Новае сацыяльнае графіці на «сцяне Шчоткінай» замазалі
Новае сацыяльнае графіці на «сцяне Шчоткінай», якое з'явілася 1 мая, камуналькікі тэрмінова зафарбавалі.

1 мая на бетонным муры ў дворыку на вуліцы Карла Маркса ў Мінску з’явіўся надпіс “Не верым, не баімся, не маўчым. #5 сутак”. Імаверна, што невядомы аўтар графіці хацеў выказаць падтрымку арт-менеджэру Алегу Ларычаву, каардынатару стрыт-праекта Signal, асуджанаму на 5 сутак арышту. Яго прызналі вінаватым у тым, што лаяўся матам і размахваў рукамі і грамадскім месцы.

Раней Ларычаву прысудзілі буйны штраф за дамалёўванне калючага дроту на графіці “Мінск — Масква”, хоць ні сам мастак, ні ўдзельнікі праекту Signal не бралі на сябе адказнасць за гэты ўчынак.
Менавіта з дзейнасцю стрыт-праекта Signal звязваюць з’яўленне вострасацыяльных графіці і аплікацыяў у людных месцах беларускіх гарадоў. Так, на “сцяне Шчоткінай” з’яўлялася аплікацыя з выявай экс-міністра працы Марыяны Шчоткінай. Аплікацыя суправаджалася подпісам: “Гэта я — аўтар падатку для беспрацоўных”.
Таксама на гэтай сцяне з’яўлялася выява старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча. Ля будынку Белтэлерадыёкампаніі прыклейвалі выяву тэлепузіка з тварам кіраўніка БТ Генадзя Давыдзькі.
Напярэдадні скандальнае графіці “Мінск — Масква” было “аздобленае” цытатай вялікага князя літоўскага Альгерда: “Я тваю Маскву хістаў і Крэмль трэс”. Менавіта гэты гістарычны дзеяч у 1368 годзе здзейсніў асаду Масквы, што істотна аслабіла ўплыў Маскоўскага княства.

Сёння і гэтае графіці зафарбавалі.
euroradio.fm
Фота: Радыё Свабода