Падсадны Міша ды іншыя акрэсцінскія назіранні

Публікуем працяг расповяда галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча пра яго акрэсцінскія назіранні.

img_2779_logo.jpg

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
"Гадзіны праз дзве ў камеру завялі мужыка ў наколках. "Міша. Восем судзімасцяў. А ў цябе што? Першаход?", — спытаў ён і палез на верхнія нары. Тады я яшчэ не ведаў, што гэта падсадная качка.

Міша — тыповы прыклад чалавека, у якога жыццё некалі пайшло не тым шляхам, і выйсці з замкнёнага кола складана, амаль немагчыма. Я разумею, што кожнае яго слова можа быць нахабным трындзяжом, але тым не менш сцісла перакажу яго гісторыю.

 Міша нарадзіўся ў Мінску ў маці, якой быў зусім не патрэбны. Ён рос у дзіцячым доме, пасля вяртаўся ў сям’ю, пасля зноў у дзіцячы дом — і так бясконца. Міша перакананы, што ў яго быў шанец, каб яго усынавілі ў Германію, але маці не дазволіла, чым сапсавала яму жыццё. «Я ёй кажу: што ты, кабыла, нарабіла?! Цяпер сама перажывае, я ж я яе б’ю часам». Маці, па яго словах, п’е, а ён апошнім часам — ні-ні, узяўся за розум. У Мішы дзве альбо тры родныя сястры і яшчэ парачку зводных. Некаторыя з іх паспелі атрымаць сацыяльныя кватэры, а ён — не, бо айчым здаў яго ментам, і Міша ў маладосці сеў за серыю крадзяжоў на пяць гадоў. Астатнія судзімасці прыблізна такія ж — нешта спёр, а яго злавілі. Канкрэтна цяпер яго пасадзілі на трое сутак падумаць, ці не ён скраў у знаёмай у нейкім прытоне мабільнік, а ў ідэале кампенсаваць ёй 70 рублёў і атрымаць ад яе распіску, што яна недзе знайшла свой тэлефон і забірае заяву. Працуе Міша вартаўніком, зарабляе 425 рублёў.

 Калі мы абмяркоўвалі, што пасля майго папярэдняга затрымання з кінутай машыны ніхто нічога не ўзяў, Міша прам абурыўся: ну нафіг, я б не прайшоў міма, калі нешта дрэнна ляжыць.

Дык вось, якія ўскосныя прыкметы прымушаюць лічыць мяне Мішу падсадной качкай. Ніводная з іх ні пра што не сведчыць, але ў комплексе прыводзяць да канкрэтнай высновы.

1. За паўгадзіны да майго прыезду камеру на два месцы цалкам вызвалілі. Адтуль перавялі адзінага сядзельца — Аляксандра, падазраванага па эканамічным артыкуле. Здавалася б, ну сядзеў бы я з ім, і што? Не, камеру вызвалілі, каб там неўзабаве апынуўся я, "першаход", а пасля і Міша.

2. Скажам шчыра, Міша — чалавек з невысокім інтэлектуальным узроўнем. Калі ён пачуў ад мяне слова «інаўгурацыя», то спытаў, а гэта што? Тым не менш Мішу адразу надзвычай цікавіла, як працуе медыябізнэс — ён хацеў даведацца, з чаго складаюцца даходы рэдакцыі, колькі працуе ў «НН» чалавек, якія заробкі ад супрацоўнікаў, ці адрозніваюцца яны ад месяца да месяца. Калі мы з Мішам апынуліся ў наступнай камеры, дзе былі і іншыя людзі, іх ён не распытваў ні пра што.

3. Міша смяяўся: пасяджу з табой яшчэ пару дзён, выйду на свабоду і пачну размаўляць па-беларуску. Але аб'ектыўна, ўспрымаць хуткую гутарковую беларускую мову яму было складана. Таму ён некалькі разоў нагадваў мне: Ты занадта хутка гаворыш, кажы павольней, я не ўсё разумею.

 Частку з таго, што тараторыў у наступнай камеры эканаміст Аляксандр, не разумеў нават я, не кажучы пра Мішу. Але ў тых дыялогах Міша ні разу не перапытаў і не пераўдакладніў.

4. Міша не чытае сайты, амаль не карыстаецца сацсеткамі. Але яму трэба было мець легенду, адкуль ён усё ж даведваецца пра палітычныя падзеі ў краіне, адкуль ведае пра Ціханоўскую і яе ад’езд у Літву, пра дыджэяў перамен, пра мітынгі. Таму ён некалькі разоў адзначаў, што глядзіць праз мабільнік жонкі "інстаграм Радыё Свабода". То-бок там беларускую мову, прычым нават тарашкевіцу, ён успрымае без ніякіх праблем.

5. Важная тэма для Мішы — як працуе валанцёрскі лагер пад Акрэсціна. "Ім там плацяць? Не? А чаго яны тады стаяць? А калі я прыйду ў лагер і скажу: пацаны, толькі што выйшаў, няма грошай, - яны дадуць хоць 20 рублёў?" Кажу, ну можа, трохі пакормяць, адразу ж выганяць не будуць. Юрыдычную дапамогу акажуць, калі трэба "Не, фігня. Дакладна грошы не дадуць?» Тое самае і пра удзельнікаў мітынгаў. «А ім плацяць? А як? А колькі?» — «Міша, а вось колькі табе трэба заплаціць, каб ты пайшоў на мітынг, дзе могуць і расстраляць?» — «Ну я б узяў грошы і не пайшоў» — «Дык на храна асабіста табе тады плаціць, калі іншыя і бясплатна прыйдуць?»

6. Самае смешнае было, калі я вярнуўся з размовы з аперупаўнаважаным ("гэта не працэсуальнае дзеянне, таму вам адвакат не патрэбны", раскажу пра гутарку пазней), які разважаў пра Калеснікаву з Ціханоўскай і маё стаўленне да магчымасцяў эміграцыі.

 Неўзабаве Міша, якога таксама выводзілі на сустрэчу з кімсьці са следчых, пераказваў тыя ж тэзісы: "Ціханоўская вас кінула, зваліла ў Літву, а вы тут аддуваецеся, ага. Ну вось пасадзяць цябе на 15 гадоў, і што, каму ты што дакажаш? Калі б у мяне была магчымасць у тваёй сітуацыі з'ехаць, я б з'ехаў адназначна, там лепш жывецца". Гэту размову ён заводзіў са мной не раз і не два. З суседзямі ў наступнай камеры - ні разу.

7. Галоўнае. У ізалятары забаронена курыць. Цыгарэты нельга прынесці з сабой, іх не дазваляюць класці ў перадачы. Але ў Мішы, адзінага, яны заўсёды былі з сабой і ніколі не сканчваліся.

Пра асноўнае пацверджанне, якое мне паведамілі ўжо пасля вызвалення, пакуль пісаць не магу.

Але ў любым разе такіх людзей, якія па нейкіх прычынах пачынаюць працаваць на адміністрацыю — часам проста за пачак цыгарэт — іншыя асуджаныя не любяць. Калоніі-турмы жывуць па сваіх законах, не заўсёды зразумелых чалавеку са свабоды. Як мне сказалі, імя і прозвішча Мішы занатавалі, у наступнае яго трапленне ў зону спытаюць за гэту сітуацыю".

Пачатак гісторыі: