Пачаўся гучны судовы працэс

У Вярхоўным Судзе Беларусі 10 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, якіх, апроч іншага, абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. (Фота: Радыёсвабода)



abdbeb4d8dbe30df8430a8394b7218ef.jpg

У Вярхоўным Судзе Беларусі 10 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, якіх, апроч іншага, абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту.

(Фота: Радыёсвабода)


Жадаючыя патрапіць на судовае паседжанне пачалі прыбываць да будынка Вярхоўнага Суда яшчэ за некалькі гадзін да пачатку слуханняў. Людзей было даволі шмат, таму трапіць у залу атрымалася далёка не ўсім, з-за абмежаванасці колькасці месцаў. Варта адзначыць, што “па-за працэсам апынуліся і многія журналісты, якія не дадумаліся загадзя акрэдытавацца на паседжанне суда.
На маёй памяці, а бываць на розных справах у Вярхоўным Судзе за апошнія пятнаццаць год даводзілася шматкроць, не было такога, калі б патрабавалася загадзя запісвацца, займаць чаргу, каб займацца сваімі прафесійнымі абавязкамі і асвятляць той ці іншы судовы працэс. Яшчэ добра, што на першым паседжанні ўдалося папрысутнічаць прадстаўнікам амбасад некаторых краін Еўрасаюза, а таксама Офіса АБСЕ ў Мінску.
На пачатку паседжання суд не задаволіў хадайніцтва аб дазволе фота- і відэаздымак пад час працэсу, бо адзін з фігурантаў справы Аляксандр Ларын выказаўся супраць. 
Як распавёў прадстаўнік  Беларускага Хельсінскага камітэту Зміцер Чарных, Мікалай Аўтуховіч адразу заявіў хадайніцтва дапусціць да працэсу ў якасці абаронцаў юрыста Алега Волчака і старшыню аргкамітэту па стварэнню аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане Аляксандра Камароўскага, але высокі суд палічыў, што вязням будзе дастаткова паслугаў прафесійнага адваката Паўла Сапелкі. Хаця, па словах Алега Волчака, Крымінальна-працэсуальны кодэкс не абмяжоўвае колькасць абаронцаў на падобных працэсах. “Іх можа быць хоць дваццаць пяць, - падкрэсліў былы следчы пракуратуры, а цяпер вядомы праваабаронца.
У сваю чаргу, адвакат Павел Сапелка заявіў два хадайніцтвы – перадаць справу ў суд ніжэйшай інстанцыі – Мінскі гарадскі альбо Гродзенскі абласны, каб падсудны меў магчымасць абскардзіць прысуд, калі ён будзе абвінаваўчым. Справа ў тым, што разгляд справы ў Вярхоўным Судзе пазбаўляе абвінавачанага магчымасці падаваць касацыйную скаргу. Павел Сапелка таксама папрасіў запатрабаваць з суда Ваўкавыскага раёну так званую “справу Козела, якая, на думку абаронцы, даказвае невінаватасць Уладзіміра Асіпенкі.
Пракурор выказаў пярэчанне гэтым хадайніцтвам, падтрымаўшы толькі хадайніцтва аб дадатковым вывучэнні абаронаю матэр’ялаў крымінальнай справы. Суддзя задаволіў гэтае хадайніцтва і даў на дадатковае вывучэнне згаданых матэр’ялаў амаль тыдзень. Хаця, на думку Алега Волчака, гэтага часу вельмі мала для таго, каб вывучыць тысячу аркушоў матэр’ялаў крымінальнай справы.
Наступнае паседжанне Вярхоўнага Суда па справе Аўтуховіча – Асіпенкі адбудзецца 16 сакавіка.