Маці і тата затрыманыя, дзеці — у прытулку. Што адбылося са шматдзетнай сям’ёй у Гомлі
Вечарам 27 верасня
міліцыя прыйшла па Германа Сняжкова. Праз два дні забралі ягоную жонку
Наталлю, а дзяцей «здалі» ў прытулак, піша Радыё Свабода.
Герман Сняжкоў (у сінім швэдры з барадой) на акцыі ў Гомлі 27 верасня. Фота Радыё Свабода
У прадпрымальнікаў Германа і Наталлі — пяцёра дзяцей. Трое дарослых — ад 20 да 25 гадоў, і двое школьнікаў. Сусед і сябра сям’і расказаў, што Германа міліцыя забрала з дому вечарам 27 верасня, пасля акцыі.
У панядзелак у міліцыю выклікалі Наталлю, складалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Шукалі і 20-гадовую дачку Сняжковых, каб і на яе скласці пратакол за марш.
«Сёння (29 верасня) ўвечары прыехалі чатыры ці пяць аўтамабіляў, чалавек дзесяць стаялі пад пад’ездам. Потым зайшлі ў кватэру да Сняжковых і рабілі там ператрус. Шукалі нейкія незаконныя друкаваныя матэрыялы. Нічога не знайшлі, забралі ноўтбукі і тэлефоны. Дзеці паводзілі сябе мужна, не плакалі. Маці іх, Наталлю, забралі і некуды звезьлі. Дзяцей — школьнікаў, дзяўчынку Аглаю і хлопчыка Мацвея, забралі пакуль у прытулак», — расказаў сусед.
Стала вядома, што, апроч пратаколаў за акцыю, на некага (пакуль не вядома, на каго менавіта) з сям’і Сняжковых распачата крымінальная справа за гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі.
«Дзеці — годныя людзі, як і іх бацькі. Муж і жонка выдатныя людзі, заўсёды дапамагалі ў цяжкіх сітуацыях, выручалі... Помнік пры жыцці можна ставіць! Яны прыстойныя, сумленныя, выхаваныя», — дадаў сусед.