Дар'я Лосік: Для майго мужа зладзілі катавальню

Жонка палітвязня Ігара Лосіка Дар’я Лосік расказала пра ўмовы ўтрымання яе мужа ў турме № 8 у Жодзіне. Дарʼя лічыць, што мужу свядома ствараюць нечалавечыя ўмовы, паведамляе Радыё Свабода.

Ігар Лосік

Ігар Лосік

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў.
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісаныя 167 тысяч чалавек.


«Увесь гэты час Ігару свядома ствараюць нечалавечыя ўмовы, пераводзячы з камеры ў камеру, пазбаўляючы яго лістоў і прэсы. Даходзіць проста да абсурду. Як толькі ў яго з'яўляецца тэлевізар, яго адмыслова пераводзяць у камеру ў падвале, каб антэна не прымала сігнал. Чалавека пазбаўляюць нават прапагандысцкага крыніцы інфармацыі, трымаючы ў інфармацыйным вакууме.
Але ў апошні час здзекі дайшлі да крайняй кропкі. Выкарыстоўваючы пагрозы і запалохвання, Ігара прымушаюць агаварыць сябе і іншых людзей. Прызнацца ў тым, што выдае запалёны мозг прапагандыстаў, следчых і аператыўных супрацоўнікаў. Пры гэтым яны самі не да канца разумеюць, у чым жа павінен прызнацца мой муж!
У нядзелю ў Ігара з'явіўся новы сукамернік. З педыкулёзам. Не прайшоўшы санітарную апрацоўку. Шэсць разоў судзімы.
Сёння ж майго мужа і яго сукамернікаў перавялі ў новую камеру. У паўпадвальным памяшканні. Памер гэтага памяшкання не дазваляе зрабіць нават пару крокаў па ім. Там можна альбо сядзець, альбо стаяць. У дзённы час прылегчы забараняецца пад пагрозай карцара. Рабіць без прэсы і лістоў там можна толькі адно — глядзець у сцяну. Дзень за днём. У адну і тую ж сцяну. Замест унітаза ў гэтай камеры — каменная дзірка ў падлозе, зліў у якой практычна не працуе. Рукамыйнік няспраўны. Перагародак няма. Дзірка гэтая прама каля акна выдачы ежы і вочка, у якое зазірае прадольны. Акно ў камеры — умоўнасць, зацягнутая лістом металу. У самой камеры жудасна холадна і мокра. Але перадаць Ігару цёплыя рэчы не дазваляецца, бо, на думку адміністрацыі, яшчэ не сезон.
Гэтыя проста жудасныя ўмовы разам з адсутнасцю прэсы, адэкватных тэрмінаў дастаўкі карэспандэнцыі, пагрозамі ў адрас самога Ігара і яго сям'і — мяне, дачкі, бацькоў — падрываюць як фізічнае, так і псіхічнае здароўе майго мужа.
Кажучы сумленна і прама — для майго мужа і бацькі нашай дачкі зладзілі катавальню, змясціўшы яго ва ўмовы, мала адрозныя ад быдлячых.
Я, Дар'я Лосік, жонка палітычнага зняволенага Ігара Лосіка, адказна заяўляю: майго мужа вам зламаць не атрымаецца. Ігар ніколі ў жыцці не прызнаецца ў тым, да чаго ён не быў датычны. Ён ніколі не пацвердзіць усе гэтыя прапагандысцкія байкі і бруд, што ліюцца на яго з тэлеэкранаў і памыечных сайтаў. Ён ніколі не агаворыць ні сябе, ні іншых сумленных людзей, патрыётаў Беларусі.
Узмацняючы ціск на Ігара, вы нічога не даб'ецеся. А вось перагнуць палку можаце.
Я заяўляю, што ўся адказнасць за жыццё і здароўе майго мужа і айца нашага дзіцяці цяпер ляжыць на дзяржаве. Канкрэтна — на кіраўніцтве Цэнтральнага апарата Следчага камітэта, якое прад'явіла Ігару недарэчныя па сваёй абсурднасці абвінавачванні. На кіраўніцтве Генеральнай пракуратуры, якая схавала галаву ў пясок і не бачыць. На кіраўніцтве Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, якое мала таго, што па нядзелях б'е вітрыны, — у працоўны час яно папушчальніцтвуе ціску на ні ў чым не вінаватых людзей, у тым ліку на Ігара. На следчых, аператыўнікаў, пракурораў, якія паціскаюць плячыма, раскідваючы дзе патрапіла фразай «вы ж усё разумееце», — гаворыць жанчына ў звароце.
Дар'я Лосік патрабуе спыніць ціск на яе мужа.
Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі вакол сёлетніх выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем.