Новы год «на сутках»? Гэта «вялікі поспех». Як у ІЧУ сустракалі 2021-шы
Паводле звестак, якія змаглі сабраць праваабаронцы, больш за сто беларусаў, асуджаных па адным з самых папулярных артыкулаў 2020-га — 23.34 КаАП, сустракалі Новы год «на сутках». Пра тое, як гэта было, яны распавялі TUT.BY.

ЦІП на Акрэсціна, Мужчынская камера: у 22.00 адправіліся па
нарах
13 снежня перад выхадам на дваровую акцыю Павел Зелянко прыкінуў: нават калі ў гэтую нядзелю яго затрымаюць і дадуць па максімуме, 28 снежня ён вызваліцца і правядзе навагоднія святы з блізкімі. Але ўсё здарылася інакш. АКрамя пратакола паводле 23.34 КаАП, на яго склалі яшчэ адзін — паводле арт 23.4 КаАП. Па рашэнні суда мінчанін адправіўся за краты на 20 сутак. Адразу сядзеў у ІЧУ, потым у ЦІП.

— 31 снежня мяне перавялі ў камеру на шэсць чалавек. Пяцёра
мужчын, якія там знаходзіліся, хварэлі. Сімптомы ва ўсіх, як пры каранавірусе, — распавядае суразмоўца. — З трыма з іх я быў у ІЧУ, таму, убачыўшы знаёмыя
твары, вельмі ўзрадаваўся. Хлопцы абмяркоўвалі, як будуць сустракаць Новы год,
я ж быў настроены скептычна. Казаў, навошта нешта планаваць, — у 22.00 адбой, і
мы ўсе пойдзем спаць.
За песімізм, працягвае Павел, ад сукамернікаў яму не
прылятала, і тут жа папраўляе: ён не песіміст, а рэаліст.
— 31-га да нас зайшоў прадстаўнік адміністрацыі ЦІП.
Павіншаваў з Новым годам і выказаў надзею, што раз праводзіць святы за кратамі
не вельмі прыемна, то ў наступным годзе мы не ўбачымся. Усе яго пажаданні і
наступная цёплая гаворка, хутчэй, выглядалі як папярэджанне, чым віншаванне, — усміхаецца Павел. — А яшчэ ў гэты дзень, бліжэй да дзевяці вечара, нам аддалі
перадачы. Мы арганізавалі святочны стол, паелі і ў 22.00, як я і меркаваў,
адправіліся па нарах.
Праўда, заснуць адразу не атрымалася. Мужчыны перастукваліся
з суседняй жаночай камерай. Азбукай Морзэ, жартуе суразмоўца, ніхто з іх не
валодаў, таму адбівалі знаёмыя адзін аднаму песні.
— Дзесьці апоўначы калідорны крыкнуў «З Новым
годам!», і я заснуў, — коратка апісвае святочную ноч суразмоўца.
ІЧУ ў Жодзіна, жаночая камера: ўпрыгожылі хату, з пустой
бутэлькі і газет змайстравалі елку
— Кажуць, унутры аўтазака нараджаюцца сапраўдныя беларусы, трапіць на суткі ў апошнія дні года — вялікі поспех. Нібы заскочыць у апошні вагон адыходзячага цягніка, — дзеліцца меркаваннем мінчанка Маргарыта.

Дзяўчыну затрымалі 19 снежня. Ужо ў міліцыі, успамінае, супрацоўнікі папярэджвалі: «Новы год правядзеш на сутках». «Ну на сутках, дык на сутках», — адказала яна. У выніку чатыры дні яна сядзела ў ІЧУ на Акрэсціна і 11 — у Жодзіне.
— У камеры знаходзілася дзесяць чалавек. Жанчыны розных
узростаў, і ў кожнай свая гісторыя, — апісвае абстаноўку ў Жодзінскім ІЧУ
суразмоўніца. — 31 снежня мы атрымалі перадачы. Усё гэта здавалася вялікім
сюрпрызам, нібы цяпло з хаты. У торбах у некаторых, каму на мінулым тыдні
блізкія не паспелі нічога прывезці, ляжалі шчоткі, шампуні, адзенне,
хатнія тэпцікі. Дзяўчаты нарэшце змаглі пераабуцца, каб не хадзіць па камеры ў
зімовага абутку.
А яшчэ там ляжалі прадукты і галоўнае — мандарыны.
— З перадачамі прыйшло і адчуванне свята, мы сталі
жартаваць, што ўся гэтая сітуацыя пазбавіла нас ад пераднавагодняй мітусні. Не
трэба перажываць, дзе сустракаць Новы год, у якім уборы, з якой прычоскай. Усё
ўжо наканаванае, — жартуе Маргарыта. — Мы толькі стараліся зрабіць лепшае з
таго, што мелі.
Сваю хату дзяўчыны вырашылі ўпрыгожыць. З белых сурвэтак
рукамі выразалі сняжынкі і з дапамогай мыльнай вады прыляпілі іх на
сцены. З пустой бутэлькі і газет змайстравалі елку. Прычым «іголкі» чаплялі на скотч, які трымаў лісцікі з іх прозвішчамі.
— Магчымасці зрабіць макіяж ў нас не было, таму, каб
прывесці твар у парадак, я арганізавала майстар-клас па лімфадрынажнаму масажу,
— працягвае суразмоўца. — Без прычосак таксама не засталіся. Заплялі адзін
аднаму каласкі, кошык, косы.
— А што з нарадамі?
— Камусьці ў перадачы паклалі навагоднія шкарпэткі і трусы.
Гэта можна лічыць святочнай вопраткай, — жартуе Маргарыта. — Увогуле, усе мы
былі проста прыгажуні.

Галоўная страва навагодніх сутак-2020, працягвае суразмоўца, — мандарыны. Скарынкі ад іх жанчыны спецыяльна не выкідалі. Раскладвалі іх па
камеры, каб вакол пахла святам.
— Гадзін у восем вечара мы селі за стол. Праспявалі «Тры чарапахі», «Муры», «Воіны святла». Загадалі жаданні…
— Якія?
— Бачылі мем пра тое, колькі навагодніх жаданняў у жыхароў у
розных краінах? А ў большасці беларусаў яно адно, толькі шляхі развіцця розныя, — летуценна адказвае дзяўчына. — Дзесьці а 21.00 Мы пачулі, як у іншых камерах
таксама начытаюць святкаваць. Гучалі віншаванні, увесь паверх крычаў: «З
Новым годам!». Гэта натхняла і пацвярджала: дзе б ні быў беларус, ён застаецца
сумленны перад сабой і верны сабе.
У 22.00, як таго патрабуе расклад, сукамерніцы ляглі спаць.
Хвілін за пяць да гэтага, успамінае дзяўчына, па «хатах прайшоўся дзядзечка
суровага выгляду і папярэдзіў: «у тэрміновым парадку ўсім пара ў ложак».
— Адной з жанчын у нашай камэры стала блага, яе мучыла
пякотка. Мы пастукалі пастоваму, прасілі лекі. І ўдакладнілі: колькі
часу? Ахоўнік адказаў: 23.55. Калі дзяўчыны гэта пачулі, яны сталі шэптам
адлічваць секунды да Новага года. Праз хвіліны дзве ў горадзе пачалі выбухаць
феерверкі, — і мы зразумелі: наступіў новы 2021 год.
ІЧУ Жодзіна, мужчынская камера: у 23.34 сталі крычаць: «Выпускай» і «Жыве Беларусь!»
— Планаў на Новы год у мяне не было, таму, калі 19 снежня мяне затрымалі пасля фота з бел-чырвона- белым сцягам, я не моцна знерваваўся, — распавядае студэнт з Мінска Антон. — Мне далі 15 сутак.

31 снежня малады чалавек правёў у ІЧУ ў Жодзіне. У камеры на
дзесяць чалавек.
— У Жодзіна нас этапавалі 23 снежня, калі зайшлі ў хату і
сталі раскладваць матрацы, у адным з іх знайшлі кніжку. Сцямілі: раз так,
напэўна, дзесьці ад папярэдніх жыхароў яшчэ нешта засталося. Сталі шукаць схованкі, знайшлі пару кніг і палку сыравяленай каўбасы, — вяртаецца да тых
падзей суразмоўца. — Каўбасу, вырашылі, лепш пакінуць на Новы год. Так мы
ўпершыню загаварылі аб свяце.
У Жодзіне дзень перадач быў у сераду, 30 снежня.
Супрацоўнікі, якія знаходзіліся тады на змене, успамінае Антон, сказалі, што
мужчыны нічога не атрымаюць, не заслужылі. 31-га прыйшла новая змена і без
праблем усё ўсім аддала.
— У кожнага ў камеры аказалася па пакету. А там — нарэзка,
каўбаса, мандарыны, — пералічвае студэнт. — Тое, што трэба было астудзіць, мы
паклалі бліжэй да акна, астатняе — на паліцы і сталі чакаць вечара.
Да вечара вызваляўся адзін з мужчын. Кожны з сукамернікаў
даў яму па нумары блізкага. Дамовіліся, што ў той жа вечар ён набярэ ўсіх
родных. Паведаміць: іх арыштанты жывыя, здаровыя, і пажадае шчаслівага Новага
года.
За стол селі бліжэй да 22.00. У цэнтры стала стаяла ёлка,
якую самі намалявалі, замест куфляў былі пластыкавыя шкляначкі, замест
шампанскага — вада з-пад крана.
— Мы сядзелі каля гадзіны. У той дзень ахоўнікі пасля адбою
нас не ганялі, толькі папярэдзілі: не шуміце, — успамінае Антон. — Мы
распавядалі розныя гісторыі і казалі тосты. Якія? Каб будучы год быў лепш
мінулага, за перамены і новую Беларусь.
Паралельна з імі, працягвае малады чалавек, святкаваць
пачалі і ў суседняй жаночай камеры. Дзяўчаты Спявалі «We wish you a merry Christmas», «Jingle bells», «Муры».
— Гадзіннікаў у нас там не было, але, па маіх падліках, у 23.34
нейкая камера высветліла дакладны час, і там сталі крычаць «Выпускай», «Жыве Беларусь!», «З Новым годам!». Гэта
падхапілі ў іншых хатах. Здавалася, дадзеныя словы разносяцца па ўсім паверсе, — усміхаецца Антон. — Ахоўнікі ж на Новы год ніяк не рэагавалі. Адзінае,
апоўначы хтосьці з іх сказаў: «З Новым годам!».

— Апоўначы я прачнуўся ад гукаў салюту. Людзі побач з турмой крычалі: «З Новым годам!» Мабыць, прыйшлі нас падбадзёрыць, — успамінае Уладзімір Плахотнікаў, у Жодзіна ён адбываў 13 сутак. — Самае цікавае, што 31-га я дрэнна сябе адчуваў. У мяне паднялася тэмпература, і балела спіна. Увечары я марыў, хоць бы заснуць, але калі апоўначы прачнуўся, са здароўем, здавалася, усё выдатна. Я так узрадаваўся. Паслухаў салют і задрамаў.
З усіх яго сукамернікаў, жартуе Уладзімір, незвычайны Новы
год не ацаніў толькі адзін мужчына, які знаходзіўся ў ІЧУ за крадзеж.
— «Сядзець з вамі, палітычнымі, немагчыма, — скардзіўся ён,
— невыносныя ўмовы», — пераказвае яго словы суразмоўца. — На зоне, казаў, хоць
бы ёсць гарбата і цыгарэты, а тут усё забаронена.
Уладзімір вызваліўся 2 студзеня. Сустракаць яго прыехалі не
толькі родныя, але і тры машыны сяброў. Сям'і ўдалося захаваць для яго крыху
Новага года: у халадзільніку мужчыну чакала аліўе, пад елкай ляжалі падарункі,
а адзін з прыяцеляў ўручыў яму 200 рублёў.
— Было прыемна адчуваць такую падтрымку, — дзеліцца
ўражаннямі суразмоўца.
У ІЧУ Уладзімір заразіўся каронавірусам, таму астатнія святы
ён правядзе дома.