Офіс Ціханоўскай плануе абмеркаваць у сейме Літвы становішча беларусаў
Офіс Святланы Ціханоўскай «будзе замагацца, каб беларусы адчувалі сябе нармальна ў любой еўрапейскай краіне», так дарадца дэмакратычнай лідаркі па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька пракаментаваў ініцыятыву шэрагу літоўскіх парламентарыяў абмежаваць выдачу беларусам часовага віда на жыхарства (ВНЖ). Пра гэта піша «Люстэрка» са спасылкай на «Позірк».
![pasport_bel_pozirk_744h496.jpg pasport_bel_pozirk_744h496.jpg](/img/v1/images/pasport_bel_pozirk_744h496.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На думку палітыка, перад прэзідэнцкімі выбарамі і выбарамі ў сейм Літвы, а таксама ў Еўрапарламент, запланаванымі на 2024 год, ідзе «змаганне за кожны голас», ёсць месца «папулізму, жаданню спадабацца выбаршчыку, арыентацыі на грамадскія трэкі, трэнды».
У той жа час, паводле слоў Лябедзькі, у Офісе Ціханоўскай не збіраюцца «сядзець і чакаць, калі будуць прыняты нейкія канчатковыя рашэнні».
Паводле яго слоў, 14 снежня ў сейме Літвы з ініцыятывы Офіса пройдуць слуханні і дыскусія ў фармаце пашыраннага пасяджэння Камітэта па міжнародных пытаннях і групы дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь». Гэта штогадовае мерапрыемства, адзначыў палітык, але сёлета яго тэму будзе вызначаць «сітуацыя з выбарамі і адпаведнымі заканадаўчымі ініцыятывамі», таму Офіс Ціханоўскай хоча «засяродзіцца на абмеркаванні становішча беларусаў у прававым полі Літвы».
Лябедзька падкрэсліў, што на слуханні могуць быць запрошаны кіраўнікі і члены іншых камітэтаў сейма, у тым ліку Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне, які ачольвае Лаўрынас Кашчунас — адзін з ініцыятараў паправак з абмежаваннямі для беларусаў. З высокай верагоднасцю ў сустрэчы возьмуць удзел Ціханоўская, прадстаўнікі яе Офіса, лідары ці члены беларускіх палітычных партый, паведаміў суразмоўца.
Паводле слоў Лябедзькі, прыхільнікамі больш строгіх падыходаў да беларусаў з’яўляюцца сілавыя структуры і меншая частка дэпутатаў сейма. Супраць гэтага выступаюць прэм’ер-міністр, спікер і значная частка дэпутатаў парламента.
Глядзіце таксама
![Беларуса дэпартавалі з Літвы пасля 17 гадоў пражывання «Часта ездзіў у Беларусь». Беларуса, які 17 гадоў пражыў у Літве, пазбавілі ВНЖ і дэпартавалі](/img/v1/images/litva_scjah_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
4 снежня ў сейме Літвы былі зарэгістраваны папраўкі, якія прадугледжваюць абмежаванне выдачы беларусам часовага ВНЖ. Адпаведныя змены ў закон аб абмежавальных мерах прапанавалі ўнесці Кашчунас і яго калега Аўдронюс Ажубаліс, а таксама намеснік старшыні парламента Паўлюс Саўдаргас.
Папраўкі прадугледжваюць, што «знешнія пастаўшчыкі паслуг за мяжой» спыняць прыём заяў на атрыманне дазволу на часовае пражыванне беларускіх грамадзян у Літве. Выключэнне прапануецца зрабіць для беларусаў, якія маюць намер працаваць па высокакваліфікаваных прафесіях.
Плануецца, што абмежаванні будуць распаўсюджвацца толькі на першыя дазволы на часовае пражыванне, а дзеючыя работнікі, якія ўжо атрымалі дазвол на часовае пражыванне ў Літве, змогуць мяняць яго без абмежаванняў.
Ініцыятары прапануюць не распаўсюджваць абмежаванні на
грамадзян, якія «маюць візу Літвы ці іншай дзяржавы шэнгенскай зоны», а таксама
на людзей, якія «ратуюцца ад пераследу і рэпрэсій з боку рэжымаў» і атрымалі
візу пры пасрэдніцтве Міністэрства замежных спраў.