выхоўвалі.
На жаль, узровень жорсткасці ў адносінах да жывёл у Беларусі ў апошні час сур'ёзна вырас. Зусім нядаўна ў Рэчыцкім раёне павесілі цяжарнага сабаку, кожны тыдзень валанцёры руху ў абарону бяздомных жывёл фіксуюць па рэспубліцы шматлікія факты здзекаў з братоў нашымі меншых. Пры гэтым змяніць сітуацыю ў нашых сілах і інтарэсах, лічыць абураных жыхарка:
— А потым мы дзівімся, калі чытаем пра выпадкі забойстваў дзецьмі сваіх бацькоў і маці. Так вы іх вучыце з самага дзяцінства! Бо з гэтага і пачынаецца клопат аб жывёлах і людзях. А то выкідаюць сабак і катоў на вуліцу, абыякава назіраюць за пакутамі бедных кароў, а потым спадзяюцца, што дзеці іх саміх не выкінуць на вуліцу мерзнуць калі прыйдзе час.
Калі сітуацыя на прадпрыемстве «Дудзічы-Агра» не зменіцца, то я расчаруюся ва ўсім і буду з жахам назіраць за тым, як у такім грамадстве ўзаемнай абыякавасці будуць жыць мае ўнукі. Мне ўжо 58 гадоў, і прыняць сітуацыю, у якой такое стаўленне да жывёл стала нормай, мне вельмі цяжка.
Паводле: homel.greenbelarus.info