Новыя подпісы за дом Гарэцкага

У Міністэрства культуры, у абласное ўпраўленне культуры, а таксама ў Горацкі выканкам на мінулым тыдні былі перададзены чарговыя 278 подпісаў ад мясцовых жыхароў у абарону дома (на фота), дзе ў мінулым стагоддзі жыў беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі.
 
Нагадаем, што да гэтага каля сотні подпісаў даслалі жыхары Мінска, Віцебска і Горак. Людзі просяць адсяліць сённяшніх жыхароў дома Гарэцкага ў новыя кватэры, а гістарычны будынак захаваць для нашчадкаў.



У Міністэрства культуры, у абласное ўпраўленне культуры, а таксама ў Горацкі выканкам на мінулым тыдні былі перададзены чарговыя 278 подпісаў ад мясцовых жыхароў у абарону дома (на фота), дзе ў мінулым стагоддзі жыў беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі.
 
Нагадаем, што да гэтага каля сотні подпісаў даслалі жыхары Мінска, Віцебска і Горак.

Людзі просяць адсяліць сённяшніх жыхароў дома Гарэцкага ў новыя кватэры, а гістарычны будынак захаваць для нашчадкаў.

Тым часам у Мінкульце на разглядзе знаходзіцца пакет дакументаў на ўключэнне дома Гарэцкага ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Калі Мінкульт прыме станоўчае рашэнне, дом застанецца на сваім месцы, а з часам ператварыцца ў рэгіянальны культурны цэнтр.


Калі вы таксама за тое, каб наша гістарычная спадчына была захаваная, можаце даслаць электронны зварот наступнага зместу:

Просім прыняць меры па захаванні будынка па адрасе Магілёўская вобласць, горад Горкі, вуліца Агранамічная, д.3, у якім на другім паверсе ў кватэры нумар 5 з 1926 па 1928 год пражываў класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі. Як нам стала вядома, гэты будынак рыхтуецца пад знос у сувязі з добраўпарадкаваннем прыбярэжнай тэрыторыі Ніжняга возера ў горадзе Горкі.

Жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага цесна звязаны з горадам Горкі. Тут ён вучыўся ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, пазней працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі.

З Горкамі звязаны два літаратурныя перыяды ў жыцці класіка. Ад 1912 да 1913 года — Горацкі першы, а таксама ад 1926 да 1928 года — Горацкі другі. Менавіта ў гэты час Максім Гарэцкі жыў і працаваў у доме №3 па вуліцы Агранамічнай, які зараз падлягае зносу.

Максім Гарэцкі — зорка і легенда айчыннай літаратуры. Некаторыя яго творы параўноўваюць з творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля. Кватэра Максіма Гарэцкага ў Горках — адзіная кватэра гэтага пісьменніка, якая захавалася ў Беларусі.

У сувязі з гэтым звяртаем вашу ўвагу, што знос гэтага дома будзе вялікай стратай не толькі для мясцовай, але і для агульнанацыянальнай гісторыі, культуры і спадчыны. У выпадку, калі будынак захаваць немагчыма, просім усталяваць на гэтым месцы помнік Максіму Гарэцкаму, які б адпавядаў значэнню гэтай асобы ў гісторыі Горацкага краю і Рэспублікі Беларусь.


У Горацкі раённы выканаўчы камітэт: gorki.gov.by/?do=feedback&type=2.

У Міністэрства культуры: e-mail:ministerstvo@kultura.by.
 
Паводле новага закону аб зваротах грамадзянаў электронны ліст прыраўноўваецца да звычайнага. Вам павінны адказаць на працягу 30 дзён.

Паводле horki.info